Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПЕРАШКОДАХ ДЛЯ ПРАЦЫ ШТАБУ ГАНЧАРЫКА ГОМЕЛЬСКІЯ ЎЛАДЫ ДЭМАНСТРУЮЦЬ ВЫНАХОДЛІВАСЬЦЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

Чатыры давераныя асобы адзінага кандыдата ў прэзыдэнты спадара Ганчарыка працуюць зараз у Гомельскім рэгіёне. У прыватнасці, Алена Скрыган паведаміла нашаму радыё, што адміністрацыі швэйнага аб’яднаньня “Камінтэрн” і фабрыкі “Спартак” не дазволілі ёй сустрэцца з работніцамі гэтых прадпрыемстваў. Распавядае спадарыня Скрыган.

(Скрыган: ) “Яны спаслаліся на тое, што ў кожным раёне прынята рашэнне, паводле якога вылучана адно ці два месцы для сустрэчы з кандыдатамі ў прэзыдэнты і іх даверанымі асобамі. Матывіроўка такая: па-за межамі гэтых месцаў ніякіх сустрэчаў праводзіць нельга”.

З нагоды забароны давераныя асобы адзінага кандыдата накіравалі заяву пракурору гораду Леаніду Кірмелю пра парушэньне Выбарчага кодэксу.

Другі ліст накіраваны пракурору вобласьці Алегу Палавінку. Працягвае Алена Скрыган.

(Скрыган: ) “Зьвярнуліся да пракурора вобласьці з пратэстам на такое ж рашэньне Веткаўскага райвыканкаму, які наогул прыняў вельмі “мудрае” рашэньне: усе сустрэчы праводзіць у адной вёсцы,” – кажа, не стрымліваючы сьмеху, давераная асоба адзінага кандыдата.

Старшыня Веткаўскага райвыканкаму Аляксандр Баранаў удакладніў:

(Баранаў: ) “У нас выдзеленыя два месцы – выдатны клюб у вёсцы Прысна і Дом культуры ў райцэнтры. Але ў той дзень якраз ішоў рамонт ДК тут, у горадзе. Ён і зараз вядзецца, а іншага памяшкання ў райцэнтры нельга было даць,” – кажа старшыня Баранаў.

Наколькі вядома, рэкамендацыі пра вылучэньне усяго двух месцаў для перадвыбарных сустрэчаў райвыканкамы атрымалі ад абласной “вэртыкалі”. Праўда, ніхто пры гэтым не рэкамендаваў, якім чынам патрапіць на сустрэчу людзям з аддаленых паселішчаў. Больш за тое, міліцыянты хапаюць людзей, што раздаюць пра кандыдатаў друкаваныя матэрыялы. Прынамсі, учора ўвечары міліцыянты Навабеліцкага раёну, старшына Стагначоў і малодшы сяржант Якаўцаў, затрымалі Андрэя Яначкіна і Дзіму Казлова. Яны раздавалі буклеты пра Ўладзімера Ганчарыка ў краме “Крыштальная”.

А сёньня ахоўнікі таго ж Навабеліцкага раёну Гомеля і людзі ў цывільным учынялі вобыск усім, хто выходзіў з дому раённага каардытатара ў падтрымку Ганчарыка Ўладзімера Пузікава.

XS
SM
MD
LG