Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА МЕНШЧЫНЕ – ЦКАВАНЬНЕ АПАЗЫЦЫЙНЫХ АКТЫВІСТАЎ І КАНФІСКАЦЫІ НЕЗАЛЕЖНЫХ ГАЗЭТАЎ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Сёньня ў Слуцку міліцыянты затрымалі актывіста руху "Зубр" Андрэя Акулава, які распаўсюджваў спэцвыпуск "Нашай свабоды" з матэрыяламі супраць кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. У пастарунку блізу 300 асобнікаў газэты, што, дарэчы, выдаюцца законным чынам, былі канфіскаваныя.

Адметна, што ўсплёск гэткіх затрыманьняў і канфіскацыяў прыпаў на апошнія тры дні. Так учора ў Салігорску міліцыянты затрымалі 8 сяброў "Зубра" зь ліку распаўсюднікаў спэцвыпускаў розных незалежных выданьняў, і тут без канфіскацыі рэшты накладаў не абышлося.

Як паведаміў старшыня Вялейскай філіі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Малярчук у рэгіёне, гэтымі днямі ў вёсцы Вярхі нарад міліцыянтаў сканфіскаваў 200 асобнікаў спэцвыпускаў "Народнай волі", "Рабочага" ды іншых незалежных газэтаў, якія былі раскладзеныя ў мясцовай краме на сталах дзеля распаўсюду.

Тое ж самае адбылося і ў краме вёскі Людзьвінава. Прадаўшчыцам, што дазволілі раскласьці газэту ў сваіх крамах, старшыня Касьцяневецкага сельвыканкаму Валеры Германенка прыгразіў звальненьнем.

Паводле Ўладзімера Малічука, указаньне канфіскоўваць падчас агітацыйнай кампаніі апазыцыйную прэсу, якая хай сабе выходзіць законна, даў старшыням сельвыканкамаў ды ўчастковым міліцыянтам, кіраўнік Вялейскай райвэртыкалі Яўген Сініла. Маўляў, за кожнага незатрыманага распаўсюдніка і за кожны не адабраны ў іх нумар выпуску тыя адкажуць уласнымі пасадамі.

Падобныя прыклады характэрныя таксама і для іншых райвыканкамаў Меншчыны.

XS
SM
MD
LG