Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА ШТО ВЫБАРЦЫ ПЫТАЮЦЦА Ў ГАНЧАРЫКА?


Валер Каліноўскі, Менск

Акрамя сацыяльна-эканамічных праблемаў, якія маюць безумоўны прыярытэт у рэгіёнах, усё часьцей людзі цікавяцца, што будзе з Аляксандрам Лукашэнкам , калі да ўлады прыйдзе Ўладзімер Ганчарык. Спадар Ганчарык на гэта адказвае, што калі Лукашэнка не запэцканы ў крыві зьніклых, ня краў грошай з продажу зброі, асабіста ня ўдзельнічаў у іншых афэах, то ён будзе забясьпечаны як былы прэзыдэнт — а за эканамічныя пралікі караць яго нельга.

Некаторыя з выбарцаў наракаюць на тое, што Ганчарык ужо стары, час яму адпачываць на пэнсіі. "Не дачакаецеся, — кажа Ганчарык. — Стары конь баразны не псуе. Вы паглядзіце, хто кіруе ў Літве, Украіне, Азэрбайджане — людзі нашмат старэйшыя".

Калі пытаюцца, хто ён паводле веравызнаньня, Ганчарык адказвае: "Праваслаўны, заходжу ў царкву, але лічу, што ўсе канфэсіі павінны мець роўныя ўмовы і дзейнічаць у рамках Канстытуцыі. Нельга, каб была нейкая дзяржаўная царква".

Адзін мужчына спытаўся: "Вялейшчына трымае адно зь першых месцаў па самагонаварэньні. Што вы будзеце з гэтым рабіць?" Ганчарык адказаў: "Лазьню і самагонны апарат прыдумалі ня самыя дурныя людзі. Але трэба ведаць і меру ва ўжываньні моцных напояў, таму ў гэтым пытаньні патрэбная пасьлядоўная дзяржаўная палітыка, але дэкрэтам тут нічога ня зробіш".

На пытаньне "Што рабіць з вэртыкальлю?" спадар Ганчарык дасьціпна адказаў, што яе трэба перавесьці ў гарызанталь, каб мясцовых кіраўнікоў выбіралі грамадзяне, а прэзыдэнт меў права вызваляць іх за парушэньні.

Ва Ўладзімера Ганчарыка спыталіся таксама, ці захапляецца ён спортам. Той адказаў, што любіць плаваньне, але ня думае адразу ж будаваць па ўсёй краіне басэйны, і дакладна ён не зьбіраецца коўзацца на ролікавых каньках і лыжах па асфальце.

Нехта з маладых спытаўся: "Ці застанецца БПСМ?" — "Застанецца, але дзяржаўных грошай не атрымае," — адказаў Ганчарык.

(Спадар: ) "Ці запрашаеце вы сьвядомую частку жыхароў гораду сьвяткаваць вашу перамогу на выбарах на плошчы Незалежнасьці?"

(Ганчарык: ) "Мы ня толькі запросім вас усіх — мы адчынім гэтыя рэзыдэнцыі ды пакажам, што было й што стала. Вы ў гэтым пераканаецеся!"

Увогуле на сустрэчах адчувалася, што людзі засумавалі па такіх шчырых дыялёгах, хаця бачна было, што ня ўсе прысутныя падтрымліваюць менавіта Ганчарыка, ёсьць і прыхільнікі Лукашэнкі, і прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі.

Пытаньні з нэгатыўным падтэкстам былі часьцей у пэнсіянэраў, і Ўладзімер Ганчарык зьвярнуўся да іх: "Паважаныя вэтэраны, памятайце, што вы галасуеце ня столькі за сябе, колькі за моладзь. Ёй жыць далей, трэба думаць пра будучыню. А будучыні ў Беларусі з Лукашэнкам няма".

Збольшага выбарцы выглядалі задаволенымі выступам і адказамі Ўладзімера Ганчарыка:

(Спадар: ) "Вельмі добрыя ўражаньні. Буду галасаваць за Ганчарыка".

(Спадарыня: ) "А я супраць. І лічу, што Лукашэнка самы лепшы прэзыдэнт нацяпер. Цяпер пакуль няма чалавека лепшага за Лукашэнку".

(Карэспандэнт: ) "А вы чулі пра лёс Ганчара?"

(Спадарыня: ) "Такое можа быць пры любым прэзыдэнце. Ён не забіваў, я ў гэта шчыра веру".

(Іншая: ) "Магчыма, прагаласую за Ганчарыка".

(Карэспандэнт: ) "Як вы ставіцеся да таго, што яму 61 год і ён ідзе ў прэзыдэнты?"

(Спадарыня: ) "Для мужчыны, я думаю, гэта росквіт інтэлектуальны, і калі ён фізычна здаровы, а я думаю, што ён такі, то ён зусім не стары чалавек. Самы ўзрост — калі ўжо і вопыту жыцьцёвага дастаткова, і ўсяго іншага. Я лічу, што ў 40–45 гадоў яшчэ шмат юнацкага максымалізму, нейкіх замашак. А гэты ўзрост — сьпелы".

(Іншая спадарыня: ) "Я лічу, што добра і цяпер жыць. Ціха, спакойна, няма вайны. У нас у Беларусі можна яшчэ жыць".

(Малады чалавек: ) "Я сам прадпрымальнік, і ўсіх сваіх супрацоўнікаў запрасіў і нават раней адпусьціў з працы, каб яны прыйшлі паслухалі. І ўсе мае сябры будуць супраць Лукашэнкі галасаваць".

Гэта былі выбарцы з Маладэчна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG