Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУСТРЭЧЫ ДАВЕРАНЫХ АСОБАЎ ГАНЧАРЫКА ПРАХОДЗЯЦЬ У 23 ГАРАДАХ БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

У штабе адзінага кандыдата пакуль не паведамляюць пра істотныя перашкоды з боку ўладаў і спадзяюцца на посьпех акцыі, якая павінна прадэманстраваць падтрымку Ганчарыка з боку шырокай грамадзянскай кааліцыі.

Спачатку плянавалася, што ўсе сустрэчы пачнуцца адначасова ў трыццаці гарадах а 17 гадзіне на галоўных плошчах. Аднак мясцовыя рэаліі прымусілі арганізатараў унесьці карэктывы ў гэтыя пляны. Ня ўсе сустрэчы адбудуцца ў гэты час, ня ўсе пройдуць на плошчах. Паведамляе актывіст перадвыбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка Яўген Лабановіч:

(Лабановіч: ) "Падрыхтоўка ідзе добра, мы распаўсюджваем улёткі, запрашэньні на сустрэчы з даверанымі асобамі спадара Ганчарыка. За гэтыя тры дні, 5–7 верасьня, акцыі адбудуцца больш чым у 25 гарадох Беларусі. У шэрагу зь іх прыме ўдзел сам Уладзімер Ганчарык. У іншых будуць прымаць удзел давераныя асобы.

Што да перашкодаў з боку ўладаў, то яны нам указваюць на пастанову ЦВК ад 17 жніўня, у адпаведнасьці зь якой мы павінны за 15 дзён пытацца дазволу на гэтыя сустрэчы . Аднак мы ў сваіх дзеяньнях зыходзім з Выбарчага кодэксу і толькі пасылаем ім заяўкі ў выбарчыя камісіі пра тое, дзе і калі будуць адбывацца сустрэчы".

Сакратар палітрады адзінага кандыдата Андрэй Кусяльчук падкрэсьліў, што гэтыя сустрэчы засьведчаць падтрымку адзінага кандыдата Ўладзімера Ганчарыка шырокай грамадзянскай кааліцыяй, прадстаўнікамі розных партыяў і рухаў:

(Кусяльчук: ) "Самае галоўнае, што гэтыя сустрэчы пройдуць у вялікай колькасьці гарадоў і будуць яшчэ раз нагадваць пра адзінага кандыдата і ягоную праграму".

Андрэй Кусяльчук падкрэсьліў, што ў перадвыбарчым штабе адзінага кандыдата спадзяюцца на актыўнасьць выбарцаў і посьпех гэтай акцыі ў шматлікіх гарадах краіны.

Пасьля сустрэчы Ўладзімера Ганчарыка 2 верасьня з выбарцамі Менску Цэнтарвыбаркам вынес яму папярэджаньне за тое, што ён нібыта ня выканаў патрабаваньняў Закону аб мітынгах і шэсьцях.

Цяпер прадстаўнікі штабу і давераныя асобы Ганчарыка таксама не змаглі падаць заяўку на правядзеньне сустрэчаў за 15 дзён, як гэтага патрабуе названы закон. Яны толькі паведамлялі тэрытарыяльным выбарчым камісіям пра прызначаныя сустрэчы. Таму ня выключаныя новыя папярэджаньні ды іншыя перашкоды з боку ўладаў у агітацыі за апазыцыйнага кандыдата.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG