Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛУКАШЭНКА ПАДАРАВАЎ САБЕ… МЭТРО


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

“Московский комсомолец” піша: “Бацька сёньня для Беларусі – ейнае ўсё: і канстытуцыя, і незалежнасьць, і “гонар і сумленьне”. Так хочацца думаць самому Аляксандру Рыгоравічу. А галоўнае, яму хочацца пераканаць у гэтым беларусаў і наладзіць сабе яшчэ адзін дзень нараджэньня – ужо ў якасьці другога прэзыдэнта”.

“З гэтай нагоды, – піша “Московский комсомолец,” – “перадвыбарчы” бёрздэй будзе сьвяткавацца з асаблівым шыкам. Сёлета Лукашэнка вырашыў зрабіць сабе публічны падарунак. Выбар трапіў на новую станцыю мэтро ў Менску, якую вырашана было назваць “Магілёўскай”, паколькі прэзыдэнт краіны родам з гэтай вобласьці. У дзень свайго нараджэньня Лукашэнка будзе пасажырам № 1 гэтай станцыі”.

“Час пік”, які набліжаецца, выклікае ў прэзыдэнцкім атачэньні нешта блізкае да псыхозу, – піша "Московскій комсомолец”. – Такой вакханаліі ня бачылі нават у цэнтральнаазіяцкіх рэспубліках, дзе перамога “манарха” дасягаецца ўсё ж іншымі сродкамі – не такімі істэрычнымі”. А што ж думае беларускі народ? “Магчыма, мы так і не даведаемся. Занадта ўжо хочацца Лукашэнку наладзіць сабе новы прэзыдэнцкі Дзень нараджэньня.” – Заключае “Московский комсомолец”.

І на яшчэ адзін артыкул з нагоды Дня нараджэньня Лукашэнкі зьвернем увагу – “Дзень нараджэньня Бацькі: беларускі лідэр застаецца ў вузкім коле” ў газэце “Известия. Прааналізаваўшы пачуцьці, якія можа выклікаць Лукашэнка ў вэртыкальшчыкаў, гаспадарнікаў, людзей культуры дый ключавых фігураў зь ягонай адміністрацыі, “Известия” прыходзяць да высновы: “Шанцы застацца ў блізкім коле мелі толькі тыя, хто так ці іначай спрыяў знаходжаньню прэзыдэнта ва ўладзе. Сыйшоўшыя з уласнай ініцыятывы прыраўноваліся да здраднікаў”. Таму і “невядома, хто будзе прысутнічаць на дні нараджэньня кіраўніка дзяржавы”. – Пішуць рсейскія “Известия”.

Газэта “Известия” аналізуе і сумесную ваенную дактрыну Расеі і Беларусі, якую ўчора зацьвердзілі прэм’еры дзьвюх краінаў, а цяпер яе маюць падпісаць Пуцін і Лукашэнка. Адзначаючы шмат несупадзеньняў у безсыстэмных вайсковых рэформах, газэта падкрэсьлівае, што “напісаць сумесную дактрыну сталася значна прасьцей, чым рэальна аб’яднаць войскі Расеі і Беларусі ў адзіную рэгіянальную групоўку, што было анансавана Масквой і Менскам некалькі гадоў таму”. Газэта не абыйшла тут увагаю і маштабныя вучэньні “Нёман-2001”, адзначыўшы, што нават Расея можа сабе ня часта дазволіць такі “фаервэрк”.

Расейска-беларускае збліжэньне сталася тэмай інтэрвію тыдня ў газэце “Вёрсты”. Дзяржсакратар гэтак званага Саюзу Беларусі і Расеі Павал Барадзін заявіў, што (цытую) “погляды на выбар шляху дзяржаўнага будаўніцтва беларуска-расейскага Саюзу ў двух удзельнікаў аб’яднаўчага працэсу розныя… У выпадку, калі беларускі бок будзе жорстка прытрымлівацца ня вельмі прымальнага для Расеі варыянту двухсуб’ектнай фэдэрацыі, апошняя, хутчэй за ўсё, абярэ тактыку захаваньня цяперашняга нявызначанага стану, які ў значнай ступені не задавальняе беларускага кіраўніка, але не супярэчыць інтарэсам расейскага боку”.



XS
SM
MD
LG