Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ СУДЗЯЦЬ УСІХ БЕЗ РАЗБОРУ – ЗУБРОЎЦАЎ, ШТАБОЎЦАЎ…


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Позвы ў суд атрымалі толькі тыя зуброўцы, якія сёньня ноччу падпісалі пратакол у міліцэйскім аддзяленьні. Яшчэ чацьвёра, якія разам зь імі трапілі да міліцыянтаў, адмовіліся адказваць на пытаньні і падпісваць пратаколы.

Гэтыя зуброўцы былі затрыманыя ўчора вечарам падчас правядзеньня акцыі "Хочам ведаць праўду". Іхныя лідэры назвалі яе найбольш значнай акцыяй магілёўскай арганізацыі за ўвесь час перадвыбарчай кампаніі. Каля 100 юнакоў і дзяўчат паселі на асфальт каля абласнога дыягнастычнага цэнтру. У руках яны трымалі партрэты Зьмітра Завадзкага, Віктара Ганчара, Юр'я Захаранкі ды іншых зьніклых.

Супрацоўнікі АМОНу змаглі захапіць толькі тых маладзёнаў, якіх літаральна вырвалі з ланцуга. Падчас акцыі пацярпела пазаштатная карэспандэнтка газэты "Наша свабода" Ірына Царова, якую моцна ўдарылі дубінкай. Міліцыянты не змаглі затрымаць іншых зуброўцаў, бо пасьля заканчэньня акцыі яны сабраліся ды арганізавана пакінулі плошчу.

Ціск з боку міліцыянтаў мацнее ня толькі што да зуброўцаў, але і ў дачыненьні да чальцоў ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка. Суд чакае намесьніка старшыні ягонага абласнога штабу Ўладзімера Шанцава. У яго ў Бялынічах канфіскавалі некалькі тысяч спэцвыпуску газэта "Народная воля", "Наша свабода", улёткі "Ваш голас будзе ўлічаны".

На думку міліцыянтаў, гэтыя газэты вырабленыя з парушэньнем заканадаўства, таму спадара Шанцава трэба пакараць. Гэты выпадак не адзінкавы. Практычна ў кожным раёне Магілёўшчыны затрымліваюць тых людзей, якія вязуць матэрыялы ў падтрымку Ўладзімера Ганчарыка.

Як сьцьвярджаюць актывісты ягонай групы, ім не даюць магчымасьці агітаваць за гэтага кандыдата на прэзыдэнта. Як стала вядома, міліцыянты Асіповічаў спрабавалі ўварвацца ў мясцовы офіс Уладзімера Ганчарыка пад выглядам праверкі пашпартнага рэжыму.

Як ужо ведаюць слухачы Радыё Свабода, такая ж сытуацыя 26 жніўня склалася ў Магілёве, аднак для захопу памяшканьня знайшлі іншую падставу. Валанцёры запатрабавалі адпаведных дакумэнтаў і адмовіліся адчыніць дзьверы. Пачакаўшы некалькі гадзінаў, міліцыянты зьехалі ў сваё аддзяленьне.

У Магілёве працягваецца паляваньне на ўладальнікаў маек з надпісам "Скажам дурню не". На вуліцах хапаюць людзей, якія носяць такія майкі ў пакетах. Відавочна, што з кожным днём перадвыбарчай кампаніі мацнее ціск на актывістаў ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка. Сёньня ў Магілёве затрымалі Віктара Ясюкевіча, які раздаваў буклеты кандыдата ў прэзыдэнты. Міліцыянты запатрабавалі ў яго пасьведчаньне чальца ініцыятыўнай групы і ў парушэньне артыкула 45 Выбарчага кодэксу канфіскавалі агітацыйныя матэрыялы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG