Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР ВІК КАЖА, ШТО ПАСЬЛЯ ВЫБАРАЎ ЗЬЯЖДЖАЦЬ ЗЬ БЕЛАРУСІ НЕ ЗЬБІРАЕЦЦА


Юры Сьвірко, Менск

Пасьля ўчорашніх нападак на замежных дыпляматаў, якія працуюць у Менску, Аляксандар Лукашэнка сёньня працягваў свае атакі на кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка.

"Правакатар на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца не павінен", — заявіў пра амбасадара Віка спадар Лукашэнка, які таксама сказаў, што яму "ўсё адно — прызнае нехта вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ці не прызнае".

Я патэлефанаваў кіраўніку КНГ АБСЭ ды папрасіў пракамэнтаваць сёньняшнія Лукашэнкавы нападкі менавіта на яго, Ганса-Георга Віка.

(Вік: ) "Я не камэнтую", — адказаў амбасадар Вік.

Тады я вырашыў удакладніць, ці глядзеў ён учорашні выступ Аляксандра Лукашэнкі ды ці будуць нейкія камэнтары наконт ролі групы АБСЭ ды яе кіраўніка.

(Вік: ) "Так, я глядзеў гэта. І гэта ў руках АБСЭ, прадстаўнікі якой знаходзяцца тут, таму яны найбліжэйшым часам адрэагуюць", — зазначыў кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску.

Я таксама задаў яму пытаньне, што ён будзе рабіць пасьля выбараў 9 верасьня — ці мае амбасадар Вік намер заставацца ў Менску?

(Вік: ) "Вядома, я працягваю выконваць тут свае функцыі", — адказаў кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску.

Сёньня гэтая група распаўсюдзіла прэсавы рэліз з нагоды сьвежай публікацыі ў газэце "Советская Белоруссия" з назовам "Апэрацыя "Белы бусел". Гэты артыкул спрабуе зьвязаць КНГ АБСЭ з выведчымі апэрацыямі і, на думку групы АБСЭ ў Менску, падобна, што гэта ёсьць спробаю дыскрэдытаваць кансультацыйную й назіральніцкую дзейнасьць, якую група АБСЭ вядзе адпаведна са сваім узгодненым мандатам 1997 году і наступнымі афіцыйнымі дакумэнтамі.

У прэсавым рэлізе КНГ АБСЭ падаецца цытата з Дэклярацыі Стамбульскага саміту АБСЭ ў лістападзе 1999 году, якую сярод іншых кіраўнікоў дзяржаваў АБСЭ падпісаў Аляксандар Лукашэнка. У ёй, у прыватнасьці, гаворыцца пра падтрымку працы Кансультацыйна-назіральнае групы ў Беларусі, якая шчыльна працуе зь беларускімі ўладамі, а таксама апазыцыйнымі партыямі й лідэрамі ды няўрадавымі арганізацыямі ў прасоўваньні дэмакратычных інстытутаў і выкананьня абавязацельстваў АБСЭ.

Кіраўнік КНГ АБСЭ Ганс-Георг Вік сёньня паўтарыў, што група заўсёды дзейнічала й працягвае дзейнічаць адпаведна зь літарай й духам дэклярацыі Стамбульскага саміту. "У ранейшых выпадках афіцыйныя выданьні спрабавалі асацыяваць Кансультацыйна-назіральную групу з апэрацыямі выведкі. Такія абвінавачаньні ёсьць беспадстаўнымі", — заявіў амбасадар Вік.

Я нагадаў яму, што сёньняшні нумар газэты "Советская Белоруссия" надрукаваны павялічаным амаль удвая накладам ды распаўсюджваецца бясплатна — большасьць жыхароў Менску ўбачылі гэты выпуск у сваіх паштовых скрынках.

Нагадаю, што падставаю для папярэджаньня апазыцыйнаму кандыдату Ўладзімеру Ганчарыку Цэнтарвыбаркам зрабіў тое, што ягоныя прыхільнікі нібыта бясплатна раздавалі незалежныя газэты. Ці бачыць група АБСЭ парушэньне Выбарчага кодэксу ў сёньняшняй сытуацыі з нумарам "Советской Белоруссии"?

(Вік: ) "Гэта для ўсеагульнай ацэнкі, якая зьявіцца ў панядзелак, калі назіральнікі ад БДіПЧ і парлямэнтаў прыйдуць да сваіх высноваў. Мы ня будзем камэнтаваць адну асобную падзею", — заявіў спадар Вік.

Што да зьместу артыкулу "Советской Белоруссии", ён сказаў:

(Вік: ) "Гэты артыкул трэба разглядаць у зьвязку з сытуацыяй у гэтай краіне, дзе нехта хоча стварыць уражаньне, што міжнародныя арганізацыі ўцягнутыя ў выведчыя апэрацыі, хаця гэта ня так. Зь іншага боку, заявы гэткага кшталту б'юць рыкашэтам, таму што АБСЭ цэняць і давяраюць сёньня значна больш, чым 6 месяцаў таму", — сказаў кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік.

Ён адмовіўся камэнтаваць заявы Аляксандра Луашэнкі пра тое, што расейская выведка брала ўдзел у здабываньні папераў са стала амбасадара ЗША ў Менску Майкла Козака.

(Вік: ) "Я не зьбіраюся камэнтаваць нешта такое, што амбасадар ЗША цалкам здольны пракамэнтаваць сам, таму што гэта закранае яго", — сказаў спадар Вік.

Амэрыканская ж амбасада ў Менску сёньня ніякіх камэнтароў да Лукашэнкавых заяваў не рабіла.
XS
SM
MD
LG