Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДМЫСЛОВЫ КААРДЫНАТАР АБСЭ КІМА КІЛЬЮНЕН ІЗНОЎ НАВЕДАЕ БЕЛАРУСЬ


Уладзімер Глод, Менск

Спадар Кільюнен падчас свайго мінулага візыту ў Беларусь, які адбыўся 28-29 жніўня, сустракаўся з двума прэтэндэнтамі на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы — Уладзімерам Ганчарыкам і Сяргеем Гайдукевічам. У свой чарговы прыезд адмысловы каардынатар АБСЭ хоча паразмаўляць і з трэцім кандыдатам на прэзыдэнта.

Адначасова з Кільюненам Беларусь наведаюць і высокапастаўленыя асобы з парлямэнцкай "тройкі". Плянуецца, што яны таксама сустрэнуцца з Лукашэнкам.

Цікавасьць да выбараў увесь час расьце. Калі падлічыць усіх замежнікаў, якія хочуць наведаць Беларусь на гэтым тыдні, нават і без афіцыйнага статусу міжнароднага назіральніка, дык іх набіраецца каля тысячы. Чым тлумачыцца такая актыўнасьць? Вось як адказвае на гэтае пытаньне ўдзельнік сёньняшняга паседжаньня Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў Уладзімер Нісьцюк.

(Нісьцюк: ) "Эўропа ўжо ўбачыла, што яна згубіла шмат часу. Мы ж бачым, што існуе неабходнасьць ня толькі прыехаць і практычна зрабіць справу. Існуюць палітыкі, прычым высокага ўзроўню, якім трэба прадэманстраваць работу, якім трэба праімітаваць сваю працу і свой уплыў на Беларусь. Згублены час кампэнсаваць ужо нельга.

Таму зараз шмат людзей наедзе сюды. Прадстаўнікі партыяў, ня толькі назіральнікі са статусам міжнародных арганізацыяў. Да нас, напрыклад, у сацыял-дэмакратычную партыю прыяжджае вялікая дэлегацыя швэдаў, якія ня будуць мець статусу назіральнікаў. Але яны будуць назіраць за выбарамі звонку".

Але вернемся да афіцыйных назіральнікаў, што працуюць пад эгідай місіі па абмежаваным назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Беларусі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Сёньня ўначы чакаецца прыезд першай групы кароткатэрміновых назіральнікаў. Магчыма, сярод іх будзе і былы намесьнік кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Ганс Пітэр Кляйнэр. Ужо 5 верасьня некаторыя зь іх хочуць паехаць у рэгіёны, каб уласнымі вачыма пабачыць, як там ідзе працэс датэрміновага галасаваньня.

На сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў была прынятая і адмысловая заява з нагоды таго, што Цэнтарвыбаркам 3 верасьня вынес папярэджаньне кандыдату на прэзыдэнты Ўладзімеру Ганчарыку. Лідэры апазыцыйных партыяў лічаць, што вынясеньне папярэджаньня мае сваёй мэтай стварыць дадатковыя перашкоды перадвыбарнай агітацыі кандыдату на прэзыдэнты Ганчарыку і забясьпечыць перамогу дзейнаму кіраўніку Беларусі.

XS
SM
MD
LG