Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНС ГЕОРГ ВІК ВЫСТУПІЎ СЁНЬНЯ ЗЬ ВЯЛІКІМ АРТЫКУЛАМ У РАСЕЙСКІМ ДРУКУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

“Уладзімер Ганчарык, старшыня афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў, кідае выклік цяперашняму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, чалавеку, які за час, мінулы зь ягонай перамогі на выбарах у 1994 годзе, пераўтварыў Беларусь з краіны, у якай нараджалася дэмакратыя, у аўтарытарную дзяржаву, што нагадвае стары Савецкі Саюз,”— піша амбасадар Вік.

“Здаецца, - працягвае аўтар, - прэзыдэнту Лукашэнку ўсё паказвае на перамогу савецкага ладу жыцьця. Дзяржаўная тэлевізія, радыё і газэты вядуць кампанію ў падтрымку гэтага ўяўнага “любімага сына краіны”. Які ў рэальнасьці зьяўляецца былым кіраўніком калгасу і афіцэрам памежнага аддзелу КГБ. Зьяўляючыся эмацыйным аратарам, прэзыдэнт Лукашэнка дастаткова папулярны, паколькі ягоныя прамовы кранаюць душы пакаленьня, якое смуткуе па адыйшоўшаму Савецкаму Саюзу: ветэраны Другой ўсясьветнае вайны, пэнсіянэры і калгасьнікі.”

Амбасадар Вік падкрэсьлівае, што і Лукашэнка, і ягоныя дарадцы, у асаблівасьці Уладзімер Замяталін і Віктар Шэйман, “заяўляюць, што яны не дазволяць сабе апусьціцца да паразы на выбарах, як гэта здарылася ў Югаславіі са Слабаданам Мілошавічам. Замест гэтага яны пабудавалі апарат, распрацаваны дзеля “абароны прэзыдэнта” і забесьпячэньня перамогі.”

Аўтар артыкулу ў “Независимой газете” адзначае і моцныя бакі Лукашэнкавага суперніка – Ганчарыка: “нягледзячы на запалохваньне, раней расколатая апазыцыя, тым ня меней пераадолела міжсобіцу прыватнага і палітычнага характару, дзеля таго, каб аб”яднацца вакол аднаго кандыдата – Ганчарыка. Эканаміст паводле адукацыі, Ганчарык прыцягнуў ня толькі падтрымку сябраў прафсаюзу, якія ён ачольвае, але таксама і шэраг палітычных партыяў”… а таксама вядомых палітычных дзеячаў.

Прычыну, паводле якой апазыцыя аб’ядналася, спадар Вік бачыць у “ эканамічным заняпадзе і дыктатарстве”. “Замест таго, каб пайсьці па шляху рэформаў за Расеяй, Лукашэнка пагоршыў сытуацыю аднаўленьнем цэнтральнага плянаваньня ў прамысловасьці і сельскай гаспадарцы. У 1996 – 1997 гадох ён распусьціў дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет і прыхначыў гэтак званы “парлямэнт”, якому не хапала ні дэмакратычнае законнасьці, ні рэальнае ўлады”, - адзначае амбасадар.

Спасылаючыся на інфармацыю, што пратачылася з ураду, спадар Вік піша, што “некалькі прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, якія займаюць высокія пасады, замяшаныя ў зьнікненьнях” лідэраў апзыцыі і журналіста. Кіраўнік кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ піша: “Лукашэнку не прыцягнулі да адказнасьці таму, што ён сканцэнтраваў усю ўладу – выканаўчую, заканадаўчую і юрыдычную – у сваіх рукох.”

“Робячы гэта, - адзначае амбасадар, - Лукашэнка перабольшвае тэндэнцыю, якая дамінуе ва ўсіх дзяржавах – пераемніцах Савецкага Саюзу, у якіх пабудова моцнай прэзыдэнцкай сыстэмы стаіць на парадку дня. Такія сыстэмы кааптуюць прадстаўнікоў розных сацыяльных і палітычных груповак і аказваюць садзейнічаньне патэнцыйным пераемнікам з прэзыдэнцкага кола. Гэтакая практыка дапамагае папярэдзіць аб”яднаньне апазыцыйных кааліцыяў.

Лукашэнка, - на думку спадара Віка, - “аднак ня змог кааптаваць ўсіх ключавых лідэраў унутры апазыцыі і нэўтральных сэктараў грамадзянскае супольнасьці. На самой справе важныя асобы прэзыдэнцкай намэнклятуры выявілі нязгоду і далучыліся да кааліцыі Ганчарыка.”

І яшчэ адзін аспэкт перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі разглядае кіраўнік кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску. Гэта – расейскі фактар. На думку спадара Віка, “вельмі важным ёсьць меркаваньне Расеі, паколькі тая мае магчымасьць уплываць на выбары, калі яна гэтага захоча. Доўгі час Крэмаль прэзыдэнта Пуціна працягваў цеснае супрацоўніцтва з Лукашэнкам, якое наладзіў прэзыдэнт Ельцын. А вось зусім нядаўна, - падкрэсьлівае амбасадар Вік, - гэтыя стасункі сталі больш халоднымі і аж да таго, што прэзыдэнт Пуцін дамогся публічнага прабачэньня ад Лукашэнкі, калі той зьняважыў расейскага прэм”ер-міністра”.

У мінулым Расея глядзела скрозь пальцы на падаўленьне апазыцыі. Паколькі ў цэнтры ўвагі прэзыдэнта Пуціна зараз стаіць перабудова расейскай эканомікі, у Маскве ўзьнікаюць зьмешаныя пачуцьці наконт палітыкі іхнага даўняга хаўрусьніка ў Менску.” Таму “Расея, - лічыць спадар Вік, - выказвае зацікаўленьне, каб адбыўся эфэктыўны міжнародны маніторынг выбараў... Больш таго, паколькі кантралюемае дзяржавай тэлебачаньне, адзінае ў краіне, ня мае вялікай папулярнасьці і ня ёсьць надзейным, беларусы ўсё больш і больш глядзяць расейскія тэлевізійныя каналы. Такім чынам, той тон, у якім расейскае тэлебачаньне асьвятляе перадвыбарчую кампанію, хутчэй за ўсё, моцна паўплывае на галасаваньне”.

У канцы артыкулу выснова: “Незалежна ад таго, хто пераможа, гэтыя выбары ўжо змаглі зноў ажывіць паміраючую апазыцыю прэзыдэнта Лукашэнкі. Цяпер яна можа забясьпечыць годную альтэрнатыву, што кідае выклік ягонаму аўтарытарнаму рэжыму. Але дзеля таго, каб у Беларусі адбыліся сапраўдныя перамены, гэты зьвяз павінен працягнуць сваё існаваньне і сваю працу і пасьля гэтых выбараў. Для таго, каб гэта зрабіць, зьвязу патрэбная падтрымка ня толькі грамадзянскае супольнасьці, якая бачна нараджаецца ўнутры Беларусі, але і міжнароднай супольнасьці.” Так піша старшыня кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Ганс – Георг Вік у сёньняшнім нумары расейскай “Независимой газеты”.

XS
SM
MD
LG