Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭДАКЦЫЙНЫ АРТЫКУЛ У NEW YORK TIMES: “БЕЛАРУСКІ ДЗЕРЖЫМОРДА”


Сяргей Шупа, Прага

Перш чым пазнаёміць вас з рэдакцыйным артыкулам у The New York Times. – кароткі агляд іншых замежных газэтаў. У сёньняшнім друку безьліч публікацыяў пра Беларусь. Рамкі нашай праграмы дазваляюць хіба што бегма пералічыць выданьні і тэмы. Галоўная падзея апошніх дзён – новыя факты пра «эскадроны сьмерці». Пра відэакасэту з новымі сьведчаньнямі, пра абвэржэньні ўладаў, пра падрабязнае інтэрвію палкоўніка Алкаева агенцтву Ройтэрз пішуць сёньня парыская International Herald Tribune, амэрыканскія The New York Times, The Washington Post, нямецкія die tageszeitung, Frankfurter Rundschau, аўстрыйская Der Standard, швэйцарская Berner Zeitung, шатляндзкая The Scotsman, фінская Helsingin Sanomat, аўстралійская Sydney Morning Herald.

Агульны агляд выбарчай кампаніі падаюць македонская газэта Дневник і фінская Etelä-Suomen Sanomat. Эстонскія Eesti Päevaleht і Postimees ды польская Rzeczpospolita пішуць пра ўплыў на выбары «акулаў расейскага бізнэсу», а Gazeta Wyborcza паведамляе пра першыя ахвяры на манэўрах «Нёман-2001».

А цяпер зьвернемся да сёньняшняй рэдакцыйнай калёнкі газэты The New York Times. У камэнтары пад загалоўкам «Беларускі дзержыморда» газэта піша:

«Нічога гэтак не штурхае дыктатуру на безаглядныя рэпрэсіі, як пагроза канкурэнцыі на выбарах. Якраз гэта і адбываецца цяпер у Беларусі, апошнім у Эўропе рэдуце савецкай тыраніі. У кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі зьявіўся шанец перамагчы ў сумленных выбарах ў наступным месяцы, і таму Аляксандар Лукашэнка наважыўся здушыць сваіх крытыкаў і накінуўся з лаянкай на Захад. Цяпер слова за вонкавым сьветам, перадусім за Эўразьвязам, Расеяй і Злучанымі Штатамі – ці здолеюць яны запатрабаваць гарантыяў свабодных выбараў і сумленнага падліку галасоў.

Пакуль што спаборніцтва адбываецца вельні несумленна. Улады блякуюць публікацыю апазыцыйнай выбарчай літаратуры, спыняюць друкарскія варштаты незалежных газэті нават пагражаюць выключыць з барацьбы галоўнага апазыцыйнага кандыдата Ўладзіміра Ганчарыка. Лукашэнка, які ў 1994 годзе прыйшоў да ўлады ў выніку свабодных выбараў, ня хоча дазволіць нікому іншаму выкарыстаць такую самую нагоду.

Кандыдацкая кампанія Лукашэнкі была папсаваная праўдападобнымі абвінавачаньнямі ў тым, што службоўцы Міністэрства Ўнутраных Справаў арганзіавалі забойства двух дэмакратычных палітыкаў у 1999 годзе. Падрабязныя сьведчаньні дачыненьня ўладаў да гэтых забойстваў былі перададзеныя праз тэлеканалы суседняй Расеі, у абыход жорсткай цэнзуры беларускай дзяржаўнай тэлевізіі.

Масква ўвесь гэты час была блізкай саюзьніцай Лукашэнкі, спадзеючыся выкарыстаць зручнае разьмяшчэньне Беларусі для транзыту расейскага газу і для дысьлякацыі радараў, каб сачыць за дзеяньнямі НАТО. Ходзяць нават безразважныя гутаркі пра аб’яднаньне дзьвюх краінаў і аднаўленьне палітычных сувязяў, што існавалі за часоў Савецкага Саюзу. У інтарэсах Масквы лепей было б проста, калі б быў абраны больш прыстойны беларускі лідэр.

Эўрапейскі Зьвяз у перадвыбарчы пэрыяд мусіць выяўляць асаблівую пільнасьць і выразнасьць. Будучы палітычным голасам дэмакратычных краінаў Эўропы, Эўразьвяз мусіць прыйсьці на дапамогу тым, хто змагаецца з апошняй дыктатурай Эўропы. Тая скаардынаваная амэрыканска-эўрапейская кампанія, якая дапамагла не дазволіць Слабадану Мілошавічу ўчыніць падман падчас леташніх прэзыдэнтцкіх выбараў, магла б у наступным месяцы даць плён і ў Беларусі. У прыватнасьці Брусэль і Вашынгтон мусяць згуртавацца вакол плянаў Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе ў справе каардынацыі працы тысячаў назіральнікаў у Беларусі. Кандыдатура Ганчарыка дае беларусам рэальны шанец пазбавіцца ад абрыдлага Лукашэнкі. Нельга дазволіць яму пазбавіць людзей гэткай магчымасьці».


XS
SM
MD
LG