Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗВОЛЬНЕНЫЯ Ў 1995 ГОДЗЕ ЗА СТРАЙК МЭТРАПАЛІТЭНАЎЦЫ СПАДЗЯЮЦЦА НА ГАНЧАРЫКА


Міхал Стэльмак, Менск

Абнародаваньне адзіным кандыдатам плянаў абароны працоўных правоў звольненых мэтрапалітэнаўцаў, як зазначыў Уладзімер Макарчук, атрымала ў іхным асяродзьдзі гучны розгалас. Гэтым, як лічыць прафсаюзны лідэр, будзе адноўленая справядлівасьць і пастаўленая кропка ў адной з найярчэйшых старонак гісторыі змаганьня беларускіх рабочых за свае правы.

Уладзімер Макарчук шэсьць гадоў таму ўзначальваў Свабодны прафсаюз мэтрапалітэну і быў, паводле ягоных словаў, у эпіцэнтры падзеяў, зьвязаных з гвалтам над удзельнікамі страйку. А ўчыніла гэты гвалт каманда Аляксандра Лукашэнкі.

(Макарчук: ) "У першы ж дзень страйку на менскім мэтрапалітэне туды прыехаў прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта спадар Даўгалёў. Ён адразу ж пачаў запалохваць, што калі мэтрапалітэнаўцы ня спыняць страйку, то будзе разагнаны ўвесь мэтрапалітэн. І цалкам набяруць новыя кадры. А ўсіх астатніх звольняць. Пра гэта ведаў і прэзыдэнт.

Інакш кажучы, страйк ужо кантраляваўся не адміністрацыяй мэтрапалітэну альбо кіраўніцтвам гарвыканкаму. Усе далейшыя дзеяньні кантралявала адміністрацыя прэзыдэнта", — прыгадаў тагачасныя падзеі Ўладзімер Макарчук.

Справакавала ж страйк рабочых, паводле ягоных словаў, грубае парушэньне адміністрацыяй мэтрапалітэну калектыўнай дамовы. Гэтае парушэньне падтрымалі ўлады. Спыніць пратэст рабочых яны вырашылі гвалтоўным чынам — супраць бяззбройных мэтрапалітэнаўцаў накіравалі міліцыю. Былі арышты, суды, якія прызналі пратэст рабочых незаконным.

Вынікам гэтага сталася масавае звальненьне — 58 рабочых улады выкінулі на вуліцу. Для двух зь іх гвалт меў трагічны вынік. Астатнія рабочыя вось ужо шэсьць гадоў, паводле словаў Уладзімера Макарчука, спадзяюцца на аднаўленьне справядлівасьці. Яны чакаюць перагляду гэтай справы — прызнаньня іхнага звальненьня незаконным, аднаўленьня працоўнага стажу і вяртаньня, хто пажадае, на ранейшую працу.

Надзеі звольненых мэтрапалітэнаўцаў, паводле словаў Уладзімера Макарчука, зьвязаныя з абраньнем новага прэзыдэнта:

(Макарчук: ) "І таму мы вітаем заяву, якую зрабіў спадар Ганчарык. Нас абнадзейвае, што пры выбраньні яго прэзыдэнтам справядлівасьць будзе адноўленая. Бо спадар Ганчарык дагэтуль ня раз зьвяртаўся і да генэральнага пракурора, і да старшыні менскага гарвыканкаму, і да прэзыдэнта Беларусі з просьбай аднавіць на працы звольненых, але яны не прыслухаліся да яго", — зазначыў Уладзімер Макарчук.

XS
SM
MD
LG