Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЫЧАРД БАЎЧЭР: НЯМА ПАДСТАВАЎ ДАВЯРАЦЬ ЗАЯВАМ АФІЦЫЙНАГА МЕНСКУ АБ СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ ВЫБАРАЎ


Кастусь Бандарук, Прага

У пісьмовай заяве прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр паўтарыў сваё цьверджаньне, выказанае восем дзён таму, а таксама аналягічную заяву дзяржсакратара Коліна Паўэла, зь якою ён выступіў тры дні таму. У іх гаварылася пра верагоднасьць таго, што беларускі ўрад замешаны ў зьнікненьні апазыцыянэраў і спробы здушэньня незалежнай прэсы.

Нагадаю, што ўжо 25 жніўня, дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл выступіў з аналягічнай крытыкай дзеяньняў беларускіх ўладаў у адкрытам лісьце на адрас беларускага народу з нагоды 10-й гадавіны незалежнасьці Беларусі. 28 жніўня абвінавачаньні паўтарыў на брыфінгу прадстаўнік Дзярждэпаратамэнту Баўчэр. Беларускія ўлады адхілілі гэтыя абвінавачаньні як ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі.

Паводле Рычарда Баўчэра, за апошнія месяцы беларускія ўлады ўзмацнілі кампанію запалохваньня апазыцыі.

“З прычыны такіх інцыдэнтаў не магчыма паверыць цьверджаньням беларускіх ўладаў аб тым, што яны правядуць легітымныя выбары, якія будуць адпавядаць міжнародным стандартам,” – сказаў Баўчэр. Ён адзначыў, што Злучаныя Штаты рашуча падтрымалі высілкі АБСЭ, зьвязаныя з назіраньнем за выбарамі. У сераду Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яму не залежыць, ці АБСЭ прызнае выбары справядлівымі, ці не. Афіцыйны беларускі друк абвінаваціў АБСЭ ў тым, што пад яе маркай заходнія шпіёнскія арганізацыі спрабуюць адхіліць Лукашэнку ад улады.

Паводле Рычарда Баўчэра, Вашынгтон не аддае перавагі ні Аляксандру Лукашэнку, ні Ўладзімеру Ганчарыку. Дарэчы, апазыцыйны кандыдат скардзіўся, што ў часе перадвыбарчай кампаніі яму было адмоўлена ў доступе да СМІ.

“Злучаныя Штаты чарговы раз заяўляюць, што яны прызнаюць пераможцу на свабодных і справядлівых выбарах ў Беларусі,” – сказаў Баўчэр. – “На жаль дагэтуль беларускія ўлады запалохваюць і перасьледуюць апазыцыйных кандыдатаў, а таксама незалежныя СМІ. Адсюль узьнікае глыбокі сумнеў наконт таго, ці выбарчы працэс будзе адпавядаць стандартам свабоды і справядлівасьці, і ці будзе адлюстроўваць сапраўднае волевыяўленьне беларускага народу”.


XS
SM
MD
LG