Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАЛАЦЫ КУЛЬТУРЫ БЕЛСАЎПРОФУ ПРАЙШЛА ПРЭЗЭНТАЦЫЯ ФІЛЬМУ “СЛУЧАЙ З ПАЦАНОМ” СТУДЫІ NAVINKI HOME VIDEO


Юрась Барысевіч, Менск

У Палацы культуры Белсаўпрафу прайшла прэзэнтацыя мастацкага кінафільму "Случай з пацаном". Фільм выпусьціла незалежная кінастудыя "Navinki Home Video", заснаваная рэдакцыяй газэты авангардыстаў і анархістаў "Навінкі". Паводле сюжэту гэта сацыяльная камэдыя з элемэнтамі палітычнага трылеру. Фільм зьняты на добрым мастацкім узроўні і прэтэндуе на статус першае беларускае мастацкае стужкі, якая можа зацікавіць сучасную моладзь.

2 верасьня ў мястэчку Бобр, дзе жыве мастак Алесь Пушкін, адбудзецца канцэрт бардаў Касі Камоцкай і Зьмітра Сідаровіча, а таксама рок-гурту "Аварыйнае выйсьце". Крупскі райвыканкам забараніў ладзіць гэтую імпрэзу ў мясцовым Доме культуры, таму канцэрт пройдзе пад адкрытым небам — на пагорку перад хатаю Алеся Пушкіна, які сам выступіць у ролі канфэрансье.

У Навукова-мэтадычным цэнтры вучэбнае кнігі адкрылася выстава новых школьных падручнікаў. Намесьнік міністра адукацыі Генадзь Дылян на адкрыцьці выставы паведаміў, што да пачатку навучальнага году пабачылі сьвет 102 падручнікі, але больш за два дзясяткі заплянаваных падручнікаў дагэтуль яшчэ не надрукаваныя. Дзяржава выдала больш за 90 мэтадычных дапаможнікаў для пэдагогаў, аднак амаль усе яны ляжаць у сховах незапатрабаваныя, бо для бальшыні настаўнікаў гэтыя дапаможнікі не цікавыя.

6 верасьня ў менскім касьцёле Сьв. Роха адбудзецца літаратурна-музычная імпрэза пад назовам "І вынайшаў я крылы — вось яны…" Возьмуць удзел паэт Алесь Разанаў і нямецкі кампазытар Ёган фон Врохэм. Паэт сам будзе ўдзельнічаць у выкананьні сюіты "Калодзеж", якую фон Врохэм напісаў паводле аднайменнай паэмы Разанава. На сцэне будуць паралельна гучаць тры мовы: беларуская, нямецкая і музычная.

У Музэі гісторыі літаратуры, а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзяць выставы, прысьвечаныя 125-м угодкам паэткі Алаізы Пашкевіч, больш вядомай пад псэўданімам Цётка. На гэтых выставах можна паглядзець калекцыю партрэтаў Цёткі, зробленых многімі вядомымі мастакамі, рукапісы, кнігі, ілюстрацыі — у тым ліку да славутага твору "Хрэст на Свабоду".

Дом творчасьці інвалідаў "Інвацэнтар" шукае таленты для стварэньня ўласнага тэатру, а таксама для аднаўленьня гурту народнае песьні "Сваякі". У "Інвацэнтры", які ня мае аналягаў ва ўсёй СНД, стала дзеюць студыя выяўленчага мастацтва, клюб бардаўскае песьні й эстрадны ансамбаль інвалідаў "Надзея".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG