Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧАМУ ЛУКАШЭНКА ПАЛОХАЕ НАМЭНКЛЯТУРУ?


Аляксандар Лукашук, Прага

Некалі былы прэм’ер Лінг палохаў мясцовую намэнклятуру, што калі выбяруць апазыцыянэраў, дык апазыцыя усіх на платах павесіць. Аляксандар Лукашэнка сёньня палохае намэнклятуру дзяржсакратаром ЗША, які блытае шарыкавую ручку з кулямётам.

На сустрэчы з вэртыкальна-гаспадарчым актывам Лукашэнка паведаміў, што беларускія і расейскія спэцслужбы здабылі дакумэнт – тэкст звароту Дзяржсакратара Коліна Паўэла з нагоды 10-х угодкаў незалежнасьці Беларусі і абвінаваціў амэрыканскага амбасадара Майкла Козака ў ягоным аўтарстве. З такімі абвінавачаньнямі кіраўнікі дзяржавы звычайна не выступаюць – чаму Лукашэка сёньня гэта зрабіў? Вядома, Аляксандар Лукашэнка робіць шмат чаго, што звычайна ня робяць кіраўнікі дзяржаваў – не выганяюць дыпляматаў зь іх рэзыдэнцыяў, не катаюцца на ролікавых лыжах пасярод лета ў цэнтры сваіх сталіц.

Але заява пра віншаваньні дзяржсаратара Коліна Паўэла – насамрэч ніякае не абвінавачаньне і нават не раскрыцьцё тайнаў спэцслужбаў. Расейская і беларуская разьведкі супрацоўнічаюць адкрыта, у рамках легітымнасьці самога Лукашэнкі – цяжка сказаць нават, ці існуе самастойная беларуская разьведка. І што яны ўведалі – фактычна чарнавік перапіскі паміж Вашынгтонам і Масквой, самая звычайная практыка падрыхтоўкі падобных дакумэнтаў.

Лукашэнка загаварыў пра заяву Коліна Паўэла, бо яна вельмі непрыемная для кіраўніка, які растаптаў дэмакратыю, загнаў эканоміку ў стагнацыю, абвінавачваецца ў зьнішчэньні апанэнтаў і пры гэтым спадзяецца на міжнароднае прызнаньне.

Галоўная мэта ўсіх сёньняшніх жарсьцяў пра анты-беларускую апэрацыю “Белы бусел”, пра дзяржсакратара, які быццам блытае шарыкавую ручку і аўтамат, – напалохаць прывезеную ў Менск намэнклятуру і празь яе – выбаршчыкаў, умацаваць вобраз ворага і асаднага становішча, а таксама адзінага народнага абаронцы – самога прамоўцы.


XS
SM
MD
LG