Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВАЛЕРЫ КЕЗ: БАЖЭЛКА І МАЦКЕВІЧ ДАМАГАЛІСЯ АД ЛУКАШЭНКІ АРЫШТУ СІВАКОВА І ШЭЙМАНА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зноў вельмі скептычна паставіліся да чарговага відэапасланьня пра таямніцу зьнікненьня Ганчара і Красоўскага ў сілавых органах. Галоўная падстава недаверу — асобы людзей на відэастужцы.

Паводле загадчыка цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КГБ Фёдара Котава, чалавек, які называе сябе супрацоўнікам аддзелу па абароне канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам Генадзем Угляніцам, напраўду "на Генадзя Ўгляніцу не падобны".

(Котаў: ) "Я не пазнаў Угляніцу, хаця я яго добра ведаю".

(Карэспандэнт: ) "А такі аддзел ёсьць ва ўпраўленьні КГБ па Менскай вобласьці?"

(Котаў: ) "Па абароне канстытуцыйнага ладу? Канечне, ёсьць, абавязкова".

(Карэспандэнт: ) "І Ўгляніца ў ім працуе?"

(Котаў: ) "Так, дакладна".

(Карэспандэнт: ) "А другі — ён назваўся Жарнасекам?"

(Котаў: ) "Не, другога я ўвогуле ня ведаю".

Зазначу, што спадар Котаў не заяўляе катэгарычна, што чалавек на стужцы — не Ўгляніца, а кажа, што яго не пазнае. Кажа, што ўзрост і колер валасоў прыкладна тыя ж, але дрэнная якасьць відэастужкі перашкаджае добра разгледзець твар. Да таго ж Котаву на час гэтай заявы не ўдалося знайсьці самога Генадзя Ўгляніцу, каб удакладніць у таго, ці ён гэта.

"Я аддаў загад, каб Угляніца са мной зьвязаўся, але пакуль яго не знайшлі", — сказаў Радыё Свабода Фёдар Котаў з КГБ.

Мне знайсьці супрацоўніка КГБ Генадзя Ўгляніцу таксама не ўдалося — у менскім упраўленьні КГБ з журналістамі размаўляць ня хочуць.

З асобай другога зьнятага на стужцы чалавека, які назваў сябе Андрэем Жарнасекам, пэўнасьці ня больш. Яго ведаюць у апазыцыйным асяродку як сталага наведніка апазыцыйных мерапрыемстваў, аднак рэпутацыя ягоная не найлепшая. Кажуць, што гэтага былога вайскоўца выганялі з усіх дэмакратычных арганізацыяў, у якія ён уступаў. Кажуць, усё з-за падазрэньняў, што Жарнасек выконвае нейкія даручэньні спэцслужбаў. Між тым, пэўных доказаў ніхто не падае. І ўсё ж тыя, хто ведае Андрэя Жарнасека, не выключаюць, што зь ягоным імем будзе зьвязаная нейкая правакацыя.

Пры дэталёвай праверцы некаторыя зьвесткі са стужкі сапраўды падаюцца сумнеўнымі. Прыкладам, большасьць з апытаных спэцыялістаў выключыла, каб супрацоўнікі КГБ бязь ведама свайго кіраўніцтва займаліся расьсьледаваньнем справы Ганчара й Красоўскага. Але і рабіць прафэсійна нейкае самастойнае расьсьледаваньне, на думку спэцыялістаў, немагчыма.

Прэсавы сакратар МУС Дзьмітры Партон, прыкладам, выключыў магчымасьць таго, каб супрацоўнікі КГБ маглі браць у Партызанскім РАУС прылады для пошукаў у зямлі мэталу ды іншага абсталяваньня. "Яны экіпіраваныя лепш за нас, а неафіцыйна ніхто нікому нічога ня дасьць", — запэўніў прэсавы сакратар МУС. Пры гэтым ён пацьвердзіў, што ў Бягомельскім раёне ёсьць частка ўнутраных войскаў. "Гэта ўсім вядомая частка. Там спэцназаўцы здаюць іспыты на атрыманьне ганаровага званьня "крапавага барэта", — заявіў Дзьмітры Партон.

Зь іншага боку, частка прыведзеных на касэце зьвестак выглядае цалкам праўдападобна. Гэтак, пасьля заяваў аўтараў стужкі дэманструецца паласа выпрабаваньняў, зьнятая быццам бы побач з часткай пад Бягомлем, дзе нібыта забілі Ганчара і Красоўскага. Асабіста мяне зьдзівіла, што паласа выпрабаваньняў у вельмі занядбаным стане, што дзіўна, калі ўявіць, што яна належыць частцы ўнутраных войскаў. Аднак падпалкоўнік вайсковага спэцназу ў адстаўцы Ўладзімер Барадач мяркуе, што гэта цалкам магчыма, бо дысьлякацыя падобных аб'ектаў часта мяняецца.

Што ж да асноўнай вэрсіі зьнікненьня Ганчара й Красоўскага, якая палягае ў тым, што гэтых людзей скраў "эскадрон сьмерці" на чале са Зьмітром Паўлічэнкам, то гэтая вэрсія сёньня знайшла пацьверджаньне з вуснаў былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава і генэрал-маёра КГБ ў адстаўцы Валер'я Кеза.

Васіль Лявонаў спаслаўся ў сваёй заяве на былога генэральнага пракурора Алега Бажэлку, а Валеры Кез — на экс-старшыню КГБ Уладзімера Мацкевіча. Яны кажуць, што нібыта Бажэлка і Мацкевіч сабралі доказы віны людзей Паўлічэнкі ў выкраданьні й забойстве Ганчара і Красоўскага, і дамагаліся арышту Сівакова і Шэймана, якія давалі загад гэта зрабіць, але за злачынцаў заступіўся Аляксандар Лукашэнка, і Паўлічэнка апынуўся на волі, а Бажэлка з Мацкевічам ў адстаўцы.

"Мы чакалі, што яны загавораць самі, як абяцалі, але яны маўчаць, і мы цяпер паведамляем тое, што ведаем ад іх", — кажуць Васіль Лявонаў і Валер Кез.

(Лявонаў: ) "А сэнс расповяду такі. Эскадроны сьмерці створаныя Сіваковым на базе спэцпадразьдзелаў. Спачатку створаныя, каб прыбраць крымінальных аўтарытэтаў, потым — багатых прадпрымальнікаў. Прычым, паводле заяваў Бажэлкі, грошы давалі й Сівакову. А потым ішло далей. Загад на зьнішчэньне палітычных дзеячоў даваў Шэйман".

А вось што распавёў былы чэкіст Валеры Кез:

(Кез: ) "Уладзімер Мацкевіч разам з Алегам Бажэлкам трапляюць да прэзыдэнта і з дапамогай дакумэнтаў, якія былі ў іх на руках, спрабуюць пераканаць яго ў неабходнасьці затрыманьня Сівакова і Шэймана, а потым вырашэньня далейшых дзеяньняў на выпадак, калі знойдуць зьвесткі, якія пацьвердзяць дачыненьне іхнае да злачынстваў. Прэзыдэнт не прымае ніякага рашэньня, затое ў той жа дзень робіцца спроба вызваліць Паўлічэнку з ізалятару КГБ".

P.S. Паводле апошняй інфармацыі, КГБ Беларусі ня здолеў устанавіць месца знаходжаньня свайго супрацоўніка Генадзя Ўгляніцы. Як паведамляе агенцтва Інтэрфакс, пачынаючы зь вечара ў нядзелю Г.Угляніца пакінуў сваю кватэру і зьнік.

XS
SM
MD
LG