Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАНЧАРЫК НАСТУПАЕ НА ПЯТКІ ЛУКАШЭНКУ”. АГЛЯД ПУБЛІКАЦЫЯЎ У ЗАМЕЖНЫМ ДРУКУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага.

У цэнтры паведамленьняў і камэнтароў: пачатак датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта краіны, выклік у Міністэрства замежных справаў амбасадара ЗША Майкла Козака і выступ Лукашэнкі перад ягонымі выбарцамі.

Польская Gazeta Wyborcza задаецца пытаньнем: навошта ў Беларусі “загадалі ісьці да ўрнаў раней тэрміну жаўнэрам у казарамах, студэнтам у інтэрнатах, хворым у шпіталях, і рабочым на фабрыках?” І адказвае: “ніхто ня ведае, што будзе рабіцца з поўнымі ўрнамі ў пяць бліжэйшых начэй.” Gazeta Wyborcza заўважыла, што “хоць галасаваньне ўжо распачалося, але і надалей працягваецца перадвыбарчая кампанія”.

Газэта распавядае пра ўчорашні выступ Лукашэнкі. Аўдыторыю ў манумэнтальным Палацы Рэспублікі аўтар артыкулу называе “масоўкай, зьвезенай аўтобусамі з усёй краіны”. Gazeta Wyborcza піша, што ў выступе Лукашэнкі дасталося ня толькі кіраўніку менскай місіі АБСЭ амбасадару Віку, якога прамоўца паабяцаў “вышвырнуць” з краіны пасьля выбараў, але і Польшчы, якую Лукашэнка назваў “месцам, адкуль пачынаюцца атакі на тэрыторыю былога СССР”.

У дадатак да артыкулу Gazeta Wyborcza падае камэнтар каардынатара беларускай арганізацыі “Незалежныя назіральнікі” Барыса Гюнтэра, у якім той акцэнтуе ўвагу, што “міжнародная практыка ня ведае нечага такога, як “датэрміновыя выбары”. Гэта – ідэальнае поле для злоўжываньняў.”

Украінская газэта “День” у артыкуле “У Беларусі выбіраюць прэзыдэнта. Датэрмінова.”, распавёшы пра тыя ж самыя падзеі, зьмяшчае таксама камэнтар палітоляга. Украінец Володымыр Полохало тлумачыць, чаму для яго перадвыбарчая кампанія ў Беларусі нецікавая. А менавіта: тут “ня можа быць некай неспадзяванкі, ня можа быць моманту ісьціны. У краіне склаўся сталы палітычны рэжым, які мае ўласную лёгіку, што не базуецца на дэмакратыі.”

Далей украінскі палітоляг дадае: “Лічу палітычнай фантазіяй увогуле размовы пра выбары, калі бракуе палітычных правоў. Беларускія выбары мала чым розьняцца ад тых, што адбываліся за савецкія часы. Лукашэнка змог кансалідаваць эліты, якія маюць недэмакратычную арыентаванасьць. Што да апанэнтаў, дык яны, відавочна, маюць цудоўныя асабістыя інтэлектуальныя якасьці. Астатнія, зыходзячы з палітычнай сытуацыі ў Беларусі, займаюць маргінальныя пазыцыі.

Маргіналы ж яшчэ ніколі не перамагалі”, - завяршае камэнтар-прагноз палітоляг Володымыр Полохало ва ўкраінскай газэце День.

Латыская рускамоўная газэта “Час” у артыкуле “ЗША: Беларусь – гэта нашае Нікарагуа”, распавядае гісторыю з надрукаваным у газэце Times лістом амэрыканскага амбасадара ў Менску, у якім апошні прызнаў, што ЗША вядзе палітыку ў дачыненьні да Беларусі падобную да той, якую Штаты праводзілі ў Нікарагуа ў 80-х гадох мінулага стагодзьдзя.

Латыская газэта “Час” падае і даведку пра гісторыю і сягоньняшні дзень той цэнтральнаамэрыканскай краіны. І побач яшчэ адзін артыкул пра Беларусь - “Ганчарык наступае на пяткі Лукашэнку”, у якім прагноз пра цалкам верагоднае выраўнованьне рэйтынгаў Лукашэнкі і Ганчарыка да моманту галасаваньня 9 верасьня.

XS
SM
MD
LG