Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАНЬНЯ Ў МЕНСКУ СЬВЕДЧЫЦЬ ПРА НІЗКУЮ АКТЫЎНАСЬЦЬ ВЫБАРЦАЎ


Ігар Карней, Менск

Амаль усе выбарчыя ўчасткі, якія давялося наведаць, вельмі падобныя. У дзьвярах сустракае міліцыянт, потым сакратарка і, нарэшце, кіраўнік камісіі альбо ягоны намесьнік. Кіраўнікі выбарчых камісіяў вельмі асьцярожныя ў папярэдніх высновах і йдуць на кантакт неахвотна.

Напрыклад, намесьнік старшыні менскай выбарчай камісіі №1 Міхаіл Бурша адразу папярэдзіў, што "казаць у мікрафон" нічога ня будзе, а галасаваньне, маўляў, ідзе ў адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам. Колькасьць людзей, якія датэрмінова прагаласавалі, назваць адмовіўся.

Больш ветліва сустрэлі ў былой вышэйшай партшколе, дзе цяпер філялягічны факультэт БДУ. Да абеду тут датэрмінова прагаласавалі толькі шэсьць чалавек. Усе — пэнсіянэры з вуліцы Маркса. У адказ на пытаньне "Ці чакаецца на ўчастак масавы прыход студэнтаў?", мяне запэўнілі, што ніякага прымусу да папярэдняга галасаваньня на факультэце не было.

Куды больш людна было на ўчастку сярэдняй школы №4, што непасрэдна мяжуе з рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі. Старшыня выбарчага ўчастку Людміла Вінаградава кажа, што задаволеная актыўнасьцю. Праўда, колькі канкрэтна людзей прыйшло на ўчастак, таксама не ўдакладняе.

(Вінаградава: ) "Ведаеце, мы гэтых зьвестак не афішуем, але — дастаткова. У параўнаньні зь мінулымі выбарамі (я тады таксама тут сядзела) намнога вышэйшы адсотак. Што яшчэ зьдзіўляе: ня толькі йдуць людзі сярэдняга ўзросту, старэйшага; ідуць і маладыя. Для першага дня дастаткова высокая актыўнасьць".

На ўчастку сёньня можна было ўбачыць у асноўным людзей сталага ўзросту, якія не хавалі, за каго аддаюць галасы.

(Выбаршчыца: ) "Хочацца быць першай з-за павагі да нашага былога прэзыдэнта. У нядзелю нічым занятая ня буду, але хачу прагаласаваць датэрмінова — і я, і сын, і муж. Зь вялікім задавальненьнем. Чым раней, тым лепей".

Зрэшты, ня ўсе падзяляюць такое меркаваньне. Прыходзяць і такія, каму, наадварот, ня церпіцца разьвітацца зь мінулым.

(Другая выбаршчыца: ) "Я, прыкладам, ня бачу ад гэтага прэзыдэнта добрага жыцьця. Разумею і ўсім гэта тлумачу. Хачу пераканаць, але народ у Беларусі пакуль сам не адчуе гэтага болю, ён нічога не зразумее. Відавочна, павінен кожнага закрануць гэты боль".

Ні на адным з выбарчых участкаў я не знайшоў незалежных назіральнікаў. Але адна з ініцыятарак назіраньня Сьвятлана Скрыпчанка кажа, што яны абавязкова будуць.

(Скрыпчанка: ) "Пераважна гэта маладыя людзі, канечне. Падняць больш сталых амаль немагчыма. Ня хочуць, ім гэта нецікава, сёньняшняе становішча цалкам задавальняе. Падабаецца карачыцца на градах — няхай працуюць".

Заўтра датэрміновае галасаваньне працягнецца. Але нават кіраўнікі ўчасковых выбарчых камісіяў сумняюцца, што актыўнасьць будзе большай за сёньняшнюю.

XS
SM
MD
LG