Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЬ РЭЧЫЦЫ ПАСЛАЛА ЛУКАШЭНКУ ПАДАРУНКІ НА РАЗЬВІТАНЬНЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

Збор падарункаў для Лукашэнкі моладзь Аб'яднанай грамадзянскай партыі і маладафронтаўцы Рэчыцы распачалі яшчэ тыдзень таму. У абвестках яны напісалі: "Зрабі разьвітальны падарунак любімаму чалавеку ў апошнія дні ягонай дзейнасьці".

Сёньня ўсе сабраныя падарункі ў шыкоўным пакунку, перавязаным стужкай, моладзь перадала загадчыку аддзелу арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкаму Ўладзімеру Ведзьгуну. Наколькі вядома, там былі запакаваныя падарункі ад "Сьцюардэсы", "Аптыміста" і "Пэсыміста".

Спадар Вядзьгун, убачыўшы моладзь са сьвяточным пакункам, павесялеў. Але калі даведаўся, што гэта не БПСМ, спахмурнеў. Аднак загадчык усё ж паабяцаў завезьці падарункі Аляксандру Лукашэнку.

Тым часам у Калінкавічах кіраўнік групы ў падтрымку Ганчарыка спадар Кабанаў накіраваў ужо шостую заяву на адрас пракурора Судаса. Ён чарговы раз паінфармаваў пракурора пра факты масавага парушэньня артыкула 45, часткі 10 Выбарчага кодэксу. На прадпрыемствах і ў арганізацыях Калінкавічаў, а таксама ў вёсках Азарычы, Бабровічы, Даманавічы ды іншых зьнішчаныя паўтары сотні агітацыйных плякатаў Уладзімера Ганчарыка.

Як паведаміў Юры Кабанаў, да зьнішчэньня плякатаў мае дачыненьне загадчык аддзелу інфармаваньня райвыканкаму Сяргей Цішкевіч і мясцовая структура БПСМ. Пракурор Судас аднак не выяўляе зацікаўленьня ў справе прыпыненьня вайны супраць перадвыбарчых плякатаў Ганчарыка. Абмяжоўваецца адпіскамі.

Ёсьць яшчэ адна знакавая падзея. Мясцовыя ўлады актыўна заняліся ўсхваленьнем палітыкі цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Дзеля гэтага ў рэгіён запрасілі двух дэпутатаў левай арыентацыі Вярхоўнай Рады Ўкраіны — Анатоля Даманскага і Ўладзімера Матвеева. Празь мясцовыя сродкі масавай інфармацыі яны ўхваляюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі й распавядаюць, як кепска жывецца ва Ўкраіне.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG