Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПРОСТЫЯ ГРАМАДЗЯНЕ СТАВЯЦЦА ДА ВАЙСКОВЫХ ВУЧЭНЬНЯЎ “НЁМАН 2001?”


Ганна Соусь, Менск

Адметна, што практычна ўсе хлопцы прызыўнога ўзросту, зь якімі мне сёньня давялося гутарыць, паставіліся да манэўраў "Нёман 2001" адмоўна. Гаворыць студэнт Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Сяргей:

(Сяргей: ) "Я заўсёды лічыў, што Беларусь — гэта маленькая дзяржава, і ёй не патрэбная такая вялікая армія. Патрэбныя, можа, нейкія ўнутраныя войскі, невялічкі кантынгент. Але ж мы нічога ня зробім, калі пачнецца якая-небудзь агрэсія з боку іншых краін. Таму нам не патрэбныя гэтыя вучэньні. Толькі лішнія грошы..."

Гэтак жа лічыць Яўген, студэнт Беларускага ўнівэрсытэту інфарматыкі й радыёэлектронікі.

(Яўген: ) "Мне здаецца, што такой дзяржаве, як Беларусь, войска не зусім патрэбнае. Мне вельмі падабаецца прыклад Швайцарыі як нэўтральнай краіны. Яна, як і Беларусь, знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, толькі Швайцарыя — у цэнтры Заходняй, а Беларусь — у цэнтры Ўсходняй Эўропы. Мне падаецца, што Беларусь магла б прытрымлівацца нэўтралітэту, як і Швайцарыя".

А аднакурсьнік Яўгена Віктар мяркуе, што на гэтыя манэўры выдаткоўваецца зашмат грошай.

(Віктар: ) "Можна было б гэтыя грошы на навуку пусьціць, стыпэндыю большую б плацілі..."

Сярод маіх суразмоўцаў былі й тыя, хто мяркуе, што Беларусі варта прадэманстраваць усяму сьвету сваю вайсковую моц. Гэтак лічыць Мікола зь Берасьця.

(Мікола: ) "Гэта вучоба, адпрацоўка розных пытаньняў. Калі мы ня будзем карміць сваё войска, то будзем карміць чужое".

Зь ім згодны сьлесар Уладзімер:

(Уладзімер: ) "Патрэбныя, таму што такая палітычная абстаноўка, таму што НАТО ладзіць такія невялікія вучэньні. Вельмі патрэбныя, перад выбарамі тым больш".

Больш стрыманая пазыцыя ў інжынэра спадара Аляксандра:

(Аляксандар: ) "Вучэньні заўсёды патрэбныя. Вось толькі ня ў гэты час. Цяпер выбары, і грошай многа трэба на гэта. А вучэньні патрабуюць шмат сродкаў. Нібыта мы паказваем сваю моц перад кімсьці. Напэўна перад тымі, хто хоча, так бы мовіць, зьмяніць уладу".

Адметна, што ніхто з апытаных (ані праціўнікаў, ані прыхільнікаў правядзеньня вайсковых манэўраў) ня ведаюць, колькі яны каштавалі беларускім падаткаплатнікам. І найбольш тыповым адказам на пытаньне пра кошт манэўраў быў наступны.

(Спадарыня: ) "Ня ведаю, але мяркую, што многа".

А вось выкладчыца Галіна прапанавала арганізатарам вайсковых манэўраў "Нёман 2001" іншую сфэру дзеля выдаткоўваньня дзяржаўных сродкаў:

(Галіна: )"Я думаю, што гэта марнатраўства. Гэта можна было б хаця б на адукацыю пусьціць. Мне здаецца, зараз гэта самае галоўнае..."


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG