Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РОБЭРТУ ФІЛЬДЫНГУ ЗАБАРАНІЛІ ЎЕЗД У БЕЛАРУСЬ НА 5 ГАДОЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сюжэт пра гэтыя падзеі паказала ў нядзелю Беларускае тэлебачаньне ў праграме "Рэзананс". Улады абвінавацілі амэрыканца ў агітацыі за Ўладзімера Ганчарыка і нават у тым, што ён рыхтаваў адхіленьне Аляксандра Лукашэнкі ад улады.

У суботу атрымаць поўную інфармацыю пра Робэрта Фільдынга мне не ўдалося. Дзяжурныя абласной міліцыі і КГБ адмовіліся штосьці паведаміць. Як высьветлілася пазьней, амэрыканец у той момант якраз знаходзіўся ў будынку КГБ.

Толькі ў Свабодным прафсаюзе, куды ён прыяжджаў, мне паведамілі наступнае. У сераду спадар Фільдынг быў у Лідзе, а ў чацьвер — у Горадні. Памяшканьне прафсаюзу ён пакінуў позна ўвечары. Болей яго там ня бачылі й пра канфлікт з КГБ нічога ня ведалі.

Апроч прафсаюзнай вучобы, амэрыканец удзельнічаў у праграме "Выбірай!", таксама паведамілі ў Свабодным прафсаюзе. Гэтая праграма, як вядома, ня мае дачыненьня да агітацыі за канкрэтнага кандыдата, ейная мэта — заахвоціць выбарцаў галасаваць у дзень выбараў і заклікаць як мага больш людзей прыйсьці на ўчасткі.

Робэрт Фільдынг спачатку знаходзіўся ў Менску. І відавочна, што за ім сачыў сталічны КГБ. У абласным КГБ сёньня мне ўдалося даведацца наступнае. Раніцай у суботу ў прыватны гатэль "Маналіт", дзе жыў амэрыканец, прыйшлі міліцыянты. Яго даставілі ў абласны аддзел візаў і рэгістрацыі. А потым завялі ў абласную ўправу КГБ, якая знаходзіцца побач. Там яго пратрымалі да 6-ці гадзінаў вечара — штопраўда, пакармілі, прывозілі яму абед. Увечары на машыне КГБ яго завезьлі ў гатэль, каб ён мог сабраць свае рэчы. А затым памежнікі пасадзілі яго на польскі цягнік.

Як вядома, прадстаўніку Амэрыканскай фэдэрацыі працы на 5 гадоў забаранілі ўезд у Беларусь. У амэрыканскай амбасадзе мне паведамілі, што рыхтуецца адмысловая заява наконт выдаленьня з краіны Робэрта Фільдынга.

XS
SM
MD
LG