Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВОЙ ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ ЛУКАШЭНКА АДЗНАЧЫЦЬ ПАД ЗАЛПЫ ГАРМАТАЎ ПАБЛІЗУ ЛІТОЎСКАЙ МЯЖЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Афіцыйная прапаганда падае вайсковыя вучэньні "Нёман-2001" як "экзамэн перад народам". Хаця мерапрыемства хутчэй падобна да экзамэну перад Лукашэнкам. Нездарма кульмінацыйныя падзеі прымеркаваныя да ягонага дня нараджэньня. Як вядома, калісьці ён загадаў, каб уся тэхніка ў арміі рухалася і страляў кожны пісталет.

На беразе Нёману абсталяваны камандны пункт для Аляксандра Лукашэнкі. Дачны пасёлак, які знаходзіцца побач, захілены камуфляжнымі сеткамі. З процілеглага берагу салдаты будуць пракладаць пантонную пераправу. У савецкі час гарадзенскі пантонны полк быў арыентаваны на захад, дый сёньня самая блізкая, апроч Нёману, вялікая рака — Вісла. Тэхніка ў пантанёраў, штопраўда, зусім ня новая.

Зрэшты, на вучэньнях будуць і новыя ўзоры зброі беларускай вытворчасьці. Напрыклад, стралковы прыцэл, які ўжо апрабаваў міністар абароны Леанід Мальцаў. Напярэдадні афіцыйнага пачатку вучэньняў ён правёў рэпэтыцыю. 9 тысяч вайскоўцаў, вялікая колькасьць баявой тэхнікі — гэта самыя маштабныя за 10 гадоў манэўры. Мэта беларускага рэжыму — паказаць сваю мілітарную моц суседнім краінам, Польшчы і Літве.

Асноўныя сілы на манэўрах — гэта часткі гарадзенскага 28-га армейскага корпусу, якія дысьлякуюцца ў дзьвюх заходніх абласьцях. Актыўна ўдзельнічаюць салдаты трох памежных атрадаў — Гарадзенскага, Лідзкага і Смаргоньскага. Упершыню за гады незалежнасьці набралі батальён рэзэрвістаў. Камандзіры вучаць падначаленых адбіваць атакі варожага палка, які раптам перайшоў мяжу. Або напад авіяцыі, якая, як пазначана на афіцэрскіх пляншэтках, наляціць зь Вільні.

Шмат часу аддаюць зьнішчэньню ўмоўных збройных бандаў. Вучэньні адбываюцца на падставе расейскага досьведу барацьбы з чачэнскімі паўстанцамі. Але ў Беларусі няма сваёй Чачэніі. Значыць, трэба было яе прыдумаць. Камандзіры вучаць змагацца з партызанамі — беларускімі грамадзянамі, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў. А якія меншасьці пражываюць каля польскай і літоўскай межаў — вядома.

Такім чынам, Аляксандар Лукашэнка 30-га жніўня правядзе вельмі ярка і маштабна.

Заўтра ж у Горадні будзе й іншы кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду — Уладзімер Ганчарык. Сёньня стала вядома, што гарадзкія ўлады не дазваляюць яму правесьці сустрэчу з выбарцамі на пляцы Леніна.

31-га жніўня адбудуцца яшчэ больш маштабныя вайсковыя гульні на іншым палігоне, паміж Слонімам і Баранавічамі. Папярэдне вядома, што Лукашэнка зьбіраецца і туды.


XS
SM
MD
LG