Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСЕЙСКАЯ ПРЭСА ЎСЁ БОЛЬШ СКЕПТЫЧНА ПІША ПРА ЛУКАШЭНКУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Газэта “Московская правда” ў артыкуле “Бацька – лішні” зьвяртае ўвагу, што ў Кіеў, дзе ва ўрачыстасьцях з нагоды 10-х угодкаў незалежнасьці Ўкраіны бралі ўдзел прэзыдэнты Расеі, Польшчы і Македоніі, ня быў запрошаны Аляксандар Лукашэнка. Газэта лічыць, што “для Аляксандра Рыгоравіча гэта дрэнны знак. Вельмі дрэнны.”

Цытуючы сьвяточную прамову Пуціна, у якой прэзыдэнт Расеі рабіў заявы накшталт “Будучыня Расеі і Украіны – гэта будучыня дзьвюх эўрапейскіх дзяржаваў” і падкрэсьліваючы, што візыт расейскага прэзыдэнта ў Кіеў – чацьвертая за апошні месяц сустрэча Леаніда Кучмы і Уладзімера Пуціна, газэта робіць выснову: гэта “можна лічыць эпітафіей на надмагільным камяні расейска-беларускага сяброўства. Прынамсі, ў тым экстрэмальным выглядзе – заўтра як аб”яднаемся! – што найбольш імпанаваў афіцыйнаму Менску”.

Так піша “Московская правда” і дадае: “Пуцін стаміўся любіць аўтсайдэра Лукашэнку, цяпер мы будзем сябраваць з нармальнай дэмакратычнай дзяржавай – Украінай. Лукашэнка вельмі хацеў атрымаць знак з Масквы з нагоды верасьнёўскіх выбараў. Ён яго атрымаў”, - лічыць “Московская правда”.

Шанцы на верасьнёўскіх выбарах беларускай апазыцыі, якая вылучыла адзіным кандыдатам на прэзыдэнты Уладзімера Ганчарыка, аналізуе газэта “Коммерсант-Власть”. Вось выснова, да якой прыходзіць аўтарытэтнае расейскае выданьне:

“Нават калі Лукашэнка і здолее, абапіраючыся на моц дзяржаўнай машыны, забясьпечыць выгодныя для сябе вынікі галасаваньня, будучыя выбары ў любым выпадку стануць ягонай паразай. Ад непрадказальнага беларускага лідэра ўжо адвярнулася значная частка намэнклятуры. Насельніцтва ўжо бачыць, што ў прэзыдэнта, які яшчэ ўчора падаваўся нязьменным, ёсьць разумная альтэрнатыва. Лукашэнка ня будзе больш “усенародным бацькам”. А таму ў выпадку ягонага пераабраньня на пост кіраўніка дзяржавы наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца хутчэй за ўсё не праз пяць гадоў, а нашмат раней – няўдалая ў 1996 годзе спроба апазыцыі арганізаваць імпічмэнт цалкам можа атрымацца зараз.”

Такую вэрсію магчымага разьвіцьця падзеяў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў выкладае аналітык расейскай газэты “Коммерсант-Власть” Генадзь Сысоеў.У гэтым жа артыкуле разглядаецца і афіцыйная пазыцыя Масквы адносна беларускіх выбараў. Канстатуючы, што Крэмаль заняў пазыцыю чаканьня, не падтрымаўшы адкрыта Лукашэнку і не зрабіўшы кроку ў бок падтрымкі апазыцыі, “Коммерсант-Власть” выказвае сваё меркаваньне:

“У зыходзе адыёзнага саюзьніка павінна быць зацікаўленая Расея..., і Расея павінна пасьпяшацца. Згодна з праведзенымі ў Беларусі апытаньнямі, пачынаючы з 1996 году там назіраецца ўстойлівы рост антырасейскіх настрояў. Палітолягі тлумачаць гэта тым, што многія беларусы, незадаволеныя рэжымам Лукашэнкі, зьвязваюць захаваньне ім сваёй аўтарытарнай улады з падтрымкай з боку Масквы. Тое ж назіралася і ў Югаславіі апошнімі гадамі кіраваньня Мілошавіча.” Так піша расейская газэта “Коммерсант-Власть”.

XS
SM
MD
LG