Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЎРУЧАНЫЯ ПРЭМІІ ІМЯ АЛЕСЯ АДАМОВІЧА


Валянціна Аксак, Менск

Цырымоніяй ганараваньня ляўрэатаў завершыўся сёньня двухдзённы міжнародны круглы стол, які праводзіў у Менску Беларускі ПЭН-цэнтар. Тэма гаворкі: "Пераклад — сродак спрыяньня бесканфліктнай інтэграцыі эўрапейскіх нацыяў".

Тэма круглага стала, які ладзіўся ў пэрыяд узмацненьня дзяржаўнае цэнзуры і наступу ўладаў на свабоду слова ў краіне, выклікала пытаньне: наколькі заяўленая тэма надзённая ў гэтых абставінах? Ці варта абмяркоўваць праблемы дачыненьняў між нацыямі ва ўмовах палярызацыі беларускага грамадзтва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў?

Вось што адказаў на гэта вядомы беларускі перакладчык Васіль Сёмуха:

(Сёмуха: ) "Мне здаецца, варта. Заўсёды варта. Бо колькі нам жыць — нам жыць са сваімі суседзямі. І таму трэба мірыцца і жыць зь імі бесканфліктна. Што ж тычна сытуацыі ўнутры краіны, то тут рана ці позна прыйдзецца памірыцца..."

Тэме перакладу лепшых твораў сьвятовай літаратуры на беларускую мову і перакладу на эўрапейскія мовы беларускае літаратуры былі прысьвечаныя два дні гаворкі, высновы зь якое віцэ-прэзідэнт ПЭН-цэнтру Адам Мальдзіс зрабіў даволі аптымістычныя. Прыкладам, толькі ў Нямеччыне выдадзена 21 кніга Васіля Быкава, і нават у далёкай Японіі нядаўна выдалі беларуска-японскі і японска-беларускі слоўнік, а гэта значыць, што хутка там будуць і беларускія кнігі выдадзеныя.

Ня ўсе, праўда, аптымізм спадара Мальдзіса падзяляюць. І ў іх ліку вядомы культуроляг і філёзаф Валянцін Акудовіч, які за цыкль эсэ па самаідэнтыфікацыі беларусаў уганараваны сёньня прэміяй імя Алеся Адамовіча.

Другім ляўрэатам гэтае штогадовае прэміі ПЭН-цэнтру за шэраг публіцыстычных артыкулаў у абарону беларускае прыроды стаў сёньня Валеры Дранчук.


XS
SM
MD
LG