Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ – 2. “БІТВА ДАВЫДА З ЛУКАШЭНКАМ”


Сяргей Шупа, Прага

Двое эстонскіх парлямэнтароў ­ Аймар Альтасаар і Валянціна Высоцкая – едуць назіраць за выбарамі піша газэта Postimees. А вось швэдзкая Aftonbladet паведамляе, што беларускія ўлады адмовілі ў акрэдытацыі на выбарах шасьці швэдзкім назіральнікам-сацыял-дэмакратам.

Амэрыканская The Washington Post, швэйцарская Neue Zürcher Zeitung і нямецкая інтэрнэт-газэта Netzeitung апавядаюць пра Лукашэнкава абяцаньне пасьля выбараў «выкінуць» зь Беларусі кіраўніка місіі АБСЭ Ганса-Георга Віка. Пра гэтыя пагрозы піша яшчэ адна нямецкая газэта - Berliner Zeitung. У артыкуле «Беларуская апазыцыя занепакоеная магчымымі фальшаваньнямі» карэспандэнт гутарыць зь лідэрам беларускіх сацыял-дэмакратаў Міколам Статкевічам, які падрабязна распавядае нямецкім чытачам пра добра вядомыя мэханізмы фальшаваньня – гульні ў датэрміновае галасаваньне, маніпуляцыі з урнамі і бюлетэнямі.

Італьянская нямецкамоўная газэта Dolomiten друкуе артыкул «Апазыцыя аб’ядналася, але ня мае шанцаў». «Нягледзячы на абвінавачаньні ў забойствах, Лукашэнка надалей моцна трымаецца ў сядле», - піша газэта. Праўда, у Менску ходзяць чуткі пра магчымы «югаслаўскі сцэнар», нібыта прэзыдэнт можа быць адхілены апазыцыяй пры падтрымцы Захаду. І гэты варыянт непажаданы ня толькі для Лукашэнкі, але й для Расеі. Стаўленьне Пуціна да Лукашэнкі даволі халоднае. Аднак для Масквы Лукашэнка, які гатовы аддаць сваю краіну як пасаг пры злучэньні з Расеяй, усё роўна мілейшы, чым беларускі прэзыдэнт, які выступае за незалежнасьць», - піша газэта аўстрыйскай меншыні ў Італіі Dolomiten, што выдаецца ў правінцыі Паўдзённы Тыроль. На гэтую самую тэму зьмяшчаюць матэрыялы аўстрыйскія газэты Oberösterreichischen Nachrichten і Salzburger Nachrichten.

«Ужо два гады нічога не чуваць пра Ганчара». Артыкул пад такім загалоўкам друкуе нідэрляндзкая газэта de Volkskrant. У ім распавядаецца трагічная гісторыя бясьсьледна зьніклых апанэнтаў рэжыму. Амэрыканская New York Post паведамляе пра лёс Чарлза Пэрыела, асуджанага ў Менску на 5 гадоў турмы за трыманьне і ўжываньне марыхуаны,а Boston Globe прысьвячае свой артыкул спробам беларускіх уладаў зацерці памяць пра трагедыю Курапатаў.

«Зубры прабіваюць дзіру ў Лукашэнкавай дыктатуры». Гэтак завецца артыкул Эрыка Ульсана ў швэдзкай газэце Dagens Nyheter. Гаварыў з карэспандэнтам і вадзіў яго па вуліцах Менску адзін з «зуброў» ­ Аляксей Шыдлоўскі. «­ Мы прыхільнікі негвалтоўнага супраціву і адкрытыя для ўсіх – у нашым руху людзі самых розных поглядаў – ад нацыяналістаў да сацыял-дэмакратаў». Аб’ядноўвае нас тое, што мы стаміліся жыць у апошняй дуктатуры Эўропы, - кажа Аляксей Шыдлоўскі ў інтэрвію швэдзкай газэце Dagens Nyheter.

Пачатак датэрміновага галасаваньня пішуць сёньня латыская газэта Diena і літоўская Kauno Diena. «Жоўтая картка для Ганчарыка» - гэтак завецца матэрыял у сёньняшнім нумары нямецкай газэты die tageszeitung, якая піша пра папярэджаньне, вынесенае апазыцыйнаму кандыдату. А карэспандэнт люксэмбурскай газэты Tageblatt , працягваючы цыкл артыкулаў пра Беларусь, заехаў у адзін з калгасаў за 30 кілямэтраў ад Менску, каб пераканацца - «Няма лепшага кандыдата за Лукашэнку». У гэтым яго спрабавалі пераконваць згалелыя і зьнявераныя калгасьнікі.

«Бітва Давыда з Лукашэнкам» - так, перафразуючы біблійны вобраз назваў свой артыкул у Frankfurter Allgemeine Zeitung карэспандэнтгазэты ў Менску Маркус Вэрнэр. Матэрыялам для артыкулу паслужыла гутарка карэспандэнта з кіраўніком місіі АБСЭ ў Менску Гансам-Георгам Вікам. Так, Вік лічыць нейкія гвалтоўныя акцыі апазыцыі пасьля магчымай перамогі Лукашэнкі гэтаксама малаверагоднымі, як і нейкія брутальныя дзеяньні ўладаў супраць апазыцыі накшталт хвалі арыштаў. Паводле Віка, Лукашэнка хутчэй за ўсё паспрабуе раскалоць апазыцыю рознымі прывабнымі прапановамі.

Істотным таксама будзе тое, як апазыцыя адрэагуе на сваю магчымую паразу – ці не закапаецца яна зноў у траншэі палітычнага супрацьстаяньня. «Тыя 50 працэнтаў падтрымкі, якіх дасягнула сёньня апазыцыя, можна параўнаць з кавалкам золата. Яго можна змарнаваць, а можна, удала ў нешта ўклаўшы, атрымаць шчодры прыбытак», - кажа Вік. Ягоны мандат у менскай місіі канчаецца ў студзені., аднак ён лічыць сваю замену мэтазгоднай, калі пасьпее рэальна ажыцьцявіць свае пляны. Аднак цяпер увага місіі скіраваная на нядзелю, на бітву Давыда з Галіятам. «Ня трэба забывацца, хто некалі выйграў гэтую бітву», - нагадвае палітычны акушэр на службе ў АБСЭ – гэткі тытул надае Гансу-Георгу Віку нямецкая газэта Frankfurter Allgemeine Zeitung.
XS
SM
MD
LG