Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЯ ПРЭСА СУР’ЁЗНА ЎЗЯЛАСЯ ЗА ТЭМУ “ЭСКАДРОНАЎ СЬМЕРЦІ”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Бальшыня артыкулаў у сёньняшніх расейскіх газэтах мае кідкія загалоўкі, уласьцівыя крымінальнай хроніцы.

“Время новостей” – “Целы Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ня знойдзеныя на месцы, паказаным супрацоўнікам КГБ Генадзем Угляніцам”.

“Коммерсантъ” – “Супраціўнікі рэжыму ня знойдзеныя: кіраўнік МУС Беларусі не знайшоў джыпу з трупамі”.

“Независимая газета” – “КГБ Беларусі правярае зьвесткі пра “эскадрон сьмерці”.

Пасьля трох слоў у загалоўку – “Чым бліжэй выбары…” – Уладзімер Ефанаў, аўтар “Российской газеты” паставіў шматкроп’е. Выклаўшы падзеі ўчорашняга дня вакол відэа, у якім былыя супрацоўнікі КГБ распавядаюць пра абставіны сьмерці Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, аўтар расшыфроўвае сваё шматкроп’е: “Усе гэтыя вэрсіі літаральна зваліліся апошнім часам на галовы беларускіх выбарцаў. Чуткі і прыдумкі, падкідныя шчырасьці ў Інтэрнэце, відэастужкі – вось далёка ня поўны сьпіс непацьверджанага кампрамату, якім сілкуюць беларускіх тэлегледачоў на добры сон”.

“Новые Известия” ў артыкуле “Тайны менскага двара”, канстатуючы, што “расьсьледаваньні ў справе забойства Захаранкі, Ганчара і Красоўскага зайшлі ў безвыхадзь”, і шукаючы прычыну маруднага вядзеньня сьледзтва, цытуюць генэрала Валеръя Кеза: “Прэзыдэнт не зацікаўлены ў раскрыцьці злачынства. Як і генпракурор Шэйман, які мае дачыненьне да дзейнасьці “эскадрону сьмерці” і ажыцьцяўляе кантроль за сьледзтвам ў справе ахвяраў”.

Зь якім стандартам жыцьця прыйшлі беларусы да сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў, расейскія чытачы маюць зразумець з артыкулу “Цукрам крамы забясьпечвае сам прэзыдэнт”, зьмешчаным у сёньняшнім нумары “Комсомольской правды”. “Галоўнае дасягненьне дзесяцігодзьдзя, – піша газэта, – стала шмат ежы. Але шмат не зьясі. Курс беларускага рубля паўзе долу, кошты ў крамах і на кірмашах –наадварот, угару. Практычна кожны беларус можа купіць іншамарку: іх ганяюць з суседніх Польшчы і Літвы. Але бэнзін такі дарагі, што многія аўтаўладальнікі езьдзяць на працу на тралейбусе. Так і не прыйшлі ў Беларусь заходнія інвэстыцыі…”

“Время новостей” аналізуе праект ваеннай дактрыны Саюзу Беларусі і Расеі. Пасьля зацьверджаньня дакумэнту прэмъер-міністрамі Касьянавым і Ярмошынам, ён будзе перададзены на прэзыдэнцкі ўзровень. Дактрыну, якая зьяўляецца амаль поўнай копіяй аналягічнага расейскага дакумэнту, паводле вайсковых крыніцаў газэты “Время новостей”, Лукашэнка і Пуцін могуць падпісаць ужо бліжэйшымі днямі, зрабіўшы яе перадвыбарчым падарункам беларускаму электарату.

XS
SM
MD
LG