Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА – ЧАЛАВЕК, ЗЬ ЯКІМ ЛЕПЕЙ НЯ ЗЬВЯЗВАЦЦА


Сяргей Шупа, Прага

«Аляксандар Лукашэнка ­ чалавек, зь якім лепей ня зьвязвацца. Аўтарытарны беларускі прэзыдэнт – гэта выкапень з тых часоў, калі крывавы кат Іосіф Сталін быў яшчэ дзяржаўным дзеячом. І Лукашэнка шмат чаго ў яго навучыўся. Як некалі «сталёвы» грузін Іосіф Вісарыёнавіч Джугашвілі, гэтак сёньня і Лукашэнка думае, што няважна хто каго выбірае. Важна толькі тое, хто падлічвае галасы. А тут якраз сядзіць самаўпэўнены маньяк, які не без падставы баіцца паўтарыць лёс Слабадана Мілошавіча, аднак ён сядзіць на даўжэйшым суку, бо мае ўладу.

Колішні дырэкатр саўгасу нішчыць рэшткі прававой дзяржавы, насылае на апазыцыю эскадроны сьмерці, душыць нешматлікія незалежныя сродкі інфармацыі. Яго абсела камарылья, якая безразважна і бессаромна выконвае ягоныя загады. Лукашэнка кіруе згалелай, атручанай Чарнобылем краінай пад паўночнакарэйскім дэвізам: ізаляцыя любым коштам. Такім чынам і прызначаныя на пачатак верасьня выбары становяцца фарсам.

Аднак асаблівая трагічнасьць цяперашняга паходу да урнаў будзе палягаць у тым, што Лукашэнка набярэ бальшыню галасоў і безь ніякага фальшаваньня. Гэты чалавек стварыў атмасфэру страху і рэпрэсіяў, у якой людзі нагэтулькі занятыя барацьбой за выжываньне, што для свабоднага палітычнага волевыяўленьня за адсутнасьцю вартай даверу інфармацыі не існуе ніякай магчымасьці.

Шанцы Захаду выкарыстаць непасрэдны ціск на Лукашэнку мізэрныя: гэты прэзыдэнт не падатны на разважныя парады. Адзіны, каго яшчэ слухае Лукашэнка ­ расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. І для яго добрыя дачыненьні з Эўразьвязам мусілі б быць важнейшыя за падтрымку зьнямоглага рэжыму на расейскім Захадзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG