Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЙКЛ КОЗАК ПРА НІКАРАГУАНСКА-БЕЛАРУСКІЯ ПАРАЛЕЛІ


Сяргей Шупа, Прага

Сёньняшні агляд друку прысьвячаецца невялікай дыскусіі, якая завязалася на старонках брытанскай газэты The Guardian. У аўторак на гэтым тыдні ў разьдзеле лістоў у рэдакцыю была надрукаваная рэпліка нейкага Марка Олманда, які вінаваціць газэту ў палітыцы падвойных стандартаў. Олманд спасылаецца на дзьве няўдаўнія публікацыі, у адной зь якіх The Guardian смуткуе з прычыны вяртаньня да ўлады ў Вашынгтоне Эліота Абрамса, замешанага ў колішнім скандале Іран-Контрас, а ў другой на наступнай старонцы – хвалячы амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака зусім ня згадвае і ягонае дачыненьне да антысандынісцкай кампаніі. «Ці трэба нам чакаць 15 гадоў, перш чым вы напішаце з абурэньнем пра злачынствы людзей Буша-малодшага ва Ўсходняй Эўропе, так, як пішаце цяпяр пра ліхадзействы людзей Буша-старэйшага ў Лацінскай Амэрыцы?» - пытаецца ў газэты Марк Олманд.

У сёньняшнім нумары The Guardian зьмяшчае адказ амбасадара Козака. «Што датычыць паралеляў паміж Нікарагуа 1989-90 гадоў і сёньняшняй Беларусьсю – я прызнаю сваю віну – піша Майкл Козак. – Нашая мэта і ад нейкай ступені мэтадалёгія застаюцца тыя самыя. Тады мы працавалі з уладаю сандыністаў, Арганізацыяй Амэрыканскіх Дзяржаваў, іншымі краінамі рэгіёну і з былым Савецкім Саюзам – каб заахвоціць улады правесьці свабодныя, справядлівыя і празрыстыя выбары.

Сёньня мы працуем з Арганізацыяй Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе, Асацыяцыяй арганізатараў выбараў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе і краінамі-ўдзельніцамі АБСЭ, улучна з краінамі Эўразьвязу, з мэтай заахвоціць беларускія ўлады даць апазыцыі хоць бы мінімальны доступ да прэсы і забясьпечыць празрыстасьць працэсу падліку галасоў.

Дванаццаць гадоў таму мы тлумачылі нікарагуанскай апазыцыі, што найлепшы спосаб дасягнуць сваіх палітычных мэтаў ­ узяць удзел у мірным выбарчым працэсе, сёньня мы даем тыя самыя парады апазыцыі ў Беларусі, – піша амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.

Наколькі мне вядома, былы прэзыдэнт Нікарагуа Артэга, у адрозьненьне ад Марка Олманда, ніколі ня ставіў пад сумнеў вынікі прайграных ім выбараў, якія лічыў цалкам справядлівымі. І цяпер ён карыстаецца выгодамі ўсталяванай тады сыстэмы, будучы галоўным кандыдатам на наступных выбарах.

Нашая мэта ў Беларусі – як і мэта іншых краінаў АБСЭ – дапамагчы Беларусі распрацаваць такую выбарчую сыстэму, якая б адпавядала міжнародным стандартам, якія Беларусь абавязалася выконваць, калі далучылася да АБСЭ. Калі такая сыстэма будзе створаная, дык тады толькі ад беларускіх выбарцаў, а не ад мяне ці ад сп. Олманда, будзе залежаць – хто будзе кіраваць краінай наступныя некалькі гадоў».

Гэткі быў адказ амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака на закіды аўтара ліста ў рэдакцыю газэты The Guardian Марка Олманда, які закідае Козаку правядзеньне брудных палітычных апэрацыяў дзесяць гадоў таму ў Нікарагуа і цяпер у Беларусі.

Застаецца толькі зьвярнуць увагу на асобу самога Марка Олманда. Хвілінны пошук у Інтэрнэце даў вынікі, якіх можна было спадзявацца. Марк Олманд узначальвае гэтак званую Брытанскую Гельсынкскую Групу Правоў Чалавека. Гэтая арганзіацыя, якая падкрэсьлівае, што ня мае ніякага дачыненьня да Міжнароднай Гельсынкскай Фэдэрацыі, на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя пасьлядоўна выступае ў падтрымку посткамуністычных рэжымаў, баронячы іх з выразна лявацкіх антызаходніх пазыцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG