Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІЦЭ-ПРЭЗЫДЭНТ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ 10 ВЕРАСЬНЯ АСАБІСТА АГУЧЫЦЬ ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ МІСІІ БДІПЧ


Уладзімер Глод, Менск

Менавіта Кіма Кільюнен агучыць 10 верасьня афіцыйнае заключэньне місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якая праводзіць абмежаванае назіраньне за выбарамі прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі паведаміў спадар Кільюнен. Паводле ягоных словаў, яго вельмі зьдзівіла атмасфэра, у якой праходзіць такая важная кампанія як выбары кіраўніка беларускай дзяржавы.

(Кільюнен: ) "Думаю, што перадвыбарчая кампанія ў вашай краіне (і я кажу пра гэта адкрыта, гэта асабліва бачна замежнікам) не ідзе актыўна. Застаецца ўсяго паўтара тыдні да выбараў. І мой асабісты досьвед паказвае, што ў маёй краіне, Фінляндыі, перадвыбарчая кампанія праходзіць вельмі жвава. Людзі выходзяць на вуліцы і пераконваюць выбарцаў рознымі спосабамі. І я зьдзіўлены, што ў Беларусі яна праходзіць гэтак павольна".

А калі спадара Кільюнена папрасілі ацаніць тое, што ён убачыў у Беларусі за два дні, эўрапейскі чыноўнік перш-наперш адзначыў наступнае:

(Кільюнен: ) "Мяне вельмі засмучае перасьлед прэсы і парушэньні правоў чалавека".

А пачаўся другі й апошні дзень візыту Кіма Кільюнена сустрэчамі з кандыдатамі на прэзыдэнта: спачатку з Уладзімерам Ганчарыкам, а затым зь Сяргеем Гайдукевічам.

Калі размова з Ганчарыкам прайшла дастаткова спакойна — эўрапейскаму чыноўніку перадалі вялікі стос зафіксаваных парушэньняў выбарчага заканадаўства, дык пасьля размовы з Гайдукевічам спадар Кільюнен, які ўжо чвэрць стагодзьдзя прафэсійна прысьвячае палітыцы, не пераставаў зьдзіўляцца — які эмацыйны і ўзрушаны чалавек Сяргей Гайдукевіч!

Спадар Гайдукевіч надзвычай абураўся — 27 жніўня Цэнтарвыбаркам абавязаў Беларускае тэлебачаньне даць яму магчымасьць абвергнуць зьневажальныя выказваньні, дапушчаныя на ягоны адрас лідэрам Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Ўладзімерам Жырыноўскім. А ўжо наступным днём Беларускае тэлебачаньне зноў паказала той жа выступ Жырыноўскага. Прычым, зроблена гэта было адразу пасьля афіцыйнага тэлевізійнага звароту Гайдукевіча да выбарцаў у праграме "Выбары-2001".

Ці можа Цэнтарвыбаркам дамагчыся выкананьня сваёй жа пастановы? Ці можна такія выбары лічыць дэмакратычнымі й свабоднымі? Гэтыя і падобныя пытаньні кандыдат на прэзыдэнта Гайдукевіч і задаваў намесьніку старшыні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

І вось што сказаў пра гэта Кіма Кільюнен:

(Кільюнен: ) "Спадар Жырыноўскі ўсім добра вядомы. Ён не зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, ён ёсьць сябром расейскай Думы. Я сапраўды яго цудоўна ведаю, а таксама ягоныя характарыстыкі.

Папярэднія гады прадэманстравалі, што вельмі цяжка займацца замежнымі грамадзянамі, у параўнаньні з грамадзянамі краіны, дзе ёсьць адпаведны закон. Гэта было б зразумелае тлумачэньне, але я лічу, што яны (маюцца на ўвазе замежнікі) спрабуюць зрабіць усё, што ў іхных сілах".

Паводле спадара Кільюнена, у яго выклікаюць заклапочанасьць таксама магчымыя фальсыфікацыі, асабліва падчас выязнога галасаваньня.

XS
SM
MD
LG