Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МОЛАДЗЬ АГП ПРАВЯЛА ПЕРАДВЫБАРЧУЮ АКЦЫЮ Ў ПУНКТАХ ПРЫЁМУ ШКЛОТАРЫ


Ягор Маёрчык, Менск

Да нечаканай прапановы наведнікі пунктаў прыёму шклотары на вуліцы Гікала ставіліся па-рознаму. Ня ўсіх задавальняў палітычны зьмест налепкі на бутэльцы. Тым ня менш, страціўшы надзею здаць некалькі піўных бутэлек, адна кабета рызыкуе і тлумачыць чаму:

(Жанчына: ) "Я працую дворнікам. Сабрала бутэлькі, прынесла здаць".

(Карэспандэнт: ) "А гэта нейкім чынам дапамагае вам жыць?"

(Жанчына: ) "Натуральна. Многа можна зарабіць, і макулятурай можна шмат зарабіць. Заробак у мінулым месяцы быў 90 тысяч. Ну і штодня на макулятуры я маю па два-тры лімоны".

Я вырашыў запытацца, ці пойдзе яна на выбары і за каго будзе галасаваць.

(Жанчына: ) "Буду. Але ня ведаю за каго. Шмат агітацыі. Большасьць кажа, што за Лукашэнку. А я ня ведаю, за каго. Мне яны ўсе аднолькавыя".

Тым часам пільная супрацоўніца пункту прыёму шклотары, не задаволеная зьместам маіх пытаньняў, выклікае міліцыю:

(Супрацоўніца пункту прыёму: ) "Яны бяруць тут інфармацыю. Атрымліваецца, што ў нас адныя алкашы. А пасьля будуць трансьляваць па "Свабоде": гэта прадстаўнікі Голасу Свабоды. Я слухаю рэгулярна "Свабоду" і маю прадстаўленьне".

(Міліцыянт: ) "Можна вас..."

Міліцыянт, праўда, нічога ня мае супраць акцыі абмену, але раіць праводзіць яе ў іншым месцы.

На вуліцы Берасьцянскай наведнікі пункту прыёму шклотары ставяцца да акцыі абмену з пэўным недаверам, але ахвотна адказваюць на пытаньні:

(Мужчына: ) "Не, не хачу!"

(Карэспандэнт: ) "Чаму?"

(Мужчына: ) "Мяне шмат разоў падманвала дзяржава".

(Карэспандэнт: ) "А з выбарамі што-небудзь зьменіцца?"

(Мужчына: ) "Не, ён сфальшуе выбары".

(Карэспандэнт: ) "Хто "ён"?"

(Мужчына: ) "Прэзыдэнт".

(Карэспандэнт: ) "А вы ўжо ведаеце, за каго хочаце галасаваць?"

(Іншы: ) "Я ведаю — Ганчарык".

(Карэспандэнт: ) "З выбарамі жыцьцё ў краіне неяк зьменіцца?"

(Іншы: ) "Я думаю, што так".

(Карэспандэнт: ) "З кім вы зьвязваеце такія спадзяваньні? Зь якім кандыдатам?"

(Іншы: ) "Толькі не з Лукашэнкам. Не разумею крыху ягоную палітыку. І менавіта працу з насельніцтвам. Ён абяцаў адно, а робіць іншае. Абяцаў не падымаць цэны на тую самую малочную прадукцыю, але падвысіў".

(Карэспандэнт: ) "А за каго вы будзеце галасаваць?"

(Трэці: ) "Вы ведаеце, хутчэй за ўсё ад прафсаюзаў... Ганчарык".

(Карэспандэнт: ) "За каго галасаваць будзеце?"

(Трэці: ) "За Гайдукевіча, натуральна".

(Карэспандэнт: ) "А як вы ставіцеся да Лукашэнкі?"

(Трэці: ) "Рэзка адмоўна, таму што ён неразумны чалавек, ён проста мне не падабаецца як чалавек".

Асноўнай мэтай акцыі было паведаміць наведнікам пунктаў прыёму шклотары, шмат хто зь якіх не чытае газэтаў і нават не глядзіць тэлевізару, што 9 верасьня ў Беларусі адбудуцца выбары і што кожны праз галасаваньне можа зьмяніць сваё жыцьцё. Але, мяркуючы па выказваньнях людзей, большасьць ужо вырашыла, за каго аддаць голасы.

XS
SM
MD
LG