Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА РЭПРЭСІІ МІЛІЦЫІ МОЛАДЗЬ РЭЧЫЦЫ ПРАВЯЛА ТРЭЦІ ЭТАП АКЦЫІ “МЯНЯЕМ СТАРОЕ НА НОВАЕ”


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Абмен старой ідэалягічнай літаратуры, аўдыёкасэт з расейскай папсой на песьні беларускіх выканаўцаў, кнігі беларускіх гісторыкаў дапоўніўся сёньня абменам пустога піўнога посуду. Усім, хто прыносіў тры пляшакі з-пад піва, моладзь выдавала супэр-асвяжаючы напой. На плястыкавай бутэльцы было напісана: “9 верасьня – час пераменаў. Зрабі цьвярозы выбар!”

Паказаньні да ўжытку новага напою такія: “Маладым выбаршчыкам, якія пэрыядычна забываюцца на прэзыдэнцкія выбары”, “Патрыётам, якім не падабаецца сытуацыя ў краіне”. Згадваліся і незвычайныя ўласьцівасці напою (цытата): “Прадукт расплюшчвае вочы, прачышчае мазгі, надае аптымізму, паляпшае памяць”.

У супэр-напоя былі і супрацьпаказаньні: “У ідэйных лукашыстаў магчыма вострае хваравітае прыступападобнае жаданьне пераменаў”.

І сёньняшняя, і ранейшыя шматлікія агітацыйныя акцыі рэчыцкіх маладых дэмакратаў выклікалі ў горадзе шырокі рэзананс. Міліцыя на гэта з санкцыі пракурора Будкова правяла вобыск у мясцовым аддзяленьні грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”, якое зьяўляецца рэсурсавым цэнтрам для мясцовых грамадзкіх арганізацыяў.

Ператрусы ўчыненыя і на кватэрах актывістаў Натальлі Брэль, Зьміцера Цярэнцьева, Крысьціны Барбакадзэ ды іншых. Шукалі найперш балёнчыкі з фарбай. Праваахоўнікі ўзбудзілі нават крымінальную справу з нагоды зьяўлення на будынках графіці. Пры гэтым надпісы робіць і мясцовы БПСМ, але ягоных чальцоў міліцыя не чапае.

Ператрусы закранулі толькі дэмакратычна настроеную моладзь. Распавядае сябра АГП Натальля Брэль.

(Брэль: ) “Думаю, што яны меліся нас дэмаралізаваць і выключыць увогуле з усялякай дзейнасьці. Але наша моладзь бярэ актыўны ўдзел у агітацыйнай кампаніі. Мы праводзім свае акцыі, як і плянавалі”.


XS
SM
MD
LG