Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНІ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ПРЫЗНАЮЦЦА, ШТО АХВОЧЫХ ГАЛАСАВАЦЬ ДАТЭРМІНОВА НЯШМАТ


Кізімер Яноўскі, Гомель

Дваццаць дзевяць кіраўнікоў раёньных і гарадзкіх тэрытарыяльных камісіяў у прысутнасьці назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЭ рапартавалі, што выбарчыя ўчасткі рэгіёну гатовыя 4 верасня распачаць датэрміновае галасаваньне. Асобныя нявырашаныя тэхнічныя пытаньні тычыліся функцыянаваньня электроньнай пошты, а таксама забесьпячэньня сельскіх тэлефонных станцыяў ў Жыткавіцкім і Лельчыцкім раёнах рэзэрвовым электрасілкаваньнем.

З 3 верасьня міліцыянты бяруць пад кругласутачную ахову ўсе выбарчыя ўчасткі. Для гэтага прыцягваюцца дадатковыя сілы. У той жа Жыткавіцкі раён дадаткова накіроўваюцца два з паловай дзясяткі міліцыянтаў, якіх забясьпечваюць ня толькі жытлом, але і аднаразовым бясплатным харчаваньнем.

Ужо сёньня старшыні атрымалі выбарчыя бюлетэні для сваіх гарадоў і раёнаў. Зьвяртае, аднак, на сябе ўвагу такая акалічнасьць: нягледзячы на разрэклямаванае датэрміновае галасаваньне, кіраўнікі раённых і гарадзкіх камісіяў не засьведчылі істотнага жаданьня выбаршчыкаў галасаваць датэрмінова. Прынамсі, старшыня Ельскай раённай камісіі Рыгор Цык на пытаньне, ці ёсць заявы выбаршчыкаў адносна таго, каб прагаласаваць раней за 9 верасьня, адказаў коратка: “Няма”.

Між тым, напрыклад, у Жлобіне на Беларускім металюргічным заводзе створаны нейкі арганізацыйны камітэт падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў прэзыдэнта. Заводзкая газэта “Металург” пісала з гэтай нагоды /цытата/: “Адным з асноўных момантаў будучай кампаніі стане датэрміновае галасаваньне”.

Тым часам міліцыя працягвае хапаць людзей, якія раздаюць друкаваныя матэрыялы не пра Лукашэнку. Учора ў Лоеве былі затрыманы спадары Кавальчук і Волкаў. Яны распаўсюджвалі буклеты ў падтрымку Ганчарыка. Паколькі буклеты зарэгістраваны ў Цэнтарвыбаркаме, то спадараў Кавальчука і Волкава абвінавацілі ў тым, што яны не зьяўляюцца чальцамі ініцыятыўнай групы адзінага кандыдата і нібыта ня маюць права распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы.

Павальныя вобыскі прайшлі ў Рэчыцы на кватэрах Моладзі АГП, сяброў Маладога Фронту і Свабоднага прафсаюзу.


XS
SM
MD
LG