Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЭЛЬВА – ЯК ЖЫВУЦЬ І ШТО ДУМАЮЦЬ ЛЮДЗІ?


Сяргей Астраўцоў, Зэльва

Зэльва — невялікі райцэнтар паміж Слонімам і Ваўкавыскам, які ня мае статусу гораду. 6 тысяч жыхароў. Тым ня менш, тут ёсьць свой танк на пастамэнце. І ня Т-34, як звычайна, а сучасьнейшы — часоў халоднай вайны.

Ёсьць яшчэ вялікае вадасховішча. Ягоную ваду мела б выкарыстоўваць магутная газатурбінавая электрастанцыя, будаўніцтва якой пачалося ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Станцыя магла б зьмяніць жыцьцё ў мястэчку, даць жыхарам працу. Але каштуе будаўніцтва вельмі дорага, і нямецкі інвэстар адмовіўся ад нявыгадных умоваў, што прапанавалі ўлады.

Зэльва вядомая тым, што тут доўгі час жыла й пахаваная славутая паэтка Ларыса Геніюш. Яна паказала сапраўдны беларускі гарт, не скарылася і нават не прыняла савецкага грамадзянства. Іншая вядомая паэтка, якая добра ведала нябожчыцу, Данута Бічэль з гэтае прычыны ацэньвае значэньне мястэчка вельмі высока:

(Бічэль: ) "Сёньня Ларысы Геніюш у Зэльве няма. Але ёсьць Зэльва, якая мае нейкае сваё месца пад сонцам. Я проста думаю, што Ларыса Геніюш у Зэльве заваявала будучыню. Што прэзыдэнт незалежнай Беларусі, якога мы выберам, перад тым, як стаць прэзыдэнтам, прачытае вершы Ларысы Геніюш. Ён вызваліць Зэльву ад падаткаў, і Зэльва стане квітнеючым мястэчкам".

Кожны год у жніўні ў мясцовай царкве служыцца малебен за супакой душы Ларысы Геніюш і ўсіх Геніюшаў. Так было і сёлета.

Ларыса Геніюш жыла побач з царквой і наведвала яе. У царкве справа ад уваходу ўсталяваная мэмарыяльная дошка, прысьвечаная паэтцы.

А ў алтарнай частцы царквы знайшлі пліту з датай заснаваньня храма — лацінскі надпіс. Знаходку абмяркоўваюць настаяцель царквы айцец Аляксандар і вялікі аматар старасьвеччыны, прадпрымальнік і спонсар Валянцін Дубатоўка:

(а.Аляксандар: ) "Лацініца, яна ўжывалася ў той час. Так, рэальна яна была царкоўнаславянскай..."

(Дубатоўка: ) "Скажу больш. Да касьцёлу, піярскага кляштару тут стаяла царква. Царква існавала намнога раней, чым касьцёл. На 200 гадоў можна раней лічыць. Толькі адна праблема, што Зэльвы тут не існавала. Зэльва была там — каля рэчкі. Зэльва сюды прыйшла з часамі Сапегі, калі тут базар разгарнулі".

(а.Аляксандар: ) "Падчас рамонтных работ быў знойдзены закладачны камень. Гісторыкі гавораць, што некаторы час ён быў тэатрам, а затым перабудаваны ў царкву. То якраз 1810 год — гэта той час, калі мы можам сказаць, — калі гэта быў тэатр, то ён быў асьвечаны ў царкву. Гэта для нас, для прыходу, 1810 год — гэта дзень нараджэньня".

Айцец Аляксандар гаворыць аб адраджэньні прыходу, царкоўнага жыцьця, аб людзях, якія прыходзяць у храм.

(Карэспандэнт: ) "Зэльва невялікае мястэчка, ці прыходзіць у царкву моладзь вянчацца?"

(а.Аляксандар: ) "Так, моладзь прыходзіць, але для некаторых вянчаньне — гэта прыгожы абрад, на жаль. Для больш царкоўных людзей гэта блаславеньне божае на сумеснае жыцьцё. Адназначна: ёсьць такія і такія. Але вянчаньні ёсьць і хрышчэньні. Хацелася б, каб пасьля хрышчэньня і вянчаньня гэтыя людзі не забываліся на царкву".

А пра саму Зэльву, пра родныя мясьціны землякі не забываюцца нават у далёкай Аўстраліі. Міхаіл Лаўдэр з Сыднэю 52 гады ня бачыў Радзімы. Першы раз ён наведаў Беларусь, калі прыяжджаў на Першы зьезд беларусаў сьвету ў 1993-м годзе. Цяпер ён прыехаў зноў. У Зэльве ён гасьцяваў са сваячкай Аленай Таболіч, якая выкладае ў Менскім лінгвістычным унівэрсытэце.

(Міхаіл Лаўдэр: ) "Мяне забралі саветы, потым польская армія. Мы выехалі ў Ірак. З Іраку я прыехаў у Англію. На бамбоўцах лятаў. А мае хлопцы пайшлі пад Монтэ-Касіна. З Англіі я прыехаў у Аўстралію".

Міхаіл Лаўдэр жыве ў Сыднэі — гэта вялікі горад з 4-мільённым насельніцтвам, але беларусаў вельмі мала. Старыя паміраюць, і беларускае жыцьцё затухае.

(Лаўдэр: ) "Ёсьць суполка ў Сыднэй. Клюб невялікі. Маладыя ня хочуць уступаць".

(Карэспандэнт: ) "А зь Беларусі новыя эмігранты не прыяжджаюць?"

(Лаўдэр: ) "Прыяжджаюць. Мы іх запісалі. Не прыходзяць на наш клюб, не цікавіць. Тры сям'і запісалі".

(Карэспандэнт: ) "Беларусам-пэнсіянэрам жывецца ў Аўстраліі лягчэй, чым у Зэльве і ў Беларусі ўвогуле?"

(Лаўдэр: ) "Мы атрымліваем 300 даляраў на 2 тыдні, аўстралійскіх. І жонка таксама. З пэнсіі цяжка пражыць, трэба мець запас".

Спадар Лаўдэр мае свой пчольнік.

(Карэспандэнт: ) "Ці даюць пчолы прыбытак?"

(Лаўдэр: ) "Якія пшчолы! Якія там грошы. Як у нас гаварылі: заробіш як Заблоцкі на мыдле. У мяне 16 рояў, выводжу ў лес".

Мёд аўстралійскі экзатычны — эўкаліптавы. Каштуе нядорага, 5 даляраў за кіляграм. Але госьцю вельмі спадабаўся наш скідальскі — ліповы. У Беларусі ў Міхаіла Лаўдэра шмат родзічаў. Але ён ня раіць ім пакідаць роднай хаты.

(Лаўдэр: ) "У мяне сваякі і ў Горадні. Скідэль, Ражанка, Ліда, Менск. Як выедзеш — чужына чужыной. Хочацца дадому ехаць. Я сабраў усе сілы, каб сюды прыехаць. Нават у дарозе захварэў, у Франкфурце. Тут маю яшчэ 2 сястры і брата. Вайна ўсіх паразьбівала беларусаў, па ўсім сьвеце.

Я быў радыёапэратар на бамбавозах. Потым нас звольнілі, і ўсе паразьяжджаліся куды хто мог. А каб прыехаў сюды... На Калыму. Потым адзін прыехаў сюды, Касьцюк. Пад Монтэ-Касіна быў. Прыехаў сюды, "пяцёрку" атрымаў, пяць гадоў. Яго дом я зьняў, ужо згніў".

Вось такая гісторыя. Каб убачыць родныя мясьціны і сваякоў, Міхаіл Лаўдэр ляцеў самалётам зь перасадкамі: Сыднэй–Бангкок, Бангкок–Франкфурт і далей — на Менск. А чалавеку, між іншым, ужо 82 гады.

А як выглядае жыцьцё самой Зэльвы, куды землякі імкнуцца нават з далёкай "краіны кенгуру"? Выглядае знутры, вачыма карэннага жыхара? Пра гэта апавядае Юры Качук, які вельмі любіць сваё мястэчка:

(Качук: ) "Зэльва — утульнае прыгожае мястэчка, якое існуе з 1258 году. Адзінае, што выклікае абурэньне, — гэта амаль павальнае п'янства. Вельмі шмат п'юць у Зэльве. Амаль адсутнічае інтэлігенцыя. Баюся трапіць у "ладзьдзю роспачы". Але ўсё-ткі веру, што нейкія перамены адбудуцца.

Часта маю стасункі з рознымі людзьмі. Мяне ў Зэльве ўсе ведаюць зь дзяцінства, я тут нарадзіўся. Замілаванае гэта месца. Люблю яго, хварэю душой, і хочацца вельмі, каб нешта адбылося.

Скардзіцца мне працаўніца трыкатажнай фабрыкі, перад кірмашом славутым зэльвенскім. Кажа: ну што я пайду на гэты кірмаш, што там купіць за 12 тысяч заробку майго? У мяне трое дзяцей, я адна жыву, у інтэрнаце. Інтэрнаты страшэньнейшыя, ніхто іх не даглядае, грошай няма.

У Зэльве яшчэ людзі вельмі запалоханыя. Страх, страх гняце людзей. Вот у час збору подпісаў зьбіраў за Зянона Пазьняка — вельмі цяжка ставілі подпісы. І матывавалі гэты страх нейкай сваёй паказною сьмеласьцю: я не хачу, усё адно падмануць, я і гэтага Лукашэнкі не хачу.

Увогуле супраць Лукашэнкі вельмі. Зьмянілася за сем гадоў, тады — як была нейкая ўсхваляванасьць, пачуцьцё нейкіх зьменаў, што ня будзе бюракратыі, вэртыкалі. Цяпер вэртыкаль яшчэ горшая, чым пры камуністах. Людзі мне так кажуць: скардзься куды заўгодна, пракурору, старшыні райвыканкаму — нідзе праўды ня знойдзеш. Праўда на баку ўлады.

Дазвол трэба атрымаць цяпер на ўсё, нават каб памыцца. Ваду даюць цяпер толькі ў пятніцу, суботу і нядзелю, гарачую ваду. Кажуць: вадасховішча вялікае — купайцеся!..

Такое водасховішча, а рыбы ў крамах няма. Хаця вельмі танна каштуе. Скардзіцца рыбпрадпрыемства, што крамы не бяруць гэтай рыбы. Людзі скардзяцца, што няма ў крамах рыбы, а крамы ня хочуць яе чамусьці браць.

З прадуктамі вельмі цяжка. У нас адзіная крама ад Ваўкавыскага мясакамбінату больш-менш прыстойная. Дзе можна купіць чаго-небудзь. Ну і што, сам бачыў, які ў нас кірмаш — 12 з паловай палатак, і людзі езьдзяць у Ваўкавыск, у Горадню, у Слонім за прадуктамі. Як заробак ёсьць, як зарплату выплацілі, так і паехалі".

І, дарэчы, гэта не згушчэньне фарбаў. Намесьнік старшыні райвыканкаму Л.Біч прызнаў, што жыхарам Зэльвы па кожную нават дробязь даводзіцца езьдзіць у суседнія гарады і нават у Горадню. Туды і грошы з раёну ўцякаюць, наракае вэртыкальшчык. І прызнае, што зэльвенцы па месяцу ня могуць адрамантаваць абутак або зрабіць завіўку ў цырульні, бо няма чым.

Сталоўка зачыненая, рэстаран не адрамантаваны. Вада ў Зэльве кепская, бо няма абсталяваньня для яе абезжалезьваньня. Карацей, нэндзнае жыцьцё. Улады гэтым летам, праўда, аднавілі славуты Аньненскі кірмаш, які існаваў з каралеўскіх часоў. Але пакупніцкая здольнасьць зэльвенцаў невялікая. Сярэдні заробак — 67 тысяч, у службе быту — 33 тысячы.

У раёне каля 1 тысячы пакінутых дамоў. Напаўпустыя вясковыя крамы. Рыбныя і мясныя вырабы амаль не завозяцца, каб не псаваліся, бо няма лядоўняў. У адной вёсцы ў краме няма пральнага парашку, з абутку — на ўсіх жыхароў адна пара гумавых ботаў. У вясковых дзіцячых садках не хапае цацак. Але тутэйшыя людзі нейк трымаюцца і нават песьні сьпяваюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG