Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАР І ВЫБАРЫ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнік: літаратуразнаўца й пісьменьнік Пятро Васючэнка.

(Ракіцкі: ) "Здавалася б, чаго прасьцей — жыцьцё ставіць чалавека перад выбарам. Ён мусіць абіраць свой лёс. Наўрад ці чалавек жадае кепскага сабе й сваёй нацыі. Сума асабістых выбараў складваецца ў лёс нацыі, дзяржавы.

Чалавецтва выпрацавала для таго прыдатны механізм — дэмакратычныя выбары. Бальшыня падтрымлівае ідэю або палітычнага лідэра шляхам галасаваньня. Цяжка вынайсьці што-небудзь больш дасканалае з гледзішча чыстае дымакратыі або арытмэтыкі.

І ўсё ж. Немцы — ня самая неразумная ў сьвеце нацыя — аднойчы шляхам дэмакратычнага галасаваньня абіраюць Адольфа Гітлера, якія спрыяе зруйнаваньню й ганьбе нямецкага народу. Некалі ня самыя дурныя людзі абіраюць за караля Станіслава Панятоўскага, які губіць колішнюю нашу адзіную дзяржаву — Рэч Паспалітую.

А вось сучасная сытуацыя: выбаршчык ня верыць у тое, што ягоны асабісты выбар як-небудзь паўплывае на лёс выбараў у цэлым. "Выбяруць за мяне", — кажа ён. І вельмі часта, на жаль, не памыляецца. Чаму асабісты выбар, нават самы слушны, ня складваецца ў суму, якую павінны прынесьці ўсенародныя выбары?"

(Васючэнка: ) "Наконт бальшыні. Нагадаю парадаксальнае выказваньне доктара Штокмана, героя Ібсэнаўскай драмы "Вораг народу". Дык вось, гэты доктар Штокман казаў: "Бальшыня заўсёды памыляецца". Пэўна не заўсёды, але памыляецца тады, калі індывідуальны выбар ня складваецца ў суму выбараў, калі назіраецца разыходжаньне паміж імі. А такое здараецца. Скрозь і заўжды".

(Ракіцкі: ) "З вашага гледзішча — дзе ж палягае супярэчнасьць паміж асабістай і калектыўнай воляй?"

(Васючэнка: ) "Першапрычынай ёсьць, на маю думку, фатум. Фатум, які можна зьвязваць з боскай воляй, можна зьвязваць з ірацыяналізмам самога працэсу выбараў, хаця больш дасканалай формы волевыяўленьня народу пакуль ня знойдзена.

Нагадаю першае апісаньне ў сусьветнай літаратуры працэсу галасаваньня. Гэта сцэна з "Арыстэі", калі Рэапаг судзіць Арэста за забойства бацькі. Рэапаг трапляе, так бы мовіць, у прававую пастку. Роўная колькасьць галасоў, чорных і белыў каменьчыкаў, падалі як за сьмерць Арэста, гэтак і за яго памілаваньне. Вось у справу ўмешваецца Афіна. Яна кідае той апошні каменьчык, які абяцае волю й дараваньне Арэсту.

Такім чынам, боская воля — як фатум, які робіць галасаваньне прывілеем багоў. Фатум жа ірацыяналізму пры галасаваньні, пры выбару, адлюстраваны яшчэ ў адным творы антычнае літаратуры — творы Арыстафана "Вершнікі". Нямоглы фізычна й разумова дэмас, народ афінскі, абірае сабе стратэга. Спачатку гэта гарбар, нахабны дэмагог, які хлусіць у вочы свайму гаспадару. Потым на зьмену яму зьяўляецца новы нявольнік, яшчэ больш нахабны, яшчэ большы дэмагог. Хто ж перамагае? Большы дэмагог. Той, хто хлусіць лепей.

Такім чынам, мы назіраем трагічную іронію ў дачыненьні да працэсу выбару. Іронію, якая на ўсё жыцьцё пакідае чалавецтву адчуваньне ірацыяналізму".

