Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК: НЕ ПАДДАВАЙЦЕСЯ НА ПРАВАКАЦЫЮ ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАНЬНЯ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Пытаньні, якімі найчасьцей цікавяцца выбарцы ў адзінага кандыдата, тычацца стану эканомікі, падзеньня жыцьцёвага ўзроўню людзей, эскадронаў сьмерці, што зьнішчаюць выбітных палітыкаў, і фальсыфікацыі выбараў.

Гаворыць Уладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Я вас прашу, адно прашу: не паддавайцеся на гэтую правакацыю датэрміновага галасаваньня. Падмануць! У нас дакладныя зьвесткі, надрукаваныя бюлетэні.

Мы папярэдзілі ўладу, папярэдзілі міліцыю: не марайцеся, ня ўлазьце ў гэтую авантуру — гэта крымінальнае злачынства. Паважайце людзей, паважайце іхнае права прагаласаваць спакойна 9 верасьня. Не бярыце іхных галасоў, не падмяняйце бюлетэняў".

Махавік датэрміновага галасаваньня ўжо працуе. Як паведаміў каардынатар "Незалежнага назіраньня" Савецкага раёну Гомеля Васіль Палякоў, толькі ўчора на ўчастку №49 прагаласавалі 122 чалавекі — амаль 5% ад агульнай колькасьці. Гэта былі збольшага студэнты-першакурсьнікі каапэратыўнага інстытуту, якія ў горадзе нават яшчэ не прапісаныя.

Многія старшыні выбарчых камісіяў хаваюць інфармацыю пра датэрміновае галасаваньне ад назіральнікаў, спасылаючыся на забарону раённай адміністрацыі.

На назіральнікаў наогул ціснуць. У Лоеве начальства раённага вузла сувязі вымусіла звольніцца з працы паштальёна Валер'я Канапляніка, дазнаўшыся, што той зьбіраецца ажыцьцяўляць незалежны кантроль за галасаваньнем.

Працягваецца паляваньне на распаўсюднікаў перадвыбарчых улётак і газэт. Напярэдадні прыезду ў Сьветлагорск Уладзімера Ганчарыка міліцыя затрымала чатырох юнакоў. Сяржука Дайнэку і Аляксея Петухова трымалі ў пастарунку больш як паўсутак і выпусьцілі толькі а палове трэцяй гадзіны ночы. На юнакоў склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд матэрыялаў, якія нібыта абражаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта.

А ў Рэчыцы сёньня затрымалі сяброўку АГП Натальлю Брэль. Пракуратура распачала крымінальную справу паводле артыкулу 367, часткі 1 — паклёп на прэзыдэнта. Пракурор Будкоў паведаміў, што моладзь Рэчыцы, у тым ліку і спадарыня Брэль, да дня народзінаў кіраўніка дзяржавы перадала яму падпісаны падарунак зь вяроўкай.

XS
SM
MD
LG