Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ШАРАГОВЫЯ ГРАМАДЗЯНЕ СТАВЯЦЦА ДА ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАНЬНЯ?


Ганна Соусь, Менск

Практычна ўсе мае суразмоўцы добра ведалі, што пачалося датэрміновае галасаваньне, і многія ўжо прагаласавалі. Найбольш тыповай прычынай удзелу ў папярэднім галасаваньні называлі наступную:

(Жанчына: ) "Трэба дома ў вёсцы дапамагаць, гаспадарку падымаць, бульбу капаць".

Але многія менчукі ставяцца да датэрміновага галасаваньня насьцярожана. Прыкладам, студэнт Сяргей мяркуе, што гэтак лягчэй сфальсыфікаваць вынікі выбараў.

(Сяргей: ) "Калі трэба галасаваць, тады трэба ўсім і прыходзіць галасаваць. А папярэдняе — гэта несур'ёзна. Спэцыяльна гоняць людзей, каб яны прагаласавалі — самі ведаеце, за каго".

Пэнсіянэрка Тамара Бачыла ўпэўненая, што варта галасаваць толькі ў дзень выбараў.

(Бачыла: ) "Я ўчора пасварылася з усімі сваімі суседкамі. Ніхто нікуды ня едзе, усе будуць дома. Чаму тады трэба ісьці галасаваць? Ці людзям так добра жывецца, ці людзі хочуць так і застацца?.. Я не пайду галасаваць раней часу, і галасаваць буду, канечне, за адзінага кандыдата".

А супрацоўнік Нацыянальнага архіву Вадзім Сьвярчкоў зьвярнуў увагу на іншую акалічнасьць.

(Сьвярчкоў: ) "Калі яшчэ ідзе перадвыбарчая агітацыя, мне падаецца, гэта не стасуецца з папярэднім галасаваньнем. На маю думку, трэба галасаваць датэрмінова тады, калі закончыцца перадвыбарчая агітацыя".

Многія мае суразмоўцы распавядалі, як улады прымушаюць людзей галасаваць датэрмінова. Спадарыня Сьвятлана распавяла пра тое, як гэта робяць ў Менскім мэдычным інстытуце.

(Сьвятлана: ) "Я ўвогуле не разумею, нашто яго арганізоўваць. Студэнтаў прымушаюць галасаваць. Вось у мяне да знаёмай дачка ня можа прыехаць — той не падаўжаюць тэрміну студэнцкага білету, пакуль студэнты ў пятніцу не прагаласуюць. У пятніцу ім увогуле робяць вольны дзень".

Будаўнік Аляксей таксама распавёў, як яго ўгаворвалі прагаласаваць датэрмінова.

(Аляксей: ) "Нас адразу папярэдзілі, калі прыходзілі гэтыя... ад дэпутатаў... Казалі, што калі ня можаце 9-га, то лепей раней галасаваць. Таму раней і пойдзем".

Многія апытаныя разумеюць, навошта ўладам патрэбнае масавае датэрміновае галасаваньне. Гаворыць спадар Аляксей:

(Аляксей: ) "За датэрміновым галасаваньнем таксама трэба назіраць. У часе папярэдняга галасаваньня няма кантролю за скрынямі. Іх магчыма расьпячатаць, падмяніць, што заўгодна. Фальсыфікацыя так і льецца".

Былі й іншыя меркаваньні. Прыкладам, лекарка Марыя мяркуе, што ня так істотна, калі галасаваць, галоўнае — за каго.

(Марыя: ) "Калі былі выбары ў ЗША, мне вельмі спадабалася выказваньне адной жанчыны. Яна сказала:"Праз шэсьць гадоў павінен быць новы прэзыдэнт".

Адметна, што прыкладна кожны чацьверты з апытаных мной сёньня выпадковых мінакоў ужо ўзяў удзел у датэрміновым галасаваньні альбо зьбіраецца гэта зрабіць бліжэйшым часам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG