Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХІТРЫКІ ЎЛАДАЎ НЕ САРВАЛІ СУСТРЭЧУ ГАНЧАРЫКА З ВЫБАРШЧЫКАМІ НА КАСТРЫЧНІЦКАЙ ПЛОШЧЫ Ў МЕНСКУ


Віталь Цыганкоў, Менск

Улады загадзя рыхтаваліся да сустрэчы Ганчарыка з выбарцамі. Яшчэ ў суботу па ўсёй Кастрычніцкай плошчы панаставілі шапікаў ды гандлёвых палатак для кірмашу. Гучна грала музыка — расейская папса. Літаральна ля прыступак Палаца прафсаюзаў стаялі пустыя аўтамабільныя фургоны — відавочна, каб замінаць правядзеньню сустрэчы.

Гэта, аднак, не перашкодзіла тым 4-5 тысячам людзей, якія прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу паслухаць адзінага кандыдата.

Імправізаваная сцэна на прыступках Палацу прафсаюзаў была аздобленая лёзунгамі "Выберем единого" і "Честность — лучшая политика". У натоўпе луналі сінія сьцягі Фэдэрацыі прафсаюзаў, бел-чырвона-белыя, чырвоныя камуністычныя, а таксама сьцягі з выявай зубра.

Уладзімер Ганчарык паводле традыцыі сваёй перадвыбарчай кампаніі гаварыў на дзьвюх мовах. Вось фрагмэнты з уступнага слова адзінага кандыдата:

(Ганчарык: ) "Мы зробім з вамі ўсё, каб народ чэсна і справядліва мог абраць сабе прэзыдэнта. Гэтаксама, як мог абраць кіраўніка гораду, раёну, вобласьці — каб яны адказвалі перад людзьмі, а не прызначаліся зьверху. Гэтак будзе, мы вам абяцаем...

І галоўнае, што забясьпечыць новая ўлада — упэўненасьць кожнаму грамадзяніну, упэўненасьць гэтаму сымпатычнаму хлопчыку, які сёньня мне аплядыруе, што ў яго будзе будучыня. Мы гэтага даб'емся...

Так — мы, беларусы, мы павінны паважаць сваю краіну. Але гэтага можна дабіцца толькі тады, калі мы пачнем паважаць самі сябе — калі мы пачнем ня ганьбіць нашу нацыянальную культуру, родную нашу шчырую пяшчотную мову, калі ня будзем баяцца нашых традыцыяў, калі міліцыя ня будзе разганяць хлопцаў, якія йдуць пад бел-чырвона-белым сьцягам. Мы зробім так, каб паважаць грамадзян. І імя самае высокае і пачэснае будзе — грамадзянін Беларусі".

За адзінага кандыдата заклікалі галасаваць Вінцук Вячорка, Міхаіл Чыгір, Уладзімер Някляеў, Сяргей Калякін, Павал Казлоўскі, Васіль Лявонаў, Юры Хашчавацкі ды многія іншыя. Бадай, найбольш воплескаў здабыў выступ Анатоля Лябедзькі. І гэта ня дзіва — Лябедзька гаварыў пра Аляксандра Лукашэнку.

(Лябедзька: ) "Нам кажуць па БТ, што Аляксандар Лукашэнка самы сьціплы і просты чалавек. І вось гэты "сьціплы і просты" чалавек прыходзіць у храм Божы, на Вялікдзень. Яго вітае паства: "Хрыстос уваскрэс". Ён, паклаўшы руку на сэрца, "сьціпла" кажа: "Спасіба".

Некалькі разоў падчас сустрэчы Ўладзімер Ганчарык адказваў на пытаньні прысутных. Адказваў коратка, зразумела, можна сказаць, у мітынговым стылі.

(Пытаньне: ) "Ці будзеце вы падтрымліваць прэсу?"

(Ганчарык: ) "Так".

(Пытаньне: ) "Ці будзе вайсковая служба на кантрактнай аснове?"

(Ганчарык: ) "У нас будзе мабільнае, добра забясьпечанае войска, скарочаны час тэрміновай службы, будзе таксама альтэрнатыўная служба і паступова пяройдзем на прафэсійнае войска".

(Пытаньне: ) "Рыхтуецца продаж за бясцэнак Менскага аўтамабільнага заводу. Ад нас, работнікаў заводу, усё гэта робіцца ў таямінцы. Завод хочуць прадаць па частках Расеі".

(Ганчарык: ) "Мы не дазволім гэтага рабіць!"

Арганізатары сустрэчы імкнуліся разбаўляць палітычныя прамовы мастацкімі нумарамі. Гэтак, знакаміты бард Зьміцер Бартосік выканаў баляду пра сумную гісторыю беларуса з Чачэрску, які атрымаў заробак угнаеньнямі і паехаў прадаваць іх у Расею. Таксама Зьміцер Бартосік выканаў сваю знакамітую песьню "Гандураскі сэрыял" з галоўным героем Донам Лукасам.

Сустрэча працягвалася дзьве гадзіны — ад 12-й да 14-й. А вось як яна завершылася:

(Ганчарык: ) "І вы не сумнявайцеся — мы ўсё зробім дзеля перамогі. І мы пераможам! Дабра вам! Жыве Беларусь!"

XS
SM
MD
LG