Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ ПІКЕТ У ВІЦЕБСКУ САБРАЎ ЦІ НЯ ЎСЮ МІЛІЦЫЮ ГОРАДУ


Алег Жукоўскі, Віцебск

А 17-й гадзіне якраз пад вялізным стэндам «9 верасьня – выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» залунаў бел-чырвона-белы сьцяг і 15 чалавек разгарнулі плякаты «Лукашэнку ў адстаўку! Жыве Беларусь!», «Не – таталітарызму! Так – дэмакратыі!», «Гэтак далей жыць нельга! Лукашэнка, сыходзь!» ды іншымі. Удзельнікі пікету скандавалі: «Хопіць трываць таталітарны рэжым!», «З 10 верасьня хочам жыць у дэмакратычнай краіне!», «Свабоднай краіне – дэмакратычныя выбары». Да удзельнікаў акцыі далучыўся й пакрыўджаны ўладамі фэрмэр з Сеньненскага раёну.

Сталі падыходзіць мінакі, некаторыя рабілі здымкі. Супрацоўнікі ДАІ, якія правяралі машыны побач, хуценька адышлі на іншы бок пляца. Першы УАЗік зь міліцыянтамі прыехаў праз 12 хвілінаў. Але выходзіць з яго людзі ў камуфляжы не сьпяшаліся. І толькі калі народ пачаў здымацца на фоне іх машыны, адтуль павылазіла ажно восем чалавек. Яшчэ праз тры хвіліны пад’ехаў на чорнай «Волзе» кіраўнік міліцыі грамадзкай бясьпекі маёр Мацьвееў, падкацілі тры УАЗы зь міліцыянтамі і адзін з АМАПам. Мацьвееў распачаў зь пікетоўшчыкамі дыскусію, заклікаў іх разысьціся ці прайсьці ў пастарунак. Тыя не згаджаліся і давялі, што акцыя будзе доўжыцца пэўны час. Сабраўся натоўп месьцічаў, якія зацікавіліся гэткай колькасьцю людзей у форме. Маёр загадаў міліцыянтам ад’ехаць на другі бок пляца і пачаў тэлефанаваць больш высокаму кіраўніцтву. Хутка прыехаў і кіраўнік адзелу ўнутраных справаў палкоўнік Кунавіч. Але загад затрымліваць пікетоўшчыкаў ніхто не аддаваў. Як потым сказаў Мацьвееў, навошта даваць журналістам магчымасць размаляваць падзею ў фарбах і выклікаць спачуваньне месьцічаў і выпадковых замежных турыстаў з аўтобуса, які пад’ехаў да пікетоўшчыкаў.

Акцыя працягвалася гадзіну. Пад самы фінал падыйшоў нейкі падпіты грамадзянін і пачаў крычаць пра масонаў, якія плоцяць «вот гэткім нашчадкам паліцаяў» даляры. Аднак у натоўпе хаўрусьнікаў не знайшоў.

Пасьля заканчэньня пікету маёр Мацьвееў паскардзіўся карэспандэнту, як яму ўжо абрыдлі гэтыя апазыцыянэры, і што ў любым выпадку яны атрымаюць позвы ў суд. Сваё слова адказны кіраўнік стрымаў. Калі ўдзельнікі разыходзіліся па вуліцах гораду, да іх пачалі пад’яжджаць машыны з АМАПаўцамі, спыняць і высьвятляць прозьвішчы і адрасы. Дакладна вядома, што на кароткі час затрымлівалі Сяржука Васенку, Інэсу Галееву і Андрэя Капорыкава.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG