Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ САПРАЎДЫ ШУКАЮЦЬ ГЕНАДЗЯ ЎГЛЯНІЦУ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

26 жніўня сваякі апошні раз бачылі супрацоўніка менскай абласной управы КГБ Генадзя Ўгляніцу, пра зьнікненьне якога загаварылі 27 жніўня. Яшчэ праз два дні Ўгляніца быў абвешчаны ў рэспубліканскі вышук, і вось ужо тры дні, паводле паведамленьняў КГБ, яго шукаюць.

(Фёдар Котаў: ) "Робіцца ўсё магчымае, цэлы комплекс мераў апэратыўна-вышуковага характару. А гэта закрытыя і адкрытыя мерапрыемствы, адно без другога не бывае", — заявіў Радыё Свабода кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў.

Ён пацьвердзіў ранейшую пазыцыю КГБ, паводле якой Угляніца не разглядаецца як дэзэртыр ці злачынца. Котаў абверг меркаваньне, нібыта надзвычайныя захады ў справе пошуку супрацоўніка КГБ тлумачацца тым, што ён зьнік разам з сакрэтнымі дакумэнтамі.

(Котаў: ) "Усе службовыя дакумэнты, зь якімі працаваў Угляніца, ягонае пасьведчаньне, зброя — усё на месцы. Справа толькі ў тым, што ён мог трапіць у бяду. Ягоны лёс нас вельмі хвалюе. Мы хочам знайсьці яго жывым і здаровым", — сказаў прадстаўнік КГБ Фёдар Котаў.

Паводле сваякоў Генадзя Ўгляніцы, ад яго ці пра яго дагэтуль не было ніякіх зьвестак. Цесьць зьніклага Радзім Гарэцкі распавёў, што на наступны дзень пасьля зьнікненьня Генадзя да іх прыяжджаў ягоны начальнік і нейкі сьледчы, яны размаўлялі зь ім і жонкай Генадзя Інэсай, але сваіх вэрсіяў здарэньня не выказвалі.

Пра тое, што Генадзь займаўся расьсьледаваньнем справаў зьніклых палітыкаў, ніхто ня ведаў, але Радзім Гарэцкі схільны меркаваць, што зяць ня хлусіў.

(Радзім Гарэцкі: ) "Вельмі, разумееце, хлопец станоўчы — такі капітальны, я б сказаў. У нейкую афэру ён не павінен быў улезьці. Я гэта і па тэлебачаньні казаў, што я яму веру. Такім чынам... відаць нешта было, мы проста мала ведаем, але вось ён сказаў тое, што сказаў", — мяркуе цесьць Генадзя Ўгляніцы Радзім Гарэцкі.

Магчыма, Генадзь Ўгляніца аб'явіцца недзе за мяжой, як гэта было ў свой час зь міліцыянтам Батурыным ці з супрацоўнікамі пракуратуры Случакам і Петрушкевічам. Сваякі зьніклага чэкіста кажуць, што ягонага пашпарта ў доме няма, аднак яны ўзгадваюць, што ў гэтым пашпарце нават не было штампу, які дазваляе выязд за мяжу.

Між тым, яшчэ пазаўчора некаторыя СМІ атрымалі дакумэнт, названы пратаколам допыту СОБРаўца Мяцельскага, які нібыта быў сьведкам забойства Ганчара і Красоўскага і зьнішчэньня іхнага джыпа. Пасланьне было падпісанае Генадзем Угляніцам, але ніякіх доказаў таго, што гэта менавіта ён, не прыводзілася. Сёньня я даслаў на электронны адрас Угляніцы некалькі пытаньняў, адказы на якія маглі б пацьвердзіць альбо абвергнуць ягоную асобу. Адказаў пакуль няма.

Калі я пацікавіўся ў прэсавай службе МУС, як вядзецца пошук Угляніцы, ці накіраваныя на вакзалы, у аэрапорты, на пасты ДАІ паведамленьні пра зьнікненьне разам з апісаньнем зьнешнасьці, адказ быў такі: "Гэта КГБ абвесьціла яго ў вышук, вось хай і шукае".


XS
SM
MD
LG