(Ракіцкі: ) "Выбары ў антычным сьвеце — рэч ірацыянальная. Там больш паважаўся асабісты выбар, калі чалавек — гаспадар сваёй волі, напрыклад, Эдып. Але наколькі вось гэтыя ўнівэрсальныя формулы антычнага сьвету ўпісваюцца ў кантэкст беларускае гіторыі, беларускае культуры?"

(Васючэнка: ) "Калі падсумаваць факты нашае гісторыі й культуры, зьвязаныя з выбарам і выбарамі, дык высьветліцца, што фактаў ірацыянальных, сумных, нэгатыўных пэўна больш.

Напэўна, адным пазытыўным фактам зьяўляецца існаваньне Полацкага веча, калі індывідуальная воля зьлівалася ў агульную волю палачанаў, якія маглі абіраць сабе князя, якія маглі яго выгнаць, як гэта здарылася 1138 годзе. Але пра полацкае веча мы ведаем няшмат. Яшчэ менш ведаем пра тое, ці сапраўды на карысьць Полацку, Полацкай дзяржаве была гэтая калектыўная воля.

Затое фактаў ірацыяналізму ў выбары і выбарах назіраем больш. Варта прыгадаць апісаньні славутага Мялешкі дэпутатаў у Сойме. Калі ён кажа пра абраньнікаў зь Беларусі як пра сваю костку, якая сабачым мясам абрасла — гэта значыць, здрадзіла сваім. Альбо пра сумны факт абраньня Караля Польскага Станіслава Панятоўскага".

(Ракіцкі: ) "У нашай літаратуры шмат прыкладаў выдатнага асабістага выбару: Эўфрасіньня, Рагнеда, Кірыла Тураўскі, Скарына. Але яны ўсё ж ня сталі прыкладамі для нацыі. І вось мы толькі што перажылі ХХ стагодзьдзе, стагодзьдзе хутчэй практычнае, чым ірацыянальнае. Ці ўнесла ХХ стагодзьдзе нейкія карэктывы ў гэтую панылую схему?"

(Васючэнка: ) "ХХ стагодзьдзе ўнесла новую працэдуру. Дэмакратычную, здавалася б, працэдуру выбараў, якая зьвязваецца, скажам, з выбарамі ў Дзяржаўную Думу, за якімі пільна сачыла першая беларуская газэта "Наша Ніва".

Па сутнасьці, "Наша Ніва" й пачыналася з назіраньняў за ходам выбараў у Дзяржаўную Думу і за паводзінамі ў ёй беларускіх дэпутатаў. Гэтаму прысьвечаныя нумары за 1906, 1907 год. І калі перагартаць гэтыя нумары, то назіраеш цэлы збор парадаксальных, кур'ёзных, анэкдатычных і сумных выпадкаў — калі зноў-такі воля выбаршчыка не зьлівалася ў калектыўную волю.

Упаўнаважаных і дэпутатаў ад мужыкоў, якім сымпатызавала "Наша Ніва", падманвалі, спойвалі, гвалтам далучалі іхныя галасы, зачынялі ў буфэце, дзе прымушалі піць гарбату й п'янстваваць.

Буфэт, мне здаецца, — неадменны атрыбут любых выбараў у ХХ стагодзьдзі. Ды часам і самі выбаршчыкі паводзілі сябе як тая самая костка, якая сабачым мясам абрасла й перадавала свае галасы палітычнай апазыцыі на карысьць антыбеларускіх слаёў. У выніку чаго былі абраныя памешчыкі, "чарнасоценцы", некаторыя сьвятары, што не сымпатызавалі беларускай справе.

Старонкі "Нашай Нівы" даносяць да нас выпадкі, зьвязаныя з так званым PR, — калі, скажам, ксёндз ператвараецца ў палітычнага камэнтатара, або архіерэй бухаецца ў ногі да мужыкоў з тым, каб яны не галасавалі за гарадзкіх".

(Ракіцкі: ) "Якія яшчэ цікавыя прыклады зь літаратуры ХХ стагодзьдзя, што адносяцца да выбараў і выбару, вы можаце прывесьці?"

