Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАЯВІЎ, ШТО АМЭРЫКАНЦЫ НЕ ДАРАСЬЛІ ДА ЯГОНАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ


Юры Сьвірко, Менск

Учора Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскай тэлепраграме "Момант ісьціны" назваў зварот дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла з нагоды 10-годзьдзя абвешчаньня незалежнасьці Беларусі "нахабным", "беспрэцэдэнтным" і "недапушчальным".

Спадар Лукашэнка таксама сказаў: "Хай даруе яму Гасподзь. Трыста гадоў яны маюць цывілізацыю, мы з вамі — больш як дзьве тысячы. Ну не дарасьлі яны да нашай цывілізацыі — разумееце, ня ўмеюць паводзіць сябе карэктна".

Паводле Лукашэнкі, амэрыканскі дзяржсакратар "абражае вялікі народ, які разам з расейскім cалдатам выратаваў чалавецтва ад карычневае чумы", а расейскія правыя "наўпрост купленыя" Злучанымі Штатамі, і менавіта гэтым тлумачыцца невыкананьне шмат якіх расейска-беларускіх саюзных пагадненьняў.

А міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў, які таксама вельмі нэгатыўна ацаніў зварот свайго амэрыканскага калегі, на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі паспрабаваў зьмягчыць сытуацыю.

(Хвастоў: ) "Мы пацьвярджаем тое, што мы гатовыя адкрыта супрацоўнічаць з усімі краінамі Эўрапейскага Зьвязу, як і з Эўразьвязам у цэлым. Гэта ж стасуецца й Злучаных Штатаў",— сказаў віцэ-прэм'ер Міхаіл Хвастоў, адказваючы на маё пытаньне пра пагаршэньне стасункаў Беларусі са Злучанымі Штатамі. Спадар Хвастоў дадаў:

(Хвастоў: ) "Наконт стасункаў са Злучанымі Штатамі ды іх пагаршэньня — я ня бачу, скажам, што ёсьць пэўная трывога. Зварот дзяржсакратара ЗША — гэта зварот дзяржсакратара ЗША. Палітычныя дзеячы, відаць, выбіраюць канкрэтны момант — калі можна гэта зрабіць. Але тое, што гэта зроблена ня ў лепшы час, я гэта пацьвярджаю".

Міхаіл Хвастоў адмовіўся адказаць на маё пытаньне, якія менавіта новыя патрабаваньні да Беларусі ён убачыў у звароце дзяржаўнага сакратара ЗША.

(Хвастоў: ) "Пра новыя патрабаваньні мы пагаворым з вамі потым".

Нагадаю, што ўчора амбасадар ЗША Майкл Козак у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што аніякіх новых патрабаваньняў з боку Вашынгтона не было — ёсьць толькі старыя, вядомыя патрабаваньні, агульныя для ўсёй АБСЭ.

А сёньня амбасада ЗША ў Беларусі распаўсюдзіла заяву з нагоды затрыманьня й дэпартацыі амэрыканскага грамадзяніна Робэрта Фільдынга, якога затрымалі ў гарадзенскім гатэлі праз абвінавачаньне ў парушэньні правілаў рэгістрацыі ў гатэлях.

"Потым ён быў падвергнуты 10-гадзіннаму допыту супрацоўнікамі праваахоўчых органаў, якіх нібыта "выпадкова" суправаджалі тэлекамэры Беларускага тэлебачаньня", — зазначае амэрыканская амбасада й дадае, што цягам усяго допыту спадар Фільдынг "быў пазбаўлены права на юрыдычную дапамогу, яго прымусілі падпісаць заяву й зрабілі аб'ектам здымак падкантрольнага дзяржаве Беларускага тэлебачаньня, якое пазьней — хаця не прайшлі й суткі пасьля ягонай дэпартацыі — паказала часткі гэтага допыту ў праграме гэтак званых навінаў "Рэзананс", што выходзіць у найлепшы час".

Амбасада ЗША ў Менску зьвяртае ўвагу на тое, што потым беларускія ўлады зьмянілі сваю вэрсію ды што, насуперак намаганьням консула й пасла, амэрыканская амбасада не змагла зьвязацца зь якім-небудзь беларускім урадавым чыноўнікам, акрамя дзяжурнага ў Міністэрстве замежных справаў, каб спраўдзіць факты ў гэтай справе.

"Цікава, што кантраляванае дзяржавай Беларускае нацыянальнае тэлебачаньне было загадзя папярэджанае пра затрыманьне амэрыканскага грамадзяніна, каб мець мажлівасьць здымаць увесь допыт, але адказныя чыноўнікі беларускага ўраду цягам выходных дзён былі недаступныя для абмеркаваньня гэткага важнага пытаньня, якое датычыць ня толькі спадара Фільдынга, але й стасункаў паміж ЗША й Беларусьсю", — гаворыцца ў заяве амэрыканскае амбасады ў Менску.

"Урад Беларусі падпісаў Венскую канвэнцыю пра консульскія зносіны, якая прадугледжвае неадкладнае інфармаваньне консульскіх супрацоўнікаў адпаведнай краіны ў выпадках, калі затрыманы замежны грамадзянін. Урад Беларусі дзейнічаў з надзвычайнай пасьпешлівасьцю, каб спадар Фільдынг быў дэпартаваны да таго, як пабачыць консульскага супрацоўніка ЗША".

Амэрыканская амбасада паведамляе, што беларускія чыноўнікі не дазволілі скарыстацца правам на юрыдычную дапамогу перад допытам, хаця гэта гарантуе Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі. Адвакату спадара Фільдынга паведамілі, што ён ужо вызвалены, хаця насамрэч ён быў яшчэ затрыманы.

"Прадпрымаючы надзвычайныя дзеяньні — затрыманьне й перасьлед амэрыканскага грамадзяніна — відавочна, з адзінай мэтаю стварыць прапагандысцкі матэрыял для кантраляванага дзяржаваю Беларускага нацыянальнага тэлебачаньня, урад спарадзіў сур'ёзныя пытаньні наконт яго намераў", — заявіла пра дэпартацыю беларускімі ўладамі Робэрта Фільдынга амбасада ЗША ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG