Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВА ЎСІХ ВАСЬМІ ГАРАДАХ ГАРАДЗЕНШЧЫНЫ, ШТО ЁН НАВЕДАЎ, ГАНЧАРЫК СУТЫКНУЎСЯ ЗЬ ПЕРАШКОДАМІ ЎЛАДАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У Лідзе Ўладзімер Ганчарык выступіў перад школьнікамі на ўрачыстай лінейцы. Ён павіншаваў іх з пачаткам навучальнага году. Сказаў, што год гэты будзе пераломным для Беларусі. Выступаць яму давялося перад першаклясьнікамі. Паколькі вучняў старэйшых клясаў хуценька распусьцілі. Затым адбылася сустрэча з выбаршчыкамі ў актавай залі 15-й школы. Пытаньняў у лідчукоў было вельмі шмат. Каб адказаць на ўсе, застаўся Міхаіл Чыгір, які зьяўляецца даверанай асобай кандыдата.

Самога Ўладзімера Ганчарыка ўжо чакалі ў Смаргоні. Заля ў доме культуры была поўнай. Кандыдат расказаў аб сваёй праграме, аб сваіх першых кроках у выпадку абраньня прэзыдэнтам. Пасьля абеду ён накіраваўся ў сталіцу. Сёньня ўвечары Ўладзімер Ганчарык будзе прысутнічаць на футбольным матчы паміж камандамі Беларусі і Ўкраіны.

Падчас паездкі па Гарадзеншчыне камандзе адзінага кандыдата давялося сутыкнуцца са спробамі перашкодзіць Уладзімеру Ганчарыку сустрэцца з выбаршчыкамі. Напрыклад, у пятніцу ў другой палове дня ў пасёлку Краснасельскі Ваўкавыскага раёну. Аб сустрэчы з рабочымі было дамоўлена з дырэктарам буйнога цэмэнтнага заводу. Аднак ён некуды зьнік. Высьветлілася, што яго выклікалі ў аблвыканкам і параілі не рабіць сустрэчу з Ганчарыкам. Давялося зьмяніць пляны і правесьці яе ў мясцовым доме культуры.

Падобнае адбылося ў самім Ваўкавыску. У апошні момант улады захацелі перанесьці месца сустрэчы, прычым на ўскраіну гораду. Тады Ўладзімер Ганчарык вырашыў выступіць на плошчы ў цэнтры. Сабралася нямала людзей, а таксама – міліцыі. Людзі ў цывільным, якія фільмавалі сустрэчу, папросту лезьлі у вочы. Кандыдат на прэзідэнта папрасіў іх спыніць відэаздымку і пакінуць плошчу.

Жыхары горада паведамілі госьцю, што ягоныя партрэты актыўна зрываюць міліцыянты, члены БПСМ і дворнікі. Зрываліся таксама абвесткі аб сустрэчы з Уладзімерам Ганчарыкам. Такое здаралася і ў іншых месцах.

Учора ўвечары адбылася сустрэча адзінага кандыдата з выбаршчыкамі ў Слоніме. Каля школы нумар тры, дзе яна праходзіла, сабралася больш за тысячу гараджан. У гэты час улады адключылі ў школе электрычнасьць, каб немагчыма было падлучыць гукавую апаратуру. Такім чынам, улады на Гарадзеншчыне імкнуліся стварыць перашкоды Ўладзімеру Ганчарыку. Аднак сарваць сустрэчы з выбаршчыкамі не атрымалася.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG