Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАФЭСАР РЭЙНЭР ЛІНДНЭР: БЕЛАРУСЬ І РАСЕЯ ПА-РОЗНАМУ БАЧАЦЬ АБ’ЯДНАЎЧЫ ПРАЦЭС


Алена Панкратава, Менск

Калі ўзяць апошнія нататкі навукоўцаў з Канстанцы, то яны выйшлі пад недвухсэнсоўным назовам: "Масква ў пошуках альтэрнатывы Лукашэнку". Дасьледчыкі зьвяртаюць увагу на тое, што напярэдадні верасьнёўскіх выбараў расейская і беларуская канцэпцыя аб'яднаньня дысануюць паміж сабой як ніколі.

Адрозна ад Менску, Масква вельмі скупая на рыторыку адносна важнасьці стварэньня расейска-беларускага саюзу, яна ўсё больш зьвяртае ўвагу на магчымыя фінансавыя страты ў выніку падобнага аб'яднаньня, а таксама скептычна выказваецца наконт супрацоўніцтва зь лідэрам, чые словы і ўчынкі далёка не заўсёды можна спрагназаваць.

У колах гэтак званых саветолягаў Райнэр Лінднэр вядомы як аўтар дзясятку кнігаў пра Беларусь, адзін з кіраўнікоў нямецка-беларускага таварыства і арганізатараў Менскага форуму. Гэты форум на працягу апошніх гадоў праходзіць у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB) і заўсёды зьбірае аўтарытэтных удзельнікаў як зь нямецкага, так і зь беларускага боку.

Аднак пачнем размову з пытаньня: на чым грунтуюцца меркаваньні спадара Лінднэра і ягоных калегаў, што Масква шукае альтэрнатыву Лукашэнку?

(Лінднэр: ) "Справа ў тым, што апошняя сустрэча Лукашэнкі з Пуціным прайшла вельмі халодна. Расейскія СМІ надавалі вельмі мала ўвагі гэтай падзеі, назіральнікі былі вельмі асьцярожныя ў выказваньнях. Ніхто, вядома, не выключае, што на асабістым узроўні адносіны паміж лідэрамі маглі нават ніяк не зьмяніцца, аднак Пуцін прыслухоўваецца да Захаду.

Апошнім часам расейскі кіраўнік ніяк не дэманструе сваіх сымпатыяў да беларускага калегі і знаходзіцца пад уплывам патрабаваньняў Захаду. Сытуацыя надзвычай адрозная ад той, што была ўвосень 1996-га, калі пуцінскі папярэднік Ельцын фактычна санкцыянаваў канстытуцыйны путч у Менску.

Характэрна, што і расейскі лідэр, і ўкраінскі прэзыдэнт Кучма паводзяць сябе зь беларускім кіраўніком зусім ня так, як гэта назіралася ў часе "Славянскага базару" ў Віцебску. І Расея, і Ўкраіна зараз шукаюць сабе партнэраў на Захадзе і, зразумела, зарыентаваныя на іншыя альянсы. Захаду ж трэба дэманстраваць сваю прыхільнасьць да дэмакратычнага шляху. Таму ствараецца ўражаньне, што расейскі і ўкраінскі лідэры сьвядома трымаюць дыстанцыю што да Лукашэнкі".

(Панкратава: ) "Дасьледчыкі з унівэрсытэту ў Канстанцы вылучаліся найбольш дакладнымі прагнозамі адносна беларускай сытуацыі. Вы, напэўна, маеце адказ на пытаньне: хто пераможа ў верасьні?"

(Лінднэр: ) "Хто можа выйграць на выбарах — гэта пытаньне з галіны прагнозаў. Жыцьцё заўсёды ўносіць карэктывы ў самыя аргумэнтаваныя меркаваньні.

Калі разглядаць цяперашнія паводзіны Лукашэнкі, то кідаецца ў вочы, што ён надзвычай знэрваваны. Лукашэнка адчувае ціск Захаду, ён увесь час думае, як захаваць вотум даверу. У Беларусі ён ня можа як раней кантраляваць сытуацыю. Сытуацыю ўскладняе цяжкі эканамічны стан.

Аднак пры гэтым я лічу, што ў вёсцы ён па-ранейшаму мае вялікі адсотак прыхільнікаў. Беларуская правінцыя, зыходзячы са сваёй мэнтальнасьці, ня бачыць нікога лепшага за Лукашэнку на гэтай пасадзе. Апанэнтаў-дэмакратаў гэтая катэгорыя насельніцтва ніяк не ўспрымае.

Акрамя таго, ня трэба выключаць такога істотнага фактару як нацыяльнае тэлебачаньне — апошні час яно паказвае выключна беларускага лідэра. З другога боку, расейскія мэдыі, мэдыі заходніх краінаў, а таксама беларускія альтэрнатыўныя СМІ пастаянна артыкулююць, што канцэпцыя Лукашэнкі не адпавядае патрабаваньням, якія ставяцца перад цывілізаванымі краінамі, што рэжым Лукашэнкі выйшаў за межы дапушчальных нормаў".

(Панкратава: ) "Калі зыходзіць з таго, што Лукашэнка зможа перамагчы ў першым туры, што паводле выказваньняў вашых жа палітолягаў будзе азначаць, што беларускія выбары ня былі "free and fаіr", якую лінію ў дачыненьні да Беларусі будзе праводзіць Нямеччына?"

(Лінднэр: ) "Застаецца спадзявацца, што дыпляматычныя дачыненьні захаваюцца. Канечне, умовы для таго, каб выбары праходзілі свабодна й празрыста, ня вельмі спрыяльныя. Аднак мы ведаем і іншыя краіны — Украіну, Расею, дзе выбары таксама не былі свабоднымі і сумленнымі.

Калі пераможа Лукашэнка, можна меркаваць, што дыпляматыя прызнае яго законным прэзыдэнтам, адбудуцца перамовы на ўзроўні міністраў, усталюцца поўныя дыпляматычныя дачыненьні паміж дзяржавамі. А гэта ў першую чаргу важна як для супрацоўніцтва ў гуманітарнай сфэры, так і для эканамічных кантактаў, якія апошнім часам знаходзяцца на спадзе.

Канечне, пэўная дынаміка ў эканамічнай галіне можа настаць у тым выпадку, калі беларускі лідэр прадэманструе сваю гатоўнасьць да рэформаў. Ёсьць надзея, што Лукашэнка зацікаўлены ў разьвіцьці кантактаў зь немцамі. Са свайго боку, мы будзем разьвіваць гэтыя кантакты. Толькі пры разьвіцьці супрацоўніцтва можна разьлічваць, што такім чынам можна прынесьці карысьць вашым людзям".


XS
SM
MD
LG