Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДАМА МАЛЬДЗІСА АБРАЛІ НОВЫМ ВІЦЭ-ПРЭЗЫДЭНТАМ ПЭН-ЦЭНТРУ


Валянціна Аксак, Менск

Праца круглага стала пачалася не адразу. Напачатку Беларускі ПЭН-цэнтар правёў агульны сход сваіх сяброў з адзіным пунктам у парадку дня: выбары новага першага віцэ-прэзыдэнта. У статутнай структуры ПЭН-цэнтру асоба, якая займае гэтую пасаду, выконвае штодзённую арганізацыйную працу, і таму ад яе шмат што залежыць.

Чым выкліканая зьмена першага віцэ-прэзыдэнта? Ці зьвязаная яна з надыходам прэзыдэнцкіх выбараў? Вось што адказаў на гэтае пытаньне дзейны да сёньня першы віцэ-прэзыдэнт ПЭН-цэнтру Карлас Шэрман:

(Шэрман: ) "Я некалькі разоў ставіў гэтае пытаньне ў сувязі з маім станам здароўя. Мы доўга шукалі кандыдатуру, якая б забясьпечыла пераемнасьць справаў. І нарэшце знайшлі — таму, але і ў сувязі з пагаршэньнем майго здароўя, і праводзіцца сход. Дата ягонага правядзеньня ня мае ніякае сувязі з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў".

Кандыдатурай на ягонае месца спадар Шэрман назваў прэзыдэнта Міжнароднае асацыяцыі беларусістаў, стваральніка і шматгадовага кіраўніка Скарынаўскага цэнтру прафэсара Адама Мальдзіса. Пасьля прыкладна паўтарагадзінавага абмеркаваньня сход адзінагалосна абраў спадара Мальдзіса першым віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру.

Першае інтэрвію на новай пасадзе спадар Мальдзіс даў нашаму радыё:

(Мальдзіс: ) "Дзесяцігодзьдзе маёй папярэдняй працы падрыхтавала мяне і да гэтае, бо я займаўся пашырэньнем беларускай культуры ў сьвеце. Лічу гэта і найпершай сваёй задачай і на цяперашняй пасадзе. І другою (а па значнасьці на бягучы момант першаю) задачай лічу неабходным зрабіць усё магчымае і нават немагчымае, каб прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру Васіль Быкаў стаў ляўрэатам Нобэлеўскае прэміі".

Праца ўласна круглага стала была прысьвечаная таксама праблеме пашырэньня беларускае літаратуры на эўрапейскай прасторы. Усе без вынятку выступоўцы зазначалі рэзкае зьніжэньне інтарэсу да яе ў апошнія сем гадоў. Вось як патлумачыў прычыну гэтага знаны польскі перакладчык Чэслаў Сэнюх:

(Сэнюх: ) "Гэтае зацікаўленьне было, калі ў Польшчы, да прыкладу, убачылі, што беларускі народ здолеў стварыць наноў сваю дзяржаву, стаць суб'ектам эўрапейскае палітыкі. Але калі там убачылі, што беларусы адмовіліся ад сваёй будучыні, ад свайго лёсу, то зацікаўленьне Беларусьсю аслабла. Бо каму гэта цікава — расейскамоўная культура Беларусі. Яна ўспрымаецца як каляніяльная..."

Сам Чэслаў Сэнюх, аднак, завершыў нядаўна пераклад "Новай зямлі" Якуба Коласа і многа перакладае маладых паэтаў, спадзеючыся, што, як Беларусь вернецца ў эўрапейскую сям'ю дэмакратыі, то вернецца і цікавасьць да ейнай літаратуры.


XS
SM
MD
LG