Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР АБАРОНЫ ЛІТВЫ: НАШЫЯ МАНЭЎРЫ НЕЛЬГА ПАРАЎНОЎВАЦЬ ЗЬ БЕЛАРУСКІМІ


Ганна Соусь, Вільня

(Карэспандэнтка: ) "Практычна ў адзін і той жа час у Літве і ў Беларусі ладзяцца вайсковыя манэўры. Аляксандар Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што беларускія вучэньні ёсьць, так бы мовіць, адказам на манэўры краінаў Балтыі й НАТА на тэрыторыі Літвы.

Спадар міністар, чым, на вашу думку, так напалохалі манэўры "Бурштынавая надзея 2001" Аляксандра Лукашэнку? Дзеля чаго яны ладзяцца?"

(Лінкявічус: ) "Чым маглі напалохаць? Трэба спытацца ў беларускага кіраўніцтва... Гэтыя манэўры ладзяцца з 1995 году, яны традыцыйныя. Будуць распрацоўвацца апэрацыі й прыёмы міратворчых апэрацыяў. Гэта ня мае нічога агульнага з апэрацыямі абарончага тыпу.

І гэта ня НАТА — гэта мы ладзім гэтыя вучэньні. 14 краінаў удзельнічаюць, амаль 2900 салдатаў. Наколькі я ведаю, у Беларусі — утрая больш. Параўноўваць нашы й беларускія манэўры нельга — ні паводле маштабу, ні паводле характару, ні таму, што гэта нейкі адказ. З нашага боку ніякага адказу ды намаганьняў убачыць нешта дрэннае ў суседа сапраўды няма".

(Карэспандэнтка: ) "Ці запрошаныя на "Бурштынавую надзею 2001" назіральнікі зь Беларусі?"

(Лінкявічус: ) "Так, мы запрасілі. Наколькі мне вядома, 2 вайсковыя назіральнікі будуць прысутнічаць. Нашы таксама будуць прысутнічаць у часе манэўраў "Нёман 2001".

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Лінкявічус, а колькі будуць каштаваць гэтыя манэўры літоўскім падаткаплатнікам?"

(Лінкявічус: ) "Яны абыходзяцца недзе ў 1мільён 800 тысяч літаў. Гэта ня так многа. Недзе 1 мільён вернецца назад, таму што многія дзяржавы самі плацяць за ўдзел у вучэньнях".

(Карэспандэнтка: ) "Ці будуць прысутнічаць на манэўрах высокія асобы Літвы?"

(Лінкявічус: ) "Прэзыдэнт возьме ўдзел у адкрыцьці. Прыедуць больш як 100 высокіх гасьцей — многа са штабоў НАТА, нашы суседзі — з Польшчы, Латвіі й Эстоніі, канечне. Дэлегацыі з Чэхіі, з Нацыянальнай Гвардыі ЗША. З радасьцю адзначу, што адбудзецца першы візыт у Літву адмірала Валуева — камандуючага Балтыйскага флёту з Калінінграду".

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Лінкявічус, ці будзе пэўным чынам скарэктаваная праграма манэўраў "Бурштынавая надзея 2001" у сувязі зь беларускімі вучэньнямі? Ці не чакаеце Вы нейкіх правакацыяў зь беларускага боку?"

(Лінкявічус: ) "У нас традыцыйна вучэньні ладзяцца на двух палігонах, таму што ў нас іх увогуле нямнога. Пабрадэ — самы вялікі, Рукла — крыху меншы, але вельмі важны, таму што там месьціцца вучэбны цэнтар. Такім чынам, у нас проста й выбару няма. А вось якія намеры мае беларускі бок, я не хачу пра гэта разважаць. Спадзяюся, што яны ня маюць пэўных задніх думак. Я спадзяюся на гэта..."

(Карэспандэнтка: ) "Аляксандар Лукашэнка нядаўна гаварыў пра мілітарызацыю Літвы, пра тое, што нібыта будучае сяброўства вашай краіны ў НАТА можа быць пагрозай для бясьпекі Беларусі..."

(Лінкявічус: ) "У нас хопіць цярплівасьці тлумачыць нашыя мэты, паказваць, што мы робім, паколькі нічога няма, што магло б быць накіравана супраць іншых дзяржаваў, ня кажучы ўжо пра суседзяў. Проста мы хочам стабільнасьці вакол Літвы".

XS
SM
MD
LG