Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЕДКІ НЕ ПАЦЬВЯРДЖАЮЦЬ ВІНУ ЧАРЛЬЗА ПЭРЫЕЛЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Грамадзяніна Злучаных Штатаў Чарльза Пэрыелу абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, самы цяжкі зь якіх — за ўцягваньне іншых асобаў ва ўжываньне наркотыкаў — пагражае яму 15-цю гадамі турмы.

Былы кіраўнік прадстаўніцтва амэрыканскай арганізацыі "Accels" Чарльз Пэрыела пагаджаецца толькі з тым, што паліў марыхуану ды меў невялікі запас гэтага наркотыка.

Сёньня на працэсе дапытвалі сьведак. Гэта грамадзяне Беларусі, знаёмыя амэрыканца, якія бачылі, як Пэрыела курыў марыхуану, а некаторыя нават ужывалі наркотык разам зь ім. Усе яны, аднак, засьведчылі, што амэрыканец не ўцягваў іх ва ўжываньне наркотыкаў.

Былая танцорка Ірына Раман некалькі разоў гасьцявала на кватэры па вуліцы Кісялёва, дзе жыў Чарльз Пэрыела. Аднаго разу, паводле ейных паказаньняў, Чарльз курыў нешта праз кальян (адмысловую люльку ўсходняга ўзору) і даў пачаставацца ёй, сказаўшы, што яе чакае пачуцьцё лёгкасьці. Але гэта ня быў прымус, лічыць сьведка Ірына Раман. Яна ўвогуле мяркуе, што абвінавачаньні амэрыканцу прад'яўленыя занадта жорсткія.

Падчас апытаньня дзяўчыны пракурор рэспубліканскай пракуратуры Ўладзімер Ананьеў звярнуў увагу на тое, што сьледчаму яна казала пра прапанову амэрыканца пакурыць менавіта "траўку". На гэта сьведка заявіла, што слова "траўка" першым ужыў сьледчы, і зь ягонай падачы гэтае слова зьявілася ў пратаколе.

Прэтэнзіі да сьледчага КГБ прагучалі і з вуснаў сьведкі Натальлі Някрасавай. Яна заявіла суду, што сьледчы аказваў на яе маральны ціск, размаўляў зь ёй на павышаных танах і вельмі жорстка папярэджваў пра адказнасьць за ілжывыя паказаньні. Маўляў, таму на допыце яна сказала, што Пэрыела ўцягнуў яе ва ўжываньне наркотыкаў, а на справе ўсё было добраахвотна.

На працэсе высьветлілася і наступная акалічнасьць. Наркотыкі на кватэру Пэрыелы прыносіў нейкі хлопец па імені Пётар. Якраз гэты Пётар выходзіў з кватэры амэрыканца, калі туды ўварваліся супрацоўнікі спэцслужбаў. Але дзіўным чынам гэтаму Пятру ўдалося зьнікнуць з заблякаванага чэкістамі пад'езду, і дагэтуль яго не знайшлі.

Гэтая акалічнасьць, а таксама тое, што пасьля наведваньня Пятром амэрыканца ў ягонай кватэры, акрамя марыхуаны, знайшлі яшчэ адзін пакунак з моцным наркатычным рэчывам, ад якога ён адмаўляецца, наводзяць адваката Алега Дубаўца на разважаньні пра незвычайнасьць гэтай быццам бы простай крымінальнай справы.

(Дубавец: ) "Мне не падаецца дзіўным, што ён зьнік, але чаму дагэтуль яго не знайшлі? Відавочна ж, што ад ягоных паказаньняў больш за ўсё залежыць аблягчэньне далейшага лёсу Пэрыелы", — сказаў нашаму радыё адвакат Алег Дубавец.

Ён заявіў, што не задаволены тлумачэньнямі сьледчых пра тое, чаму пры дзіўных абставінах зьнік і дагэтуль ня знойдзены ключавы сьведка гэтай гісторыі.

Паводле прагнозу судзьдзі Пятра Кіркоўскага, працэс над амэрыканцам Пэрыелам завершыцца не раней за пачатак наступнага тыдня.


XS
SM
MD
LG