Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КВАТЭРУ АКТЫВІСТКІ БЕРАСЬЦЕЙСКАГА ШТАБУ ГАНЧАРЫКА ЎВАРВАЛІСЯ ЎЗБРОЕНЫЯ ЛЮДЗІ Ў МАСКАХ І ПРАВЯЛІ ПЕРАТРУС


Алег Супрунюк, Берасьце

Вялiкая група ўзброеных людзей, пяцёра зь якiх былi ў масках, уварвалася ў кватэру, якая належыць настаўнiцы адной зь берасьцейскiх школаў Алене Ляпешцы. Гаспадынi кватэры ў гэты час не было ў хаце. Дзьверы адчынiў ейны брат – Мiхась Рудзько, якога ўзброенныя незнаёмцы адразу аштурхнулi ўбок да сьцяны. У хаце знаходзiўся таксама Мiкола Новiк, карэспандэнт радыё "Балтыйскiя хвалi", на якога надзелi кайданкi. Чалавек, апрануты ў форму супрацоўнiка мiлiцыi, паведамiў, быццам бы па тэлефоне атрыманыя зьвесткi, што ў гэтую хату завезьлi зброю. Пасьля чаго незнаёмцы пачалi вобыск.

Калi зьявiлася гаспадыня кватэры, ёй было загадана не выходзiць з аднаго з пакояў. Усе пытаньнi cпадарынi Ляпешкі на конт законасьцi дзеяньняў i падставаў для правядзеньня вобыску засталiся без адказу. Узброенныя людзi таксама адмовiлiся называць структуры, да якiх яны належаць. У якасьцi сьведкаў былi прыцягнутыя мужчыны, якiя прыехалi разам з групай у мiлiцэйскай машыне.

Адметна, што пошук зброi спынiўся адразу пасьля таго, як гэтыя асобы ўбачылi перадвыбарчыя плякаты i буклеты Ўладзiмера Ганчарыка, а таксама адмысловы выпуск расейскай газэты "Прэзыдэнт". Прагледзеўшы гэтую лiтаратуру ўдзельнiкi вобыску пераканалiся, што ўся друкаваная прадукцыя выраблена ў адпаведнасьцi з законам i мае выходныя дадзеныя. Тым не менш на разьвiтаньне незнаёмцы ўзялi па адным асобнiку i прымусiлi Мiхася Рудзько падпiсаць так званую справаздачу, якую склалi самi ўдзельнiкi вобыску.

Сёньня ўжо вядома, што ў пракуратуру Ленiнскага раёну Берасьця, на тэрыторыi якога знаходзiцца кватэра Алены Ляпешкi, нiхто не зьвяртаўся для атрыманьня санкцыi на вобыск. У берасьцейскiм штабе Ўладзiмера Ганчарыка паведамiлi, што будуць патрабаваць паўнавартаснай праверкi гэтага iнцыдэнту i прыцягненьня да адказнасьцi ўсiх, хто меў да яго дачыненьне.


XS
SM
MD
LG