(Васючэнка: ) "Колас быў надзвычай дасьціпным назіральнікам вось гэтых ірацыянальных працэсаў, што адбываліся падчас выбараў. І вось яркі аповед "Андрэй-выбаршчык", які цудоўна экстрапалюецца й на сучаснай сытуацыі. У ім распавядаецца пра тое, як сяляне зь вёскі выпраўлялі свайго ўпаўнаважанага Андрэя ў горад, дзе б ён павінен быў абіраць ня толькі свой лёс, але й лёс сваёй вёскі, свайго народу. Даверлівыя палешукі вераць у тое, што свабода зь неба не ўпадзе, і за яе трэба змагацца самім".

“Мужыкі нецярпліва чакалі Андрэя з выбараў. На трэці дзень, калі Андрэй павінен быў прыехаць дадому, цэлая грамада мужыкоў у доўгіх кажухах зь люлькамі высыпала на вуліцу каля манаполькі і шумела, як лес у вецер.

Тут былі і такія, што пасьпелі налізацца і сьпявалі песьні. А Антось Байбак нават пайшоў у скокі і баранаваў пясок на вуліцы старымі ботамі, на якіх не хапала аднаго абцаса.

– Андрэй ідзе! Ідзе Андрэй!

Гоман як бачыш сьціх, і ўся грамада заварушылася, як адзін чалавек. Толькі адзін Антось Байбак не хацеў злучацца з грамадою і не пераставаў араць пясок, крычучы, каб на яго пазіралі, бо ён паказваў, як даўней скакалі лявоніху. Але на яго ніхто не пазіраў.

Андрэй ішоў, апусьціўшы галаву. З адной кішэні доўгага сівага халата тырчэла турэцкая булка, як раменны мужыцкі чук.

Мужыкі цесна абступілі Андрэя.

– Ну, чым жа ты пацешыш нас, Андрэй?

Андрэй махнуў рукою, і першае ягонае слова насіла імя той рэчы, якую мужыкі на поле вывозяць.

– Каго ж выбралі?
– Папоў ды чыноўнікаў.
– А яны стаяць за мужыкоў? – пыталі ізноў мужыкі.
– Дзе бачылі! Усе чарнасоценцы. І прыступу да іх няма. Як выбралі дэпутатаў, дык усе чарнасоценцы давай біць у далоні, сьпяваць, я думаў, што лявоніху скакаць яшчэ пусьцяцца… Стаялі мы, братка, моцна. У канцы адзін з мужыкоў сказаў рэч надта жаласную. “Скрыўдзілі, кажа, мужыкоў, не выбралі іх дэпутата. Хто будзе гаварыць у Думе аб цяжкай долі нашай…”

Мужыкі ўсе плакалі.

Стары Хлёрка выціснуўся на першае месца, абвёў усіх мужыкоў вачамі і сказаў:

– Ну, што, чыя праўда?..”

(Ракіцкі: ) "А вось такая формула — выбары бяз выбараў. Ці спазнала гэтую формулу Беларусь?"

(Васючэнка: ) "Перадусім за часамі адноўленай Рэчы Паспалітай, калі многія нашыя землякі, сялянства аддавалі свае галасы за так званую едынку, пункт нумар адзін у выбарах у Сойм. Едынкай пазначаўся дэпутат Юзаф Пілсудзкі, вынаходнік санацыі. Пілсудзкі, які калісь называўся ў анкетах "беларус", а потым распачаў барацьбу зь беларушчынай, беларускай мовай і праваслаўем.

Ну, і вядома гэта калгасныя выбары, калі нічога не залежала ад выбаршчыкаў, якія ператвараліся ў такі шумны спэктакль, апісаны ў творах Міхася Зарэцкага дый Мележа, прысьвечаных калектывізацыі".

(Ракіцкі: ) "На нашай памяці выбары й камуністычных часоў. Ці ня тут, спадар Васючэнка, карані няверы людзей у выніковасьць выбараў? Няверы ў тое, што голас аднаго чалавека можа стаць вырашальным?"

(Васючэнка: ) "Выбары за савецкім часам у нас на памяці разам з тымі буфэтамі, аранжыкамі, півам. Выбары, ад якіх нічога не залежала. І кожны выбаршчык быў споўнены вось гэтай ірацыянальнай сьвядомасьцю, усьведамленьнем таго, што "выберуць безь мяне". І гэта рыхтавала той парадаксальны варыянт выбараў, калі выбаршчык галасуе на злосьць усім, на злосьць самому сабе, на злосьць здароваму сэнсу".

(Ракіцкі: ) "Які, на вашу думку, спадар Васючэнка, найбольш характэрны тыпаж беларускага выбаршчыка? Той стары хлёрка, які ні ў што ня верыць, ці мо Андрэй хадыка за грамадзкую справу, гэткі пасыянары з народу, або даверлівыя ды інэртныя сяляне, якіх так проста абуць у лапці?"

(Васючэнка: ) "Мне ўяўляецца перадусім гэдакі беларускі Гамлет, які пакутуе над пытаньнем "З кім быць?", "Што рабіць?", "Якую пазыцыю ў жыцьці выбіраць?", які вагаецца паміж варыянтамі выбару. Гэта той жа Ігнат Абдзіраловіч з аповесьці Гарэцкага "Дзьве душы", гэта Лявон Задума Максіма Гарэцкага, гэта — Лабановіч, які на працягу 800 старонак у трылёгіі "На ростанях" так і не абірае той партыі, да якой ён бы далучыўся.

Гэта беларускі Гамлет, які робіць свой выбар у апошнюю хвіліну. А ці пойдзе ён на выбары, ці ня пойдзе — нікому не вядома. Магчыма, ён паступіць так, як паступіў у свой час Жан-Поль Сартр, вынаходнік экзыстэнцыялізму. Ён падтрымаў канстытуцыю камуністаў, але галасаваць за яе адмовіўся.

Яшчэ адзін масавы варыянт беларускага выбаршчыка — гэта чалавек, які прагаласуе толькі за адну партыю. Партыя гэта будзе называцца ПСХ — пільнуй сваю хату. Партыю, якую вынайшаў беларускі камэдыёграф Леапольд Родзевіч".

(Ракіцкі: ) "Але гэткая пазыцыя небясьпечная. Яна супярэчыць гістарычнай хадзе нацыі да прагрэсу. Зрэшты, такая пазыцыя разбурае самую асобу".

(Васючэнка: ) "У сытуацыі "выбары бяз выбару" такая пазыцыя адзіна магчымая. Але ў псыхалёгіі беларуса жыве іншая магчымасьць. Гэта пазыцыя таго выбаршчыка, які складаў адну сотую працэнта нават на савецкіх выбараў, які галасаваў супроць. Гэта вера Янкі Купалы, вера на пачатку стагодзьдзя, вера ў Вялікі Сход, на якім нарэшце індывідуальныя выбары, індывідуальныя волі сальюцца ў волю агульную".

(Ракіцкі: ) "Але тут мы маем справу, як мне здаецца, і з генэтычным успамінам пра тое ж Полацкае веча? Спадар Васючэнка, вы зараз узгадалі Купалаў Вялікі Сход. Чаму ж так і не зрэалізавалася за стагодзьдзе выратавальная Купалава ідэя Вялікага Сходу?"

(Васючэнка: ) "Сапраўды, купалаўскую ідэю Вялікага Сходу можна атаясамліваць і з Полацкім вечам, а яшчэ больш верагодна з тым Усебеларускім кангрэсам, якога Купала чакаў, на якім нарэшце павінен быў адбыцца вось гэты фэномен зьліцьця індывідуальных воль у калектыўную.

Але мы ведаем, што здарылася з гэтым беларускім кангрэсам. Яго лёс сымбалічны да ўсёй нашай гісторыі ХХ стагодзьдзя. Яго разагнала купка п'яных матросаў, але ўзброеных людзей.

Я спадзяюся, што ў ХХІ стагодзьдзі такое не паўторыцца. І ўрэшце фэномен зьліцьця індывідуальнай і калектыўнай волі адбудзецца. Хочацца ў гэта верыць".
XS
SM
MD
LG