Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІЯ НАЗІРАЛЬНІКІ: МЫ ХОЧАМ ПАГЛЯДЗЕЦЬ, ЦІ БУДУЦЬ ВЫБАРЫ ПРАЗРЫСТЫМІ


Алена Панкратава, Менск

Аднак некаторыя маюць больш працяглую візу і застануцца ў Менску прыватна, з надзеяй паназіраць за магчымым другім турам галасаваньня.

Паводле кантракту АБСЭ, у Беларусі ўдзельнікам дэлегацыі не пажадана даваць інтэрвію журналістам як мінімум да 10-га верасьня. З гэтай прычыны заўтрашні брыфінг з удзелам прадстаўнікоў місіі АБСЭ ў Менску і нямецкай дэлегацыі пройдзе пры зачыненых дзьвярах.

Аднак напярэдадні вылету самалёту зь нямецкай дэлегацыяй у Менск мы зьвязаліся па тэлефоне зь Нямеччынай і гутарылі са спадарыняй Габрыэлай Кётшаў, доктарам права, палітыкам, віцэ-прэзыдэнтам ландтагу Фэдэральнай зямлі Шлезьвіг-Гольштайн, актывісткай сацыял-дэмакратычнай партыі ФРН.

Спадарыня Кётшаў супрацоўнічае зь Беларусьсю на працягу 6-ці апошніх гадоў і, паводле яе словаў, шукае рэальныя шляхі для ўмацаваньня супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўропай.

Маё першае пытаньне да спадарыні Кётшаў: ці дастаткова, на яе погляд, магчымасьцяў у міжнародных назіральнікаў сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі ў часе выбарчай кампаніі?

(Кётшаў: ) "Мэта нашай дэлегацыі назіраць за тым, каб выбары прайшлі належным чынам. Лічу, што шанцы на гэта ёсьць. Калі б я іх ня бачыла, я б не прыехала ў Беларусь у якасьці міжнароднага назіральніка, як, дарэчы, і іншыя ўдзельнікі дэлегацыі. Паўтаруся, што магчымасьцяў для назіраньня за тым, ці будуць гэтыя выбары свабоднымі й празрыстымі, дастаткова. Аднак дакладны адказ на пытаньне можна даць, канечне, пасьля выбараў".

Паводле дасьведчаных крыніцаў, некаторыя ўдзельнікі дэлегацыі досыць скептычна ставяцца да гэтай тэзы. Дэпутатка Бундэстагу, адказная за працу зь Беларусьсю Ута Цапф, якая прыбудзе ў Менск толькі ў суботу, заявіла ў тэлефоннай размове з карэспандэнтам Радыё Свабода, што ўчорашнія выпады беларускага лідэра Лукашэнкі супраць місіі АБСЭ ў Менску і яе кіраўніка Ганса-Георга Віка могуць паставіць пад сумнеў намер Захаду адносна разьвіцьця двухбаковага супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Паводле спадарыні Цапф, падобныя публічныя абвінавачаньні на адрас спадара Віка ў шпіянажы заходнія палітыкі лічаць абразай, а таксама крокам, які ў будучыні можа прывесьці да самых нэгатыўных наступстваў. Тыя з удзельнікаў дэлегацыі, якія змогуць параўноўваць сёлетнюю прэзыдэнцкую кампанію зь леташняй ва Ўкраіне, лічаць, што з самага пачатку параўнаньне не на карысьць Беларусі.

Парушэньні пачаліся з моманту накіраваньня беларускім МЗС афіцыйнага запрашэньня. Акрамя таго, у часе ўкраінскіх выбараў, якія нельга назваць абсалютна свабоднымі й празрыстымі, дзейнасьць міжнародных назіральнікаў была менш абмежаванай: за падлікам галасоў можна было сачыць без усялякіх перашкодаў.

Аднак вернемся да размовы са спадарыняй Габрыэлай Кётшаў. Місію сваёй дэлегацыі яна бачыць у наступным:

(Кётшаў: ) "Даць аб'ектыўную ацэнку выбарам і даць гэтую справаздачу АБСЭ. Назіраньне існуе для таго, каб зрабіць выснову, наколькі чыста праходзілі гэтыя выбары, ці варта іх прызнаваць наогул".

Паводле дасьведчаных крыніцаў, магчымасьці дакладна ўстанавіць факт фальсыфікацыяў у часе выбараў досыць абмежаваныя. Аднак вялікую ролю ў вынясеньні вэрдыкту будуць адыгрываць падзеі ў дзень галасаваньня, наяўнасьць усіх неабходных дакумэнтаў адносна таго, што ўсё было ў парадку. Зыходзячы з выніковых ацэнак міжнародных назіральнікаў, будзе распрацаваная агульнаэўрапейская стратэгія ў дачыненьні да Беларусі.


XS
SM
MD
LG