Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІНІСТАР ХВАСТОЎ ЗАЯВІЎ, ШТО ЗАХАД ПАТРАБУЕ ЗАШМАТ АД "МАЛАДЫХ ДЭМАКРАТЫЯЎ"


Юры Сьвірко, Менск

Беларускае МЗС ня бачыць парушэньня закону з боку Генадзя Зюганава й Уладзімера Жырыноўскага, якія агітавалі за Аляксандра Лукашэнку ў дзень затрыманьня грамадзяніна ЗША Робэрта Фільдынга.

Адмяніўшы свой візыт у Менск, дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Жэрар Студман гэтак патлумачыў прычыну адмовы наведаць Беларусь перад выбарамі: "Дагэтуль ніводная зь дзяржаваў-удзельніц АБСЭ ня ўмешвалася так актыўна ў дзейнасьць місіі БДІПЧ што да назіраньня за выбарамі".

Сёньня на маю просьбу гэтую заяву спадара Студмана пракамэнтаваў беларускі міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў:

(Хвастоў: ) "Беларусь ня ўмешваецца ў дзейнасьць БДІПЧ. Беларусь патрабуе, каб падыходы Беларусі ўлічваліся ў дзейнасьці БДІПЧ. І гэта ўсё".

(Карэспандэнт: ) "Сёньня Вы будзеце сустракацца зь віцэ-прэзыдэнтам Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ. Чаго Вы чакаеце ад гэтай сустрэчы?"

(Хвастоў: ) "Пазытыўных падыходаў. Безумоўна, мы разумеем, што гэта палітычная фігура, якая будзе ажыцьцяўляць назіраньне на тэрыторыі Беларусі ад Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, — я б сказаў, ключавая такая фігура. І ўдачыненьні да назіраньня на Беларусі мы б хацелі абмеркаваць тыя пытаньні, якія ўжо ёсьць — да правядзеньня выбараў і да тых працэсаў, якія разьвіваліся".

Міхаілу Хвастову як кіраўніку дыпляматычнага ведамства я задаў пытаньне й наконт нядаўняе дэпартацыі зь Беларусі амэрыканскага грамадзяніна Робэрта Фільдынга, якога абвінавацілі ў агітацыі за Ўладзімера Ганчарыка.

(Карэспандэнт: ) "Чаму ўсё ж Фільдынга дэпартавалі, а Зюганава й Жырыноўскага — не? Наадварот, прымаюць добра..."

(Хвастоў: ) "Я ня ведаю. Відаць, што Філдынг вёў сябе ня так, як трэба было б на тэрыторыі Беларусі. Мне так сказалі, што ёсьць прэс-рэліз Камітэту дзяржаўнае бясьпекі, які растлумачвае тыя прычыны, з нагоды якіх ён быў дэпартаваны, — умяшальніцтва ва ўнутраныя справы".

(Карэспандэнт: ) "А МЗС такога з боку Жырыноўскага й Зюганава ня бачыць?"

(Хвастоў: ) "Не".

Спадар Хвастоў сёньня браў удзел у канфэрэнцыі з нагоды 10-годзьдзя Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Там абмяркоўваліся й пытаньні выбараў у Беларусі. Выканаўчы сакратар СНД Юры Яраў зазначыў, што ўпершыню на гэтыя выбары будуць накіраваныя назіральнікі ад СНД — не ад асобных дзяржаваў, а ад усёй Садружнасьці.

(Яраў: ) "Упершыню мы кансалідаваную думку нашых назіральнікаў ад СНД прапішам і вынесем на суд грамадзкасьці. Ці будзе яна адрозьнівацца ад думкі іншых арганізацыяў? Ня ведаю. Ня ўпэўнены, бо мы нічога не прадбачым".

(Карэспандэнт: ) "А ці шмат назіральнікаў дасылае СНД на беларускія выбары?"

(Яраў: ) "14 пакуль. Я буду пятнаццатым", — паведаміў Юры Яраў, выканаўчы сакратар СНД.

А беларускі віцэ-прэм'ер Міхаіл Хвастоў заявіў, што ня бачыць супрацьстаяньня паміж назіральнікамі ад СНД і ад краінаў Захаду. Праўда, спадар Хвастоў адразу ж сказаў:

(Хвастоў: ) "Я, працуючы амбасадарам у Канадзе, нідзе ў заканадаўстве краіны не знайшоў, што нацыянальнае заканадаўства дапускае мажлівасьць запрашэньня міжнародных назіральнікаў. Нідзе гэтага няма! І я спрабаваў удакладніць цягам трох гадоў маёй працы, ці запрашала гэтая краіна калі-небудзь міжнародных назіральнікаў. Мне так ніхто й не пацьвердзіў. Гэтаксама як мы не знайшлі, ці было запрашэньне з боку ўраду ЗША — БДІПЧ узяць удзел у назіраньні за выбарамі прэзыдэнта ЗША".

Міхаіл Хвастоў дадаў, што "старыя дэмакратыі" патрабуюць ад "маладых дэмакратыяў" выкананьня "загадзя завышаных стандартаў". Гэтае меркаваньне міністра замежных справаў Беларусі прагучала пасьля заявы дзяржаўнага сакратара ЗША Коліна Паўэла наконт беларускай сытуацыі.

XS
SM
MD
LG