Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АБСЭ КРЫТЫКУЕ ХАДУ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ


Любоў Лунёва, Менск

На пачатку брыфінгу Граер Бальян паведаміў, што ўлады неапраўдана забараняюць назіральнікам правядзеньне прэсавых канфэрэнцыяў. Спадар Бальян падзяліўся плянамі на бліжэйшы час. У прыватнасьці, ён паведаміў, што колькасьць назіральнікаў значна ўзрасьце. Да цяперашніх 27 назіральнікаў заўтра далучацца яшчэ 200 — для кароткатэрміновага назіраньня. А ў чацьвер і ў пятніцу — яшчэ 79 чалавек ад Рады Эўропы.

Граер Бальян пералічыў, зь якіх менавіта прычынаў місія называе сябе місіяй менавіта з абмежаваным назіраньнем.

(Бальян: ) "З-за затрымкі прыезду мы прапусьцілі важныя этапы. Гэта, па-першае, рэгістрацыя кандыдатаў. Па-другое, мы ня бачылі, як цягам першага тыдня асьвятлялася кампанія ў сродках масавай інфармацыі. Па-трэцяе, місія мае мандат назіраць за поўным працэсам выбараў. Паколькі нам гэтага не дазволілі, мы вымушаныя былі назваць сябе місіяй з абмежаваным назіраньнем".

Спадар Бальян паведаміў, што прадстаўнікі місіі сустрэліся з двума з трох кандыдатаў на прэзыдэнта. Яны прасілі й Аляксандра Лукашэнку пра сустрэчу, але дагэтуль не атрымалі адказу. Граер Бальян распавёў таксама, што прадстаўнікі місіі сустрэліся як з апазыцыйнымі арганізацыямі, так і з пралукашэнкаўскімі, а таксама зь іншымі замежнымі і ўнутранымі назіральнікамі.

Граер Бальян адзначыў істотныя моманты, якія выклікаюць занепакоенасьць у сяброў місіі:

(Бальян: ) "Калі ёсьць тры кандыдаты, гэта плюс. Але праблема — доступ людзей да кожнага зь іх.

Гэта й працэс фармаваньня камісіяў. Абмежаваная магчымасьць правядзеньня агітацыйнай кампаніі. Датэрміновае галасаваньне. Працэс падліку галасоў. Правы назіральнікаў. Новае выбарчае заканадаўства, канечне, лепш, але ў ім ёсьць фундамэнтальныя мінусы".

Граер Бальян закрануў тэму агульнага клімату перадвыбарчай кампаніі.

(Бальян: ) "У нас ёсьць выпадкі парушэньня правоў чалавека. Гэта тычыцца журналістаў і назіральнікаў. Нас непакояць нападкі на актывістаў у дзяржаўнай прэсе. Непакоіць тое, што дзяржаўныя СМІ падаюць міжнародных назіральнікаў як людзей, што маюць злыя намеры. Але я лічу, што яшчэ ня позна ўсё гэта спыніць.

Таксама непакояць некарэктныя заўвагі наконт унутраных назіральнікаў у часе падліку галасоў. Мы ўвесь час падкрэсьліваем: няхай улады апублікуюць вынікі падліку галасоў. Давер будзе толькі тады, калі будзе праўдзівая інфармацыя пра ход падліку ў дэталях.

Нас непакоіць і асьвятленьне кампаніі ў дзяржаўных СМІ. Хачу падзяліцца лічбамі: на Беларускім тэлебачаньні 60% усяго часу даецца Лукашэнку, 7% — Домашу, 9% — Гайдукевічу і 20% — Ганчарыку. Якасны аналіз гэтых лічбаў: інфармацыя пра Лукашэнку толькі пазытыўная, пра Ганчарыка і іншых — нэгатыўная. Гэта ж тычыцца й газэтаў".

Граер Бальян паведаміў, што місія назірае й за тым, як асьвятляецца прэзыдэнцкая кампанія на расейскіх тэлеканалах ОРТ, РТР і НТВ, але пра вынікі назіраньня паведаміць на наступнай канфэрэнцыі.

Спадар Бальян паабяцаў, што на наступны дзень пасьля выбараў міжнародныя назіральнікі ад БДіПЧ надрукуюць свае заўвагі. А потым будзе агалошаная і супольная заява — праўда, з кім менавіта супольная, ён не сказаў.

Паводле Граера Бальяна, найбліжэйшым часам місія наведае 15% участкаў, каб зрабіць выбарку для назіраньня.

XS
SM
MD
LG