Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЙБОЛЬШЫЯ ВЫСІЛКІ ЎЛАДАЎ ПА АРГАНІЗАЦЫІ ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАНЬНЯ СКАНЦЭНТРАВАНЫЯ Ў ВЁСЦЫ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле прафсаюзных крыніцаў, гэтымі днямі ў структурах улады з удзелам гаспадарчага актыву праходзяць нарады на тэму арганізацыі датэрміновага галасаваньня. Найперш гэта тычыцца сельскагаспадарчых рэгіёнаў. Гаворыць адзін зь лідэраў галіновага прафсаюзу АПК Павел Нявесьценка:

(Нявесьценка: ) "Учора я меў сустрэчу зь людзьмі, якія былі на нарадзе ў Менскім райвыканкаме. Нарада была ў пытаньні выбараў. Праводзіў яе намесьнік старшыні райвыканкаму Ігар Зіновіч. Зьбіралі намесьнікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў, у тым ліку калгасаў і саўгасаў, перад якімі была пастаўленая арганізацыйная задача. З аўторка насельніцтва мусіць распачаць галасаваньне. Кіраўнікі мусяць забясьпечыць 40% яўкі людзей на датэрміновае галасаваньне".

Сёньня такія ж зьвесткі пра датэрміновае галасаваньне паступілі ў аграрны прафсаюз і зь Віцебшчыны. Паводле інфармацыі лідэра Віцебскага райкаму прафсаюзу АПК Віктара Сівіцкага, тут вэртыкаль уцягвае ў кампанію датэрміновага галасаваньня, апроч вясковых гаспадарнікаў, старшыняў сельскіх саветаў. Як і на Меншчыне, з 4 па 8 верасьня на выбарчыя ўчасткі мусяць прыйсьці 40% выбарцаў Віцебшчыны. Арганізатарам датэрміновага галасаваньня даручылі скласьці сьпісы ягоных удзельнікаў. Выбарцам, што жывуць у аддаленых вёсках, загадалі даць транспарт.

(Нявесьценка: ) "Вядома, гэта будзе праводзіцца за кошт калгасных грошай. Арганізацыя, што будзе выдаткоўваць грошы на аўтатранспарт, будзе яго ж і аплачваць. Між тым, вяскоўцы, паводле нашых апытаньняў, нікуды 9 верасьня не зьбіраюцца выяжджаць. Яны будуць дома і маглі б прагаласаваць менавіта ў гэты дзень. Але ўлады сьвядома імкнуцца атрымаць іхныя галасы датэрмінова. Мэта адна — падтасоўка вынікаў галасаваньня", — заявіў прафсаюзны лідэр, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Павал Нявесьценка.

У выбарчым штабе Ўладзімера Ганчарыка намер уладаў арганізаваць масавае галасаваньне напярэдадні 9 верасьня таксама лічаць сплянаванай кампаніяй, якая мае на мэце фальсыфікацыю вынікаў выбараў. У гэтай сувязі прыхільнікі адзінага кандыдата заклікаюць насельніцтва ня браць удзелу ў датэрміновым галасаваньні.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG