Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УГЛЯНІЦА РАЗАСЛАЎ У СРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ СТЭНАГРАМУ ДОПЫТУ МЯЦЕЛЬСКАГА


Мікола Іваноў, Прага

Як вынікае з тэксту допыту, Мяцельскі шмат ведае. Ён быў кіроўцам дзяжурнай машыны… “У мяне быў Уазік, - сьцьвярджае ён, - “прастытутка” называецца. Пад усіх, каму патрэбна. Каму трэба, той і выяжджаў. З Паўлічэкам я выяжджаў, калі нікога не было”.

Інфармацыю пра “забойства” Ганчара і Красоўскага Мяцельскі атрымаў ад свайго сябра, таксама жаўнера СОБРу Мекіянца, які быў кіроўцам двух машынаў групы Паўлічэнкі – БМВ і Аўдзі.

Паводле інфармацыі Мекіянца, група Паўлічэнкі сустрэла дзьвюх асобаў, “якіх скруцілі” і прывезьлі ў месца знаходжаньня часткі СОБР пад Бягомлем. Асобы гэтыя падарожнічалі на “вялікім, прыгожым джыпе “Чэрокі”. “Калі яны выйшлі з машыны (на вуліцы нікога не было), нашы выбеглі і засунулі іх да сябе ў машыны”, - сьцьвярджае ён. Мекіянец сеў за руль джыпа і паехаў за машынамі СОБРу. Гэта было ўвечары, гадзінаў каля 22”.

Пасьля захопу кіраўнік групы Паўлічэнка нічога не дазволіў узяць з джыпу, а золата, якое мелі захопленыя, ён асабіста выкінуў у возера, сьцьвярджае на допыце ў КГБ Мяцельскі.

У дзень забойства-расстрэлу сам Мяцельскі знаходзіўся ў карауле. Ён асабіста выразна чуў два стрэлы. “Было ўжо зусім цёмна. Усе спалі. Было каля апоўначы, але бліжэй першай гадзіны”.

На наступны дзень, сьцьвярджае Мяцельскі, усе жаўнеры тэрміновай службы першай роты (чалавек 30-40) пайшлі капаць вялізную яму. Паўлічэнка пайшоў зь імі. Паўдня капалі, да 13:30.

Джып раздавілі БТРам і пахавалі ў яме. “Шыкарны джып “Чэрокі”, хацелі ўзяць сабе магнітолу, Паўлічэнка не дазволіў”.

З тэксту допыту вынікае, што Мяцельскі ня ведае дакладнага месца пахаваньня джыпу: “альбо на лініі перашкодаў, альбо недзе побач”. Сам ён там ня быў. Ведае пра гэта толькі са словаў свайго сябра Мекіянца.

Падчас допыту Мяцельскі назваў цэлы шэраг імёнаў вайскоўцаў СОБРу, якія ўдзельнічалі ў гэтых падзеях. Гэта: прапаршчык Балынін, лейтенант Коклін, сержант Юры Будзько і прапаршчык Мурашка.

І яшчэ адна вельмі важная дэталь: з тэксту допыту вынікае, што два дня пасьля гэтых падзеяў Паўлічэнка загадаў жаўнерам СОБРу дакладна адмыць ад пяску БТР і іншыя машыны, якія выяжджалі на месца пахаваньня джыпу, а таксама перавез з гораду сваю жонку і сына ў месца знаходжаньня часткі і прыставіў да іх ахоўніка-спэцназаўